/ Алеся ЛАПІЦКАЯ: Up into the cherry tree

/ Алеся ЛАПІЦКАЯ: Up into the cherry tree

Аўтобус для эвакуяваных ехаў вузкай горнай дарогай. Спераду плакала нейкая малеча, ззаду, здаецца, смяяліся, а кабета побач распавядала другой, што ў мястэчку ейнае цёткі ўжо асталяваліся чужыя жаўнеры. Муна не далучалася да размовы і, як большасць, моўчкі глядзела ў вакно, трымаючы на руках немаўля. Пад дарогай быў круты адхон, зазіраць у які было страшна, асабліва калі голле кустоў і вершаліны невысокіх дрэўцаў накідваліся на аўтобус і хвасталі бакі ды дах, быццам злосныя на  з’яўленне гэткай няўклюды. Горы наводдаль, за логам, здаваліся чорна-сінімі, скала побач мела ўжо не колішні светла-жоўты, а шэры колер, і немагчыма было разгледзець накінутай на яе зеленаватай сеткі, што трымала адколатыя каменьчыкі.

Дзіця прачнулася позна. Муна спусціла яго з зацеклых рук на суседняе месца і аправіла ішабу: хлопчык заўсёды спаў у яе на каленях, бо парэнчы між крэсламі не апушчаліся, і ён быў ужо надта вялікі, каб змесціцца на адным… Кабета была стомленая, хлопчык — хворы, але ён такі пачаў перабіраць складзеныя ў палатняную торбачку фінікі, выкладаючы іх па адным у матчыну далонь. Неўзабаве Ахаз заўважыў уверсе цьмяную лямпачку, працягнуў да яе пальчыкі, быццам наважваючыся схапіць у далонь святло, і засмяяўся яму са здзіўленнем і захапленнем, быццам яно было яму найлепшым сябрам. Тады Муна, крыху ўсцешаная, паказала сыну маленькую драўляную цацку і хутка заціснула яе ў кулак, і Ахаз спачатку стаў жвава рассоўваць ейныя пальцы, а пасля напружыўся, прыціснуўся да маці і спалохана закрычаў. «Зноў пялюшкі,» — роспачна падумала Муна, але чамусьці загле­дзелася на цёмна-бліскучыя фінікі —  і ўпершыню за некалькі дзён згадала даліну фінікавых пальмаў — зграбных ажурных пальмаў з стрэлкамі пёрыстых лістоў, якія, калі закідваеш галаву, здаюцца ад сонца хутчэй залатымі, чым зялёнымі, а нябёскі блакіт зіхотка ліецца скрозь лістоту… Яшчэ некалькі дзён таму Ахаз тупаў там побач з ёю, цікаўна мацаў касматы пальмавы камель, а яна казытала малога лісцінкаю па шчацэ, і ён залівіста смяяўся…

Чапляючыся за спінкі крэслаў, жанчына прайшла ў сярэдзіну аўтобуса, дзе на прыступках перад дзвярыма стаялі два мяхі — з чыстымі ды бруднымі пялюшкамі — і  рэзка біў у нос гідкі пах. Вяртаючыся, Муна прыпынілася ля знаёмай кабеты — тая ехала з трыма малымі — і змрочна сказала ёй:

— Зноў.

— Піць, — адгукнулася тая. — Піць, не менш за чатыры кэці на дзень.

Ахаз за гэта час не выпіў і адной бутэлечкі…

— Тады кропельніцу. Бо зусім млявы. Уночы прыедзем у лагер — там мае быць лекар. І парашок…

Муна кіўнула і адышла: на гэтай пакручастай дарозе яе саму часам пачынала нудзіць. Ля свайго крэсла жанчына яшчэ раз падсунула малому смакталку, але той зрабіў толькі некалькі глыткоў. «Млявы, вельмі млявы, — падумала яна. — І скура зеленаватая…» Муна ціха пагладзіла смуглявы лоб. Хлопчык зноў засынаў.

* * *

Ён прачнуўся яшчэ праз дзве гадзіны — калі на дарозе пацішэла і машыны адно зрэдку раз’юшанымі сабакамі выбягалі з-за кута банка, і заснежаная паркоўка пад іхнім домам была скрэсленая вензелямі ад колаў, а чорныя прастакутнікі асфальта (ад машын, што нядаўна з’ехалі) падаваліся ў спалучэнні з гэтымі васьмёркамі й завіткамі фрагментам авангарднай карціны… Джэйн узяла малога на рукі, і яны разам глядзелі ўніз, на мяккае сёння святло ліхтароў, на мітуслівае мільгаценне шыльды суседняга супермаркета, на насцярожанае пераміргванне сігналізацыйных жучкоў за лабавымі шкламі аўтамабіляў. Кабета была стомленая, хлопчык — хворы, таму хутка яны селі на цёплую падлогу, на дыванок з коцікам, што пішчыць, і птушкай, што ціўкае, і паспрабавалі гуляцца. Вілі ласкава ўсміхаўся катку і чакаў, пакуль ён мяўкне яшчэ. Джэйн, ўсцешаная, няўклюдна патэпала да малога вясёлым Мікі. Вілі спачатку адсоўваў цацку ад сябе, а пасля сцяўся, прытуліўся да маці і спалохана заплакаў. «Заўтра замовім яшчэ памперсаў…» — сумна падумала кабета, але чамусьці загледзелася на Мікі: хросная прынесла яго Вілі, калі малому споўніўся год, і спачатку мышанё лічылася звычайнай цацкай. Пасля ж выявілася, што лялька спявае вядомую дзіцячую песеньку…

Джэйн згрэбла малога, крэмік, прысыпку, пачак вільготных сурвэтак і непрамакальную пялюшку і, кінуўшы ў сметнік кузурку сапсаванага памперса, затэлефанавала педыятру. Лекарка прыемна ўпэўніла яе, што ўсё ОК, галоўнае — болей піць, але ранкам яна абавязкова прыйдзе праверыць малюту. Джэйн, супакоеная, дала тому малінавае суспензыі — і ён праглынуў яе паслухмяна, з нейкай старэчай пакорай — пасля зрабіла спецыяльнай гарбаткі, узялася паказваць сыну малюнкі з чытанкі, і хлопчык ізноў заснуў, заціснуўшы ў далоньцы ейны вялікі палец…

Джэйн паклала малое ў электракалыску, выключыла святло, і на столі расквітнелі блакітныя флюарэсцэнтныя зоркі… З шклянкай яблычнага соку яна сядзела ля лядоўні, і вочы лянотна прабягалі па радках на пакунку — пра найспелую садавіну, унікальны смак ды правільны выбар — і ад гэтых зацяганых словаў павявала ўтульнасцю, пэўнасцю. Толькі вось плечы балелі, быццам куткі крэкера, якія хтосьці акуратна надломвае з абодвух бакоў… Варта было запрасіць Луізу, мужаву пляменніцу, — здаецца, цяпер у яе вакацыі, — тая заўжды любіла бавіцца з малым, тым больш, для яе даўно ляжыць вузкаваты джэмпер, набыты аднойчы ў дысконтнай краме. «Выдатная ідэя,» — стомлена падумала Джэйн і пайшла ў дзіцячы пакойчык складаць цацкі ды сцяліць сабе ложак.

* * *

Асцярожна, каб не пабудзіць малое, кабета вызваліла адну руку і пацягнулася да пакунка з праснакамі. Але раптам аўтобус здрыгануўся, захроп і спыніўся — добра, што ўтрымаў раўнавагу, праўда й схіл тут быў спадзісты… Хтосьці прачнуўся, пачуліся воклічы, адзін з кіроўцаў саскочыў з аўтобуса, і кабеты насцярожана сцішыліся. Следам выбег другі, зменны, і праз колькі хвілін мужчыны вярнуліся разам.

— Кола. Рамантаваць доўга. Усе выходзяць, першыя — тыя, што сядзяць ззаду. Ідзем сцежкай уверх, да світанку прыйдзем. Вакол спакойна. З дзецьмі — наперадзе, з немаўлятамі — следам. Валізкі ва ўсіх падпісаныя? У каго не — сабрацца ля багажу…

Муна захутала дзіця ў ізар — ужо даволі цяжкое, каб несці яго такім чынам, — але трэба было ісці, ісці ў мястэчка, ісці ў лагер, каб Ахазу паставілі кропельніцу, каб ён ачуняў… Кабета апранула наверх цяжкую ваўняную кісу і памацала хлапчуковую спінку: яна была ліпнючай ад млявага халоднага поту, і Муна зноў збянтэжана падумала, што трэба хутчэй ісці, але хтосьці стаў шукаць згубленае малое, кіроўцы забавіліся каля торбаў…

Ісці было няпроста: дарожка была не стромкай, затое шмат вывівалася і забірала даволі часу ды сілаў; ногі стамляліся, усярэдзіне было горача, і халоднае паветра абпальвала грудзі. Муна адчувала праз адзенне, як часам скурчваецца малое і як у ягоным страўніку штосьці шыпіць, скуголіць ды грукоча… Хутка на iзару з’явілася плямка колеру айвы, але спыніцца было неяк, і Муна адно сунула сыну ваду, якую ён піў неахвотна і мала. Але трэба было ісці, ісці, не зважаючы на стому ды роспач, адганяючы іх, ісці і прыціскаць да сябе дзіцёнка, каб той не змёрз …

* * *

Малы яшчэ спаў, за акном было цёмна. Джэйн выключыла будзільнік, сунула Вілі ў раток бутэльку, ён выпіў зусім трошкі, нібы з далікатнасці ды ўдзячнасці за клопат, і зморана выпусціў з вуснаў смакталку. «Ранкам прыйдзе лекарка, пагутарыць, усё ОК, пакуль — нармалёва, звычайная інфекцыйная хвароба,» — з уздыхам падумала жанчына і, каб крыху прыбадзёрыць сябе, мякка, нібы котка, пацягнулася пад коўдрай…

Яе крыху здзівіла, што мужа не ўзрушыла хвароба сына — зрэшты, калі Даўбт тэлефанаваў апошнім разам, ягоны голас быў надта заклапочаны й ціхі… Джэйн ніколі не пыталася ў мужа пра ягоныя справы і месцазнаходжанне: гэткія размовы былі непажаданыя, але праз два-тры тыдні адсутнасці ён звычайна вяртаўся — шчаслівы, з прыўзнятым настроем, і яны разам гуляліся з Вілі, ездзілі па супермаркетах, вячэралі ў рэстарацыях, а пасля зноў даводзілася чакаць… Яна добра разумела, што праз неабходнасць чакання, немагчымасць штовечар быць разам між імі амаль няма сварак і побытавых прычэпак, і яна працягвае яго моцна кахаць, і ён застаецца для яе вельмі жаданым. Але без мужа было адзінотна, і менавіта таму Вілі нарадзіўся так рана, у ейныя 23 гады…

* * *

Стомленыя кабеты гушкалі малых, крычалі на старэйшых дзяцей, ладкавалі на падлозе ложкі з рыззя, а Муна праціскалася паміж імі, блукала неасветленымі калідорамі, грукала то ў пустыя, то ў зачыненыя кабінеты. Ахаз спаў і дыхаў гэтак ціха й лёгка, што ёй рабілася вусцішна… Зрэшты, кабета знайшла людзей, што працавалі ў школе-лагеры — тыя хутка распакоўвалі якіясь кардонавыя скрыні.

— Мне патрэбны лекар, — звярнулася яна да жанчыны, што ся­дзела бліжэй да дзвярэй, і пачала распавядаць, што два дні, якія яны ехалі ў аўтобусе, хлапчуку было зусім млосна…

— Лекар цяпер у іншым лагеры, ён там вельмі патрэбны, разумееце, — жанчына заклапочана паглядзела ў вочы Муны. — Мы пашлём па яго, і зранку, магчыма, ён прыйдзе. У якім вы памяшканні?

— Я магу пабыць тут, у калідоры, — са спадзёвам адказала Муна, але адзін з мужчынаў адразу запярэчыў:

— Нам яшчэ не хапала бязла­дздзя, пачакайце на сваім месцы, бо змерзнеце.

І кабета ля дзвярэй пачала доўга запісваць імя, прозвішча, былое месца жыхарства…

Дзверы былі белыя, але пашкрэбаныя, і касыя шэрыя рысы на іх утваралі усё тыя ж горы і нейкія расхістаныя драбіны, якія хутка пачалі расплывацца… Муна ціха зачыніла гэтыя дзверы, але ейныя плечы калаціліся, твар зрабіўся гарачым ад слёз, і яна спынілася ля вакна, спіной да чорнай глыбіні калідора. Яна была пэўная, што тут, у лагеры, Ахаза адразу агледзяць, зробяць кропельніцу, дадуць ёй з тузін парадаў, і нават не ўяўляла, што ўсё гэтае можна адкласці, адтэрмінаваць, перанесці. Хлопчык па-ранейшаму не прачынаўся, не прасіў ейных гру­дзяў, шчочкі былі прахалодныя, — Муна гладзіла яго па маленькай галоўцы і адчувала сябе жахліва нязначнай, бездапаможнай… О, каб быў тут ейны муж, ён бы так бліснуў вачыма, што тыя людзі адразу прывялі лекара… І яна раптам ледзь не самлела ад думкі, што калі там лекар вельмі патрэбны, то і ейны муж мог апынуцца там, што кожную хвіліну яго могуць забіць,  і тады яна вернецца ў дом свайго бацькі і доўга будзе жыць адна… І яшчэ даражэйшым зрабіўся ёй сын, і яшчэ большую мізэрнасць адчула яна…  

Прачнулася яна ці то ад голаду, ці то ад енку малога — але калі схілілася над сынам, ён нават не паспрабаваў прыўзняцца, не ўсміхнуўся, не пацягнуўся да яе. Хлопчык быў безуважны, і ягоныя вочы крыху закочваліся назад. Кабеце здалося, што яму зусім блага, яна ўсхапілася і, яшчэ не ачомаўшыся, пабегла калідорам, абмінаючы сонных дзяцей, кабет з вадой ці вузельчыкамі, нетутэйшых мужчынаў у вузкіх нагавіцах ды кашулях нязвыклага крою, на рукавах якіх чырванеў крыж. Але дзверы, трэція ад акна, за якімі ўчора яна знайшла людзей, былі зачыненыя…

* * *

Ранак усё адно быў даволі ўтульны, утульны цёплай кавай і пахам яешні, прыемнасць якіх асабліва адчуваецца, калі на вуліцы халодна і волка… Джэйн памешвала мюслі і паглядала на Вілі, які перабіраў складзеныя ў бліскучую торбачку смактушкі, выкладаючы іх па адной у матчыну далонь. Кашы ён з’еў зусім мала, але хутка мелася прыйсці лекарка, і каб залішне не турбавацца, Джэйн уключыла тэлевізар… Па Discovery паказвалі нястомных ратавальнікаў кошак, на наступным канале ўсмешлівая вядучая ток-шоў чакала нясціплых адказаў. Выпадкова Джэйн натрапіла на навіны: бадзёры голас распавядаў пра эскалацыю напружання, павелічэнне кантынгента, зачысткі і замацаванне,– Джэйн уздыхнула па мужу і амаль націснула наступную кнопку, але раптам буйным планам убачыла кабету ў ішабу, якая трымала загорнутае ў брудныя пялюшкі немаўля — і штосьці знаёмае, здаецца, было ў кабеціных вачах, і нейкая колкая думка ледзь не працяла Джэйн — але па экране забегалі вясёлыя мульцяшкі, ухваляючы сок «ОК», і жанчына пераключыла на кошак, клапатліва зірнуўшы на Вілі…
 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).