№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Алесь КАСКО: Балада берага
* * *
Чалавек дасюль яшчэ ў зародку,
ва ўлонні матухны-прыроды,
у пукатым чэраве Зямлі;
ён толькі-толькі знакі падае —
памкненнем імпульсіўным цела,
успышкамі пачуццяў сумятлівых
ды роспачных здагадак
пра акаліпсісы ў свеце і ў сабе.
Рэнтгенна — гэта мятлік,
што бязгучна б’ецца ў сценкі
замкнёнае няўмольнае прасторы;
калі ж і прарывае абалонку —
«Чалавек сягнуў у Космас!»,
«Чалавек ступіў на Месяц!» —
па неадцятай пупавіне
вяртаецца пакорліва назад.
Але зародак выспець мусіць:
у ім глыбінная ёсць памяць
пра шлях крыжовы да Любові,
і ў ім сусветная ёсць воля
пад сумненне ставіць непаўторнасць,
з якою за тысячагоддзі
народжаны Зямлёю векавечнай
адзін-адзіны Сын.
Не там
Ах, з Крыма вярнуць Максіма?
Баімся, што пустата
магільна жахне: зусім не
яго
тлен вякуе там.
Ля Хведкавіч, прыдарожна,
граніт з Васілём паўстаў.
Нясвечаны,
бо — няможна:
ёсць чуткі — паэт не там.
Не «там» і Паўлюк з Крашына,
дый верш — не з яго ліста…
…Прытулкі сыноў Айчыны
няведамы,
як Хрыста.
Вандроўнік
Памяці Міколы Купрэева
Кавеньку-павадыра
паставіць у кут з абуткам.
Запыленым незабудкам
дасць свежай вады з вядра.
Сарваныя ў добры час,
яны ажывуць, як просінь.
«Што ў свеце, кажы, — папросім, —
і што ты згубіў у нас? ».
«Што ў свеце? — ён скажа ў такт. —
Прастора, краса, дарога…»
Бязмэтных цяпер ці многа?
Мы скемім: тут штось не так.
Узятыя на іспыт
няпэўным жыццём замкнёным,
зняверымся ў незнаёмым,
прынеслым палёў блакіт.
Які сёння хцівы свет,
якія ў ім ходзяць чуткі!..
Чысцюткія незабудкі
пакіне, між тым, паэт.
Забыты вулей
Міколу Папеку
Скочваецца лета спелымі яблыкамі
па даху вулля, такога ж поўнага,
бы яблыкі, бы зямля гэтым летам, —
і цёплая ў меру, і ў меру вільготная.
Соты акругліліся, набухлі мёдам,
вось-вось рамкі свае разамкнуць,
вось-вось дашак, бы вечка, сарвуць
і расцякуцца залацістым цестам.
Мёду ўсё больш; ратунку ўсё менш для пчолаў,
народжаных не спыняцца ў працы,
падахвочаных ненаежным чалавекам.
Забыты вулей чакае яго, непамятлівага,
рызыкуе лопнуць распёртаю дзежкай…
І спаўзаюцца трутні, наталяюцца мёдам,
кладуцца ў пасцелі свае мядовыя
і чухаюць лапкамі поўныя чэравы,
каб зноў спахапіцца ды ўзяцца за ежу.
Не менее мёду між тым, і няма паратунку:
зацятыя пчолы не могуць спыніцца,
не могуць абярнуцца ў трутняў.
Збіраецца ўрэшце пчалінае веча,
гудзе і гудзе да позняга вечара,
а ўранку ўвесь рой (нават трутняў лянівых)
каралева матка збірае на пошукі
новага, пакуль што не занятага вулля.
Ды няма каму болей ускрыліцца.
Рух ёсць жыццё, нерухомасць — смерць.
Адно каб жа ведаць, а што ёсць за рухам?..
Мо адны толькі пчолы і ведаюць.
Мо толькі яны і стануць анёламі.
Краявід
Чужы для бязлюднага краявіду,
пазіраю на попельнае поле,
дзе вугольчыкамі
тлеюць забытыя бульбінкі,
дзе стырчакі сланечніку
спрабуюць падвысіць смугу,
нібы ўсё яшчэ шукаюць
сонца… Яно
ўжо даўно пад імі —
зжоўклымі скарынкамі гарбузоў,
лісцем голых кустоў і яблыняў.
Чужы для бязлюднага краявіду,
заўважаю, як многа
пакінутых тут «крыжоў» —
маркотных агародных пудзілаў, —
і нясмела, бы ўлетку,
над імі кружляюць вароны.
Хоць бяры ды і сам
шырока растапырвай рукі —
дапасоўвайся
да бязлюднага краявіду.
Сад
Сад восеньскі, ціхі —
з водарам празрыстых антонавак,
груш, вінаграду
(на белых сурвэтках),
з цяплінкамі арабінавых ягад
і кляновага лісця
(сям-там рассыпанага незнарок),
з цэлым лугам някідкіх кветак,
сабраных у вазы, —
так скупа, так мала падобны
да сапраўднага саду —
саду без згустку лекавых пахаў
і меланхалічных настрояў,
без спакусы ўтрапёнага сузірання,
што раптам канчаецца зрывам
і недарэчнай высноваю:
у садзе, амаль батанічным,
не стае толькі кветак вянковых…
у сценах бальнічных.
Нацыянальная бібліятэка
Чым вышэй падымаюся —
за паверхам паверх, —
тым глыбей апускаюся
ў спраты егіпецкай піраміды,
дзе стаяць саркафагамі кнігі
з муміямі першадрукароў і паэтаў.
Саркафагі — недатыкальныя
(ці амаль не) і таму не трухлеюць.
З іх, дамавінаў парадных,
здзьмухваюць пыл маладзенькія жрыцы,
безуважныя да наведнікаў:
вобмаль тых, хто запыніцца і папросіць
вечка падняць для агляду.
Я з «тых», і я ў полі зроку:
цікаўныя дзівяцца мне, нібыта
я мумія, што ажыла ўвачавідкі,
спалавелая без доступу свежага подыху,
з тленам роднага слова на вуснах.
Са мною спрабуюць завесці гаворку,
але спахапляюцца бездапаможна:
у іх брак досведу ў дагістарычнай мове.
І толькі адзін егіпцянін
як свой пачуваецца — трэба яму
папрактыкавацца ў маўленні, каб зразумець
наш вопыт айчынны: дзеля чаго
ствараем маўклівыя піраміды і саркафагі?
У яго ёсць задума як навукоўца —
агучыць муміі рамзэсаў і тутанхамонаў;
яму — у адрозненне! — мала надпісаў
на дамавінах,
яму — у адрозненне! — трэба родная
мова жывая.
Усходнія суседзі
1
Яны выйшлі з варагаў,
перамяшаліся з чынгісханамі,
спарадзілі жахлівых, ермакоў, пугачовых.
У ботах пятроўскіх,
папыхваючы каўказскаю піпкаю,
прайшлі паўшара Зямнога.
Што край мой на іхняй карце?
Абшару малюсенькі ўскраек.
Яшчэ не ўтаптаны ў дарогу хлеба акраец.
2
Далятаюць весткі —
зноў яны ў паходзе,
спадкаемцы неўтаймоўных ваяроў, —
гэтак часта,
што бянтэжымся: на ўсходзе
ці зара,
ці зноўку зарыва і кроў?
З кутка Нямеччыны
Тут, у Нямеччыне,
у цесным кутку Гельмштэта,
я дыхаў свабодаю;
бяру я адсюль па жменьцы
паветра і сонечных промняў,
усмешак і слоў —
каб там, куды вяртаюся,
відушчай зірнулася
і сказалася годна: годзе —
годзе жыць з перакручаным горлам
там, на радзіме,
адкуль у вандроўку не ўзяў
свабоды ні жменькі.
Сакрэт пастаянства
У цішу, дзе замоўк і кашаль,
трыбун кідаў за сказам сказ:
— Стабільнасць у краіне нашай,
бы ў гэтай зале, сярод вас.
Раптоўна ўскінуўся, як вецер,
дзяцюк са шрамам на шчацэ:
— З турмы нядаўна я; там, верце,
стабільнасць большая яшчэ!
Сухмень
Стаяць ля транзістара, млеюць касцы.
Пра добрыя змены ім кажа сталіца
ды зноў пра надвор’е вястуе ў канцы:
не сёння, дык заўтра палье навальніца.
А травы зрыжэлі; бы порах — аўсы.
І сплюнуў брыгадны, і зморшчыў міжброўе:
— Урад калі хлусіць, дык хлусіць ва ўсім,
няхай бы хоць праўду сказаў пра надвор’е.
Апатыя
Сягне радок у сон твой душны
і змусіць сэрца затрымцець,
і ўзбудзіць кроў, і горла здушыць,
але — не дужа, не насмерць.
Для заваконня ён — не ў знаку:
там час глухі, ці плач, ці спеў…
З душы сарвеш яго, вужаку,
каб без надзеі не шчымеў.
Не ўважыш, што ён схоў, ахова,
што, бы акраец жабраку,
шанц акрыяць даруе мова
ў табой адпрэчаным радку.
Ён скурчыцца, спадзе бязгучна
па той бок чыстага ліста —
тады спаўе і стане мучыць
паўзучым гадам пустата.
Дарма пачнеш вышукваць словы,
душу і розум тармасіць:
верш незалежны, выпадковы
сябе не дасць уваскрасіць.
Балада берага
Бераг мой у смузе… Хоць аднойчы б даплыць,
каб здрадліўцаў не мець,
каб здрадліўцам не быць.
Быць самім па сабе, быць сабою самім,
нежаданым для ўсіх, непатрэбным зусім.
Там, у краі чужым, там, на краі зямлі,
толькі птушкі жывуць, матылі ды чмялі.
Там, на сцежках глухіх, толькі звера сляды,
там будуюць мурашкі свае гарады.
І рашаюся я — і бягу праз траву,
і кідаюся ў хвалі — плыву і плыву
дзень і ноч, ноч і дзень, знемагаю — але
адыходзіць той бераг далей і далей.
Выбіваюся з сіл і на волю ракі
аддаюся… «Слімак, ты не першы такі!»
Я на беразе гэтым; ляжу на пяску
і цалую я ногі свайму рыбаку.
* * *
За паўвеку ўжо далёка чалавеку,
а да веку ці дайсці яму? —
уваходзіць у калеку, недарэку…
Дай жа чалавека абдыму.
Мне самому меней не намнога,
і міжволі хочацца гадаць:
знойдзецца каму ў канцы дарогі
не руку мне, дык хоць кій падаць?
Там, за рысай, і вальней і годней,
свеціць там нябеснае крыло.
Першасней, аднак, і неабходней,
каб цяпло зямное абняло.
А пра большае —
дык толькі верыць, марыць,
трэба, вось, адолець жыццявір:
двое цягнемся праз вуліцу —
ён, старац,
побач я, пакуль што павадыр.
Карабель
Вецер у спіну не вецер.
Хваля не хваля,
што кошкаю трэцца аб бераг.
Дый бераг не бераг,
калі ён без стромы...
Зведаў я вецер сустрэчны,
раз’юшанасць хвалі,
паўставаў небасхілам мне бераг,
куды не даплыў я,
куды не даплыць ніколі.
Суцешна ў стыхіі!
Мне радасна ведаць:
яна не сцішэе, не скончыцца,
не знікне разам са мною —
па-за маёю вечнасцю.
Іду на бяздоннае дно
і расстайна ківаю мачтаю
таму караблю ацалеламу,
які, аб мой борт ледзь паранены,
спяшаецца стлець на якары.
Спроба запозненага ліста
Хай не ліст, дык каб паўліста,
і каб не заплакаць…
О, які ж я чуллівы стаў,
рыхтык мякаць.
У акне слата і ў душы,
там і там бязлюдна.
Я маўклівасцю адграшыў
сябелюбна.
Які ж трэба быў груз віны
для разгадкі простай:
боль ад аркушнай белізны —
кошт за ростань.
Ліст бясслоўны — як першы крок
з-пад свайго ж дыктату;
бачу старасць, і блізкі змрок
ясніць страту.
Дык з нуля? Але дзе той нуль:
дзе край-свет маячыць?..
Напішу табе ліст адтуль,
там не плачуць.







.jpg)













Пакінуць новы каментар