№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Алесь СКРЫДЛЕЎСКІ: Ч***А
…Мова заўсёды ўсё расстаўляе на свае месцы. Праўда, часу на тое ды і чалавечых лёсаў не шкадуе. Але што ёй, мове, з таго, калі яна была, ёсць і будзе?.. Тым больш — у такім краі, як гэты.
Мне пры сустрэчы з ім нават сваю адняло — і амаль паўгода словамі апісаць яго не мог. Ды і цяпер не ўпэўнены, што атрымаецца… І ў каго, падкажыце, тое атрымалася: апісаць месца, якое б магло быць раем Адаму і Еве? Якое нават найсучасны фотаздымач скапіяваць не можа. Якое нават мастакі перамаляваць не здолелі. А тут — словамі…
Дык у каго ж тое атрымалася? Хіба што часткова ў мясцовых паэтаў? Але й ім — не ў крыўду — напэўна, дых і мову займала перад тым прыгоствам: на тэрыторыі з беларускую вобласць столькі ўсяго сабрана-надорана — на зямлі, у небе і вадзе, ушыркі і па вертыкалі.
А ў каго з нетутэйшых?.. Паэт Джордж Гардон Байран канстатаваў уражанне прозай: «У момант нараджэння нашай планеты самая прыгожая з сустрэчаў зямлі і мора адбылася ў ***[падаецца назва краіны]. Калі сеяліся жамчужыны прыроды, на гэтую зямлю выпала цэлая прыгаршня». Бернард Шоу шчыра пісаў адсюль жонцы: «Вітаю цябе з найпрыгажэйшага кутка свету». А ў «гарыстага» Уладзіміра Высоцкага вырвалася прызнанне-шкадаванне:
Мне одного рожденья мало,
Расти бы мне из двух корней…
Жаль, *** [падаецца назва
краіны] не стала
Второю родиной моей.
Дык — у каго ж?..
Не нарадзілася яшчэ на зямлі чалавека, які б мог условіць-паўтарыць гэты выдатны тэкст Стваральніка.
Условіць і ўславіць Чарнагорыю-Montenegro.
Хоць, зрэшты, чаму Чарнагорыю, калі мова заўсёды ўсё расстаўляе на свае месцы? Чаму ўслед за збіральна-недахопным расійскім **и-я (…Германия, Турция…) паўтараецца Чарнагорыя, калі ёй удосталь і не амножанага свайго: Црна Гора, Чорная Гара?
Ёй то дастаткова і не амножанага, але ж колькі там гор! І якіх! І мая «бязгорная» мова хоча перадаць сваю захопленасць у адпаведнай назве: ЧАРНАГОРШЧЫНА. (…Нямеччына, Турэччына…)
Хочацца верыць, што беларуская мова паспрыяла незалежнасці Чарнагоршчыны, прынамсі — яе абезкамунізванню. Бо як упісаць у беларускі слоўнік колішнюю Югаславію, калі мова заўсёды ўсё расстаўляе на свае месцы і калі юг ёсць толькі поўднем? І рассыпалася тое слова, як і Сацыялістычная Федэратыўная Рэспубліка Югаславія...
Упершыню не паверылася там, што краявід краіны ўплывае на характар насельнікаў. Маўляў, горцы — ваяўнічы, наравісты, каменны народ. Чарнагорцы — ці не самыя мірныя, сяброўскія, лагодныя людзі. Краявід адлюстраваўся ў іхнім моватворстве. Краявід вады і гор. Для нас, лесавікоў, палешукоў, тое дзіўнавата: так не заўважаць (і не паважаць) у мове дрэвы! Ды якія дрэвы: лаўры, алівы, пальмы, магноліі, мімозы, эўкаліпты, алеандры, бамбук, гранаты, бугенвіліі, інжыр (яго завуць смоквай), нават ківі! Тут — недалёка ад Старога Бару — у аліўкавым гаі расце самае старое дрэва Еўропы, якому больш за дзве тысячы гадоў! Тым не менш, усё хваёвае, напрыклад, завецца па-чарнагорску црногорица — як далепак да каменных хмарачосаў. А дубок у іх азначае… глыбокі (глыбіня, адпаведна — дубина). Як марская ілюстрацыя…
Краявід не толькі адлюстроўваўся ў чарнагорскім моватворстве, але і пісаў яго гукавыя нормы ды арфаэпічныя правілы. Краявід сціснуў раскоцістае чор-на-я у спрасаванае црна (дзяр-жа-ву ў државу і пад.). Так, гарысты чарнагорскі (сербскі, харвацкі, балгарскі) краявід выціснуў са славянскіх слоў галосныя гукі — як сок з вінаграду. І блукаючы па тутэйшых гарах — баішся, каб яны — як каменныя жорны ягаду алівы — не выціснулі і з цябе жыццёвы сок галоснасці.
Зрэшты, Чарнагоршчына-Montenegro не заўсёды так называлася. Дваццаць чатыры стагоддзі назад — гэта рымская правінцыя Далмація. Пятнаццаць стагоддзяў таму — славянская дзяржава Дукля. У 1042 годзе пад Барам дуклінскі князь Ваіслаў разбіў візантыйскае войска — і Княства Дукля першым з балканскіх земляў стала незалежным ад Візантыі. І займела новую назву — Зета. Ад назвы прытоку сваёй асноўнай рачной артэрыі Морача. І толькі ў сярэдзіне пятнаццатага стагоддзя назва Чорная Гара выцясняе Зету. У той жа час тут утвараецца і свая аўтакефальная праваслаўная царква. І тады ж прыкладна (1493 год) на тэрыторыі Чарнагоршчыны засноўваецца першы друкарскі дом — першы на Балканах, — дзе выдаваліся царкоўныя кнігі на кірыліцы.
Цяпер жа яна — кірыліца — раствараецца ў агульнай лаціне. Чаго не скажаш пра чарнагорскую мову, якую — выбачаюся — напачатку паўсюдна прымаў за сербскую. Раней як афіцыйная мова краіны быў прыняты іекаўскі дыялект сербскай. У 1863 годзе чарнагорская была «ўніфікаваная» ў адзіны сербска-харвацкі алфавіт, а са стратай самастойнасці Чарнагоршчыны ў 1918 годзе — забароненая на дзяржаўным узроўні. Аднак чарнагорцы збераглі родную мову — сцвярджаючы, што яна больш паэтычная і выяўленчая, чым афіцыйная сербская. І ў Канстытуцыі незалежнай Чарнагоршчыны 2007 года яна атрымала дзяржаўны статус.
Неўканстытучанай жа дзяржаўнай адзнакай краіны — але прапісанай на ўсіх яе сцежках і дарогах, на вадзе і горах, на будынках і тварах жыхароў — несумнеўна з’яўляецца спакой. Спакой у яго ўсемагчымых варыянтах-адлюстраваннях: адпачынак, ціша, лянота, лайдацтва.
Чарнагоршчына — зямны антонім працы. Яна задуманая і народжаная як край адпачынку. І не толькі геаграфічна, але і ў народным фальклоры, чарнагорскіх прымаўках-запаветах: «Ад адпачынку яшчэ ніхто не паміраў», «Калі ўбачыш, што нехта адпачывае, — дапамажы яму», «Чалавек нараджаецца стомленым і жыве, каб адпачываць». Ці нават такое: «Не працуй — праца забівае». І ў яе салодка-сонечных абдоймах усе спачываюць у паэтычнай лянотнасці: і тутэйшыя распранутыя модніцы, і лагодныя рыбакі, і рахманыя турысты, і расійскія пенсіянеры — бацькі нябедных дзяцей, і нават засмяглыя цыгане — гультаяцца нават папрасіць міластыні: сядзяць у дрымоце з працягнутай рукою…
Чарнагоршчына падобная да добрага сэрца — сэрца старадаўніх Балканаў. Так выглядаюць ейныя мапы, на якіх краіна — рыхтык паменшаная ў дзесяткі разоў Індыя. І такая ж загадкавая, і легендарная.
Яна сама па сабе выява паэзіі: з салёным сонцам, аксамітным ветрам, цыбатымі гарамі, плацэнтнымі пляжамі, астравамі-гарадамі-казкамі, бірузовай люстэркавасцю азёраў, нерэіднымі ўсмешкамі курортніц, аліўкавым шэптам цыкадаў, незашлакаванымі артэрыямі рэк, шунтамі тунэляў, радзімкамі храмаў, пергаментамі тысячагадовых гарадоў-замкаў, ахрыплым голасам гісторыі…
А яшчэ — з роднымі славянскаму вуху гарадамі й мястэчкамі — як назвамі частак яе даўняга летапісу: Падгорыца, Загора, Дабрата, Дуб, Граб, Бело поле, Пятровічы, Радзевічы…
Словам, мова заўсёды ўсё расстаўляе на свае месцы.
Як карабель назавецца — так і паплыве.
Так і з краінай, калі яна, натуральна, мае сваю мову.
І цяпер з чарнагорскага горада Бар (таго, дзе некалі князь Ваіслаў разбіў візантыйскае войска) штодня плавае ў італьянскі Бары (па-суседству — на другі бераг Адрыятыкі) мірная аграмадзіна «Montenegrolein».
І ўсё становіцца на кругі свае: Чарнагоршчына — колішняя Рымская Імперыя, Венецыянская…
А цяпер — Еўрапейская.







.jpg)













Пакінуць новы каментар