xxx

/ Аляксей РАГУЛЯ: Агул

/ Аляксей РАГУЛЯ: Агул

Вялікае, кажуць мудрыя, бачыцца на адлегласці. Часцей за ўсё — на адлегласці часу. А калі больш дакладна — дык «па часе», запознена. Ці не тое ж адбылося з нацыянальным адраджэнскім рухам у ХХ стагоддзі? Няўжо сусветныя войны, сатанінскія сацыяльныя эксперыменты, фабрыкі смерці, тэрарызм, глабальнае спустошанне жыццёвай прасторы з’яўляюцца абавязковай заканамернасцю эвалюцыі чалавека разумнага?

І чаму б, хоць і па часе, сучаснаму чалавеку не задумацца над пытаннем: якім шляхам магла б пайсці еўрапейская гісторыя ў залітым крывёю ХХ стагоддзі, калі б будучыню планаваў, кажучы словамі Я.Купалы, «вялікі сход», агул суверэнных народаў, а не тайныя змовы Вялікага інквізітара з Вялікім злодзеем? Два апошнія — гэта з мастацкіх твораў, адпаведна Ф.Дастаеўскага і К.Чорнага. Калі ж заглянуць у генезіс глыбей, дык убачым папярэджанне аб пагрозе, пакінутае нашчадкам продкамі з таго далёкага часу, калі ўся чалавечая культура была чалавеку роднай, па-цяперашняму — народнай. Вось тады супольны чалавечы розум, які выдатныя філосафы пазней справядліва назвалі Абсалютным духам, убачыў страшную пагрозу на гістарычнай дарозе чалавека — вялікага Змея-злодзея. Было гэта ў часы, якія вучоныя абазначылі як эпоху неалітычнай аграрнай рэвалюцыі. Рэвалюцыя цягнулася на працягу тысячагоддзяў. Відаць, ёсць больш падстаў для таго, каб эпоху фарміравання земляробчага календара назваць эпохай эстэтычнай эвалюцыі чалавека. Тады якраз Зямелька-маці ўскарміла чалавека і дала яго зроку і слыху новыя сілы, каб бачыць і чуць хараство зямнога быцця. Тады і сфарміраваліся асновы фальклорнай «рэчавай» эстэтыкі. Сёння вучоныя людзі яе нанова адкрываюць — ужо як эстэтыку фенаменалагічную.

Пройдзе няшмат часу, і вучоныя прызнаюць, што гуманістычны прагрэс знаходзіцца ў непасрэднай залежнасці ад узроўню фалькларызацыі культуры. Не ўсе плямёны і этнасы пачулі ў свой час «голас Зямлі», не ўсе сталі творцамі вартых чалавека форм жыцця. Знайшліся такія, што за ўзор існавання выбралі мадэль Цмока — жыць з разбою, жыць вайною. На зары цывілізацыйнага развіцця чалавецтва стаяла на ростанях дарог Каіна і Авеля.

У крывавым, паводле дактрыны В.Быкава, тумане ХХ стагоддзя не кожнаму па сіле ўбачыць, хто па-сапраўднаму свой чалавек, а хто ў двукоссі «свой» і ў двукоссі «чалавек». Знайшлiся і «купленыя прарокі», названыя чамусьці філосафамі, якія высмеялі абсалютную чысціню ідэалаў, мараль­насць, хараство і тых, хто намагаецца адшукаць у жыцці нейкі сэнс. А знайсці яго неабходна, бо інакш глабальная катастрофа немінучая. Адшукаць жа чалавечы сэнс можна ў кнізе чалавечага быцця — у гісторыі сацыягенезу і культурагенезу. Гэты вопыт адлюстраваны ў вялікай Кнізе духоўнага станаўлення — у сукупным тэксце земляробчага календара. Сёння ён завецца народная культура.

У другой палове ХХ стагоддзя рассяляненая беларуская вёска змагла даць нацыі яшчэ адно пакаленне народнай інтэлігенцыі — настаўнікаў і творцаў. Гэтая праслойка і ўзяла на сябе адказнасць за захаванне, трансляцыю і развіццё народнай культуры. Уся праца вядзецца ва ўмовах масіраванай атакі з боку глабалізаванай індустрыі маскультуры, больш дакладна — антыкультуры. Тым не менш вопыт праекта «Танцавальны фальклор і дзеці», які дзейнічае ў комплексе прынятай «Дзяржаўнай праграмы па захаванні і падтрымцы народнага мастацтва, народных промыслаў і рамёстваў у Рэспубліцы Беларусь», павінен быць ацэнены і асэнсаваны па магчымасці не «па часе», а сёння. Гэты вопыт разняволіў і скіраваў на шлях творчасці і з’яднаў у адзін агул усіх удзельнікаў працэсу — настаўнікаў, вучняў, даследчыкаў. Перад намі жывы ўзор творчага плёну працы акадэмічнага Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, БДУ культуры і мастацтваў, настаўнікаў школ і кіраўніцтва ў галіне адукацыі тых раёнаў, у якіх адміністрацыі паставіліся  прыхільна да эксперыменту. Мы тут маем справу з вопытам, значэнне якога выходзіць за межы нацыянальнай адукацыі. Людзей нашага часу аб’яднае ў новае чалавецтва не т.зв. «папса», на якую сёння працуе магутная індустрыя абясцэньвання, а агульначалавечыя каштоўнасці народнай культуры. Аўтар праекта Мікола Козенка зыходзіць у сваёй працы з атрыбутыўнай уласцівасці беларускага танца: пры наяўнасці адцэнтрабежнай і дацэнтрабежнай дынамікі перавагу мае другая. Такая паэтыка адлюстроўвае склад нацыянальнай ментальнасці: праграма паводзінаў беларуса «гарантуе стабільнасць, устойлівасць, душэўную раўнавагу, разам з тым і жыццёвы дабрабыт». Музыка і маторыка беларускага народнага танца фармуе пачуццё ўпэўненасці асобы ў грамадскім прызнанні яе годнасці, непаўторнай каштоўнасці і неабходнасці ў структуры соцыума. Дынаміка танца, пачынаючы з інтэнцыі, закладзенай у строях, сцвярджае ідэю невычэрпнасці магчымасцяў духу, далучанага да таямніцы касмічнага быцця. На фоне прапанаванага М.Козенкам варыянта фальклорнай харэаграфіі для дзяцей і юнацтва асабліва выразна бачыцца брутальны індывідуалізм  г.зв. «сучаснага» масавага танца.



Прынцып «чалавек — гэта цэлы свет», характэрны для народнай культуры,  вызначыў гуманістычны напрамак духоўнага жыцця беларускай нацыі ў ХХ стагоддзі. Найбольш плённа гэты падыход сёння дзейнічае ў мастацкай літаратуры, бо сама беларуская мова з’яўляецца носьбітам людскасці ў краі. Выхаваная ў духу народнага халістычнага (цэласнага) светаўспрымання педагагічная інтэлігенцыя праявіла сваю самастойнасць у здольнасці актыўнага непрыняцця дэканструктывізму. Мусіраванне афіцыйнай педагогікай пагоні за найноўшымі «тэхналогіямі» занадта часта канчаецца нівеліроўкай, а то і перакрэсліваннем асобы педагога,  пазбаўленага грунту, на якім будуецца духоўная повязь з выхаванцамі. У выніку ў сённяшнім пакаленні маладых настаўнікаў ёсць нямала такіх, што не валодаюць культурай зносін з вучнямі.

Патрэба ў смелым звароце да гісторыка-культурнай рэальнасці і разрыву з афіцыёзнымі канцэпцыямі народнай культуры ўжо даўно адчуваецца ў працах У.Конана. У апошні час філосаф рэзка крытыкуе «магільшчыкаў» — заснавальнікаў канцэпцыі адмірання фальклору. У працы «Беларускі фальклор як мастацкая сістэма: праблемы актуалізацыі, эстэтыкі і паэтыкі» зыходны тэзіс даследчыка можа быць узяты як прынцып сучаснага комплекснага даследавання: «Адбываюцца ўзаемадзеянне і ўзаемапранікненне фальклору і прафесійнай мастацкай творчасці».

Беларускі фальклор — народная мудрасць — сёння жыве ў лепшых дасягненнях найноўшага часу. Зрэшты, «нефармальныя» педагогі і творцы ніколі не супрацьпастаўлялі сапраўдную народнасць у фальклоры і прафесійнай творчасці ды ніколі не прымалі г.зв. «афіцыйную народнасць» і г.зв. «культуру для народа».

…Так узрастае духоўная сіла нацыі, здольнай уплываць на станаўленне чалавечага агулу ў культурным рэгіёне.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).