№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Алесь МАСАРЭНКА: Святое возера (старонкі рамана-бурлеска)
Перад чытачом — гронкі радкоў незвычайнага ў сучаснай беларускай літаратуры, але надзвычай традыцыйнага ў яе гісторыі твора, вершаванага рамана, «унука» класічнай паэмы «Тарас на Парнасе», у якім легенды і выдумка гарэзна паяднаныя з перажытым і ўбачаным.
Зразумела, па некалькіх штрыхах чалавека — як і раман — не пазнаць, а таму накіроўваем зацікаўленых да кнігі аўтара, якая з’явілася ў мінскіх кнігарнях.
* * *
Ні шар паветраны... і ні гандола
не трэба мне, каб узлятаць увысь:
жыцця майго цярэблівае кола
ўздымае ўверх і апускае ўніз.
Не выкапень з архіўных сутарэнняў —
раман-бурлеск наўздзіў сучасны жанр:
у круг яго cюжэтных завіхрэнняў
трапляюць справядлівец і махляр.
Два процілеглых полюсы — аснова,
каб крэсівам здабыты быў агонь;
ад землякоў запісанае слова
кладзецца зернем на маю далонь.
На сёмым небе
Бывае, што і мужчына раджае.
(Зямны жарт)
Любона Зеўса ўпадабала —
нішто мужчынка, хоць і бог...
Раней нікога не кахала,
хто б ёй ні абіваў парог.
Матрыярхат на іх планеце
пусціў карэнне ўглыб вякоў:
каб войнаў не было на свеце, —
як меней трэба мужыкоў.
З планеты, што ў сузор’і Шалі,
Любону выслалі сюды,
каб богі, з ёй што пераспалі,
сябе праклялі назаўжды.
Багоў вядомых тут не многа —
і ўсе не простыя чыны.
Вінцо пацягваючы з рога,
гуляюць гульма век яны.
Страляцца з-за багінь не модна,
дый зброі тут — аніякой.
Змяёю сыкаць падкалоднай —
то ж гэта не дуэльны бой.
«Любона... Хто яна такая?
Які круцель яе прыслаў? —
Зеўс ад няпэўнасці ўздыхае:
— Хто сцежку звабе паказаў?
Хто адчыніў вароты замка?
Ці не радня Юнона ёй?..»
На барадзе — такая ж ямка,
і бровы — месяцам-дугой.
А вусны — лук напяты струнка,
і голкай востры язычок
даймае аж да самых шлункаў:
ты ўжо не цар, а мужычок.
Не смееш ёй у вочы глянуць,
сказаць што-небудзь — слоў няма.
Усе твае дастоі вянуць,
пустой здаецца галава.
І каб сама не падступіла,
не ўсклікнула: «О, мілы Зеўс!..»,
яго нішто б не спакусіла —
і не падумаў бы пра сэкс.
І час, і норавы — не тыя,
дый божы свет даўно не той:
калісьці тут жылі святыя,
а сёння зброду — у-уя-ёй!
І Зеўс ужо Любону гэту
нават здалёку пазнае,
бо пэўна ўзяў сабе за мэту —
схіліць да блізкасці яе.
Не прасталюдзін — бог дародны,
і не які там нездаляк.
Ягоны юр — парыў прыродны —
утаймаваць няма ўжо як.
Маўчыць, нервуецца Юнона,
праклёны кідае ўтаймя:
— Звалілася б з цябе карона!..
Каб ты забыў сваё імя!
А Зеўс наўсторажы — віжуе:
Любона легла на душу...
І тое, што ён з ёй плануе,
ліецца песняй увушшу.
Любона — медык, вінеролаг,
і ўжо нібыта — кандыдат.
І да ўсяго яшчэ — псіхолаг...
Так, Зеўс — яе палка салдат.
Эт! Дарма што і Сёмае Неба, заселенае багамі, а праблемы — бадай такія ж, што і ў зямлянаў. Зеўсу па душы прыйшлася павабная эмігрантка Любона. Юноне, сужыцельніцы Зеўса, няўносна такое бачыць. Ад рэўнасці ўпадае ў гарачку злосці — шле праклёны ў адрас грамавержца.
Ды Зеўс — з таго ён і бог, што яму ўсё дазволена! — дамогся-такі свайго: спакусіў іншапланецянку.
Хаця... О-о! Любона далёка не прастушка.
Любона — дзеўка і не дзеўка:
як ні ўзграбайся на жывот, —
вільне — і ластаўка-спадзеўка
падранкам падае ў чарот.
Зеўс збродаваў па-заліхвацку —
увесь выкладваўся, як мог...
І не заўважыў, як знянацку
сам аказаўся спаміж ног.
І ўжо яна на ім царуе —
спружынай скача і дрыжыць...
Зеўс жарсці ейнае не чуе —
змарнела-ўтомлены ляжыць.
Набожны быў — бязбожы стаўся,
пакуль з Любонай гарцаваў...
Ён з родасемем не расстаўся —
яе «жывіцу» засмактаў!
Любона на зямлі
Цану сабе Любона знае —
зямныя строі ўжо на ёй.
Яна каторы дзень шукае
багоў, якім прайграла бой.
Зеўс загадаў вярнуць назад іх —
падобных не пацерпіць страт:
ён за бажат багатых, знатных
кульне любы матрыярхат.
І так зрабіў, каб без прыпону, —
па-божы каб усё было:
за руль ён усадзіў Юнону,
Любону ўплішчыў у крыло.
Супоняю звязаў ёй рукі,
ногі ўшчаміў у кайданы...
Яго спакусніца — ні гуку:
маўчаць трывог яе званы.
І прызямліўся зоркалёт іх
паблізу возера — у роў,
дзе мінаў поўна іскрамётных, —
нікім не адкапаны схоў.
І, каб запалы не пажэрла
іржавіна за доўгі час,
вайна б і Зеўсу нос уцерла:
хвастом накрыўся б экіпаж.
<…>
* * *
На дапатопным «жыгулёнку»
зямляк да Проні падкаціў.
Дастаў з багажніка кніжонку
і да цяпельца падступіў.
Не жартаваў. Не захапляўся
ані бусламі, ні ракой.
Адно маўкліва павітаўся,
заўважыў: — Во, набытак мой!
І пасміхнуўся. Памяркоўна
дадаў: — Душы маёй — нуда...
О-о, юшка! Ну, дык і цудоўна:
маё — пітво, ваша — яда!»
Пасля згадаў і «гумарэмку»,
што ў альманаху памясціў.
І тут жа даў сваю ацэнку —
найлепшым творам палічыў.
Госць:
— Ды хоць і пяць СП хай будзе,
а гумарыстаў — з дзіркай мех!
Хацелася б, каб нашы людзі
часцей купляліся на смех.
Але, каб выступіць, — даведку
ад «новага» СП давай!
А без даведкі — у выведку
любы зацягне шалапай.
Каб у «стары» СП прынялі, —
ад бога талент трэба мець;
а ў «новым» — толькі б друкавалі,
абы без грошай не сядзець.
Будзь хоць народны ці бывалы, —
для іх ты — голас камара;
затое ў модзе — генералы
й маёры ў вобразе цара…
<…>
Зямныя праблемы
Эней з Дыдонай недзе сярод лета
да старшыніхі ў сельсавет прыйшлі,
ды з прынцыпова-мондраю кабетай
агульнай мовы так і не знайшлі.
Слыве на Сёмым Небе безбацькоўе —
з таго няма там ніякой радні,
бо дзеці ўсе гадуюцца на роўных,
і змалку ўжо, як кажуць, на кані.
Сапраўдныя бацькі ім невядомы,
як, зрэшты, і бацькі не знаюць іх.
На Сёмым Небе — божыя дзетдомы:
няма больш у галактыцы такіх.
І прозвішчаў няма — адно імёны,
бо выведкі таксама там няма...
Парушыць казуістыкі каноны
Маруся Луба так і не змагла.
Адпрэчыла Энея і Дыдону —
свой кіраўнічы паказала кнут:
— Звяртайцеся, як трэба па закону,
у наш раённы cправядлівы суд.
Не доўга валакіцілі ў раёне —
за хвост там не цягаюць кацяня.
І давялося прывыкаць Дыдоне
да прозвішча і новага імя.
Энейчык Еўдакія, а так — Дунька.
А бацька ейны — нібыта Аўдзей.
Ківалі на яе: — Пагляньце, вунька
багіня ходзіць сярод нас, людзей.
Энея — як Эрнеста запісалі,
па-бацьку ён Захаравічам стаў...
Нарэшце іх зямлянамі прызналі,
а Дабрадзей на дачы прапісаў.
* * *
Жыццё ў карчме вірыла шала,
Эней там рэдка калі быў...
Яму жанчыны не хапала,
бо ўжо з Дыдонаю не жыў.
Аднак у ролі кавалера
вузлоў інтыму не вязаў...
Набыў сабаку — фокстэр’ера,
па «Інтэрнеце» заказаў.
Залез у творчасць з галавою:
пісаў раман — штодня, угрунь.
Ён падсылаў свайму герою
з мясцовых цыпачак красунь.
Калі няма ў каханне веры,
а думкі — сіберная ноч, —
душа памаўзлівай мегеры
тунее, што балотны корч.
З такой бахурай вузел шчасця,
як ні завязвай, — распаўзе...
У сэрца абярог не скрасці
й не патапіць яго ў слязе.
Аб тым пісаў Эней, што бачыў,
што чуў і сам што перажыў:
зямное ён не перайначваў —
не падвышаў і не хваліў,
бо разумеў, хто — патрыёт,
а хто — ахвотнік на падмазкі...
Жыцця зямнога калаўрот —
працяг адной і той жа казкі…
<…>
* * *
Без жартаў — не жыццё: дакука.
І гэты твор мой — не ля-ля!..
Калі ў каханні хто — цяля, —
анёл за ім віжуе з лукам.
Такое — там, сярод багоў.
А на зямлі — свае прыплясы:
палітык цісне на каўбасы,
а я, пісьменнік, — на любоў.
На кнігі сёння — нуль увагі:
пісьменніка зацёрлі моські —
аблудных монстраў неданоскі,
якія трызняць пра гулагі.
Пасляслоўе
Я спачуваю тым, хто мовы роднай
ні ў школе, ні ў сям’і сваёй не чуў.
Русіфікатар змеем падкалодным
усё яшчэ мяльцешыць уваччу.
«Русяць» у нас звычайна графаманы
ды той, хто выпаў з роднага гнязда,
хто палічыў, што край яго забраны,
каму ўсё роўна — зорка ці звязда.
Дэвіз такіх: былі б адно каўбасы
ды таннае пітво ракой цякло,
і ўвесяленняў розных прыбамбасы
пішчом каб лезлі ў белтэлеакно.
Ім усё роўна, хто быў расстраляны:
Максім Гарэцкі ці Алесь Дудар...
Яны адмалку ў пяты кут загнаны,
дзе паліць сэрцы здрадлівы пажар.
Паразітуе гэтае пазаддзе
і сёння, бо сваё яму — нішто...
З іх кожны першы марыць аб уладзе,
і кожны першы — пройда на ўсе сто!







.jpg)













Пакінуць новы каментар