/ Алесь Гізун

/ Алесь Гізун

Алесь Гізун нарадзіўся ў 1983 годзе ў Баранавічах. Скончыў беларускае аддзяленне філфаку БДУ.

Творы друкавалiся ў факультэцкім альманаху «Скрыпторый» і часопісе «Дзеяслоў».

Жыве ў Баранавічах. Працуе ў рэдакцыі газеты «Intex-press».




Гадзіннікі

І

Знаёмцы і калегі па працы стала абураліся на маю чарговую выдумку. Маўляў, гэта непамыснасць, дый сам я — ледзь не суцэльная для іх непамыснасць. Як далей — дык горай.

Рэч у тым, што з нядаўняга часу я пачаў насіць заразом два гадзіннікі — па адным на кожнай руцэ. Гэткі просты, як дым, адказ на бясконцыя закіды ў маёй маруднасці ды непаспяванні ўсяго і ўсюды. Адылі ж… Дырэктарка, як пабачыла тое, адразу й безпаваротна вырашыла паставіць крыж на маім вынаходніцтве: гэта відочны мавэтон.

Напачатку я спрабаваў патлумачыць, што здумка мая аб’явілася перадусім нават не дзеля мяне самога, а дзеля нашае агульнае справы, зладжанасці й паспяховасці. Даводзіў, што вось — гадзіннікі пайшлі як мае быць, стрэлкі ўпэўнена паймкнулі наперад, усе механізмы працуюць спраўна… І хто цяпер здалеў бы адрозніць іх рытм ад рытмаў гэтага жыцця? Вось як цяпер…



ІІ

Шчасце: я дабег. Ён глядзіць на гадзіннік, вітаецца, замаўляе каву. Гэтым разам, кажа мой сябар, я выглядаю ладне лепш, чымся тады, улетку, калі мы бачыліся апошні раз. Святло ягонага твара бруіцца няспынна, я ўсміхаюся, і нашая гутарка завязваецца ў зазвычайнай утульнай атмасферы. Распавядаю: учора апоўначы, не ў стане заснуць, я колькі разоў перачытваў Караткевічавага «Зайца…»*. Невялічкая анталагічная сцэнка наконадні зімы пад акампанемент Marche Funebre Шапэна, у пустой кватэры без даху ці ў памежных абсадах, наранкі ці проці ночы, з ячмянёвым напоем і прыўкрасным настроем — неістотна. Што яны тамака спяваюць, гэтыя трыгубыя, касавокія істоты? Вы чуеце? Га?! Ці чуеце?!! Распавядзіце ж, ліха на вас!!

Сябар адводзіць позірк да вакна на праспект, і ягоныя вочы глядзяць на мяне ўжо адтуль. Я заўважаю, што гэты халодны горад робіцца ўсё больш чужым мне.



ІІІ

Заўтра будзе халодны дзень. Я пазнаю гэта па тым, як аблокі спешна збіраюцца ў вырай. Сіноптыкі (у іх — свае разлікі) запэўніваюць, што халады не надоўга.

На прыпынку некалькі мажных кабетаў з пакункамі кідаюцца ад лаваў да аўтобуса. Яны думаюць, што паспеюць.

У неастылыя яшчэ каляіны аўтобуса ў такт секундавым гадзіннікавым стрэлкам набягае лядовая вада: не-змя-ня-е-цца-ні-чо-га… Ад майго першага гадзінніка ў памяці засталіся адны рваныя кругі на бузаватай вадзе затопленай каляіны.



IV

Да К. я спазніўся: аўтобус доўга кружляў кепскапазнавальнымі рэчаіснасцямі…

Сяджу на кухні, каля вакна: ступак на ступаку — грэецца. У кватэры халодна. За вакном яшчэ адзін дзень намагаецца апраўдаць сваё існаванне. Адно б не давялося выбудоўваць пакутлівых дыялогаў — як-небудзь перажывем.

Нутро тузае, і холад страшэнны. К. мітусіцца каля пліты й распавядае, як правільна пячэцца Мікольскае пірозіва. Я ўсёй даланёй сціскаю гарачы кубак з гарбатай. Пячэ — няўсцерп. Маўклівы такі боль. Рука пячэ пекатам, скура, здаецца, пакідае пальцы, з вачэй зараз пырснуць слёзы.

— Але ж і смешны ў цябе твар. Чаго ты гэтак скрывіўся? — К. на імгненне кінула на мяне позірк, здымаючы печыва з бляхі.

Дасканалыя, нерухомыя формы печыва на плеценым лазовым сподзе пачалі нагадваць мне надмагільныя пліты з піктаграмамі і надпісамі на няўцямнай мове. Мы пілі гарбату, зрэдчас пераадольваючы маўчанне. Кожны пячэнік К. спачатку ламала ў руках напалову, пасля кожную — яшчэ напалову, і пасля клала ў рот.

За вакном ніяк не мог захлынуцца ўсё той жа дзень. Надпісы на плітах пачалі шчытнець і ўжо амаль страцілі прабелы.

Які ўжо раз К. прапанавала мне частавацца. Не забіраючы позірку ад вакна, я неяк апынуўся ў вітальні і хутка вылузаўся на вуліцу. Таго моманту я няздольны быў прыгадаць ані слова надзеі ці развітання. Ані слова, ані сябе. К. пакрыўдзілася.



V

Апошні гадзіннік паляціць у акно праз ноч, толькі яна адгэтуль вырашае пытанні часу, усталёўвае межы і нарматывы жыццёвых кругабегаў. І па-за тым гэты снежаньскі морак кранае маю цішыню, гэты вецер выкручвае згалелым дрэвам рукі і раскідае іх на маёй вогкай сцяжыне, дзе змагаюцца міжсобку святлацені месяца і ліхтароў.

Гэтая халодная вада точыць бераг, з якога я пазіраю ў яе сляпую плынь. Меланхалічны плёскат хваляў пераўтварае думкі і сны ў маўклівых белых рыбінаў, што палеглі на дне пракаветнага возера і чакаюць свайго канца, каб урэшце бясконца нараджацца без мэты наноў.

Тады кругавід чарговым наваратам акрэсліць межы змроку й святла, і, пракінуўшыся, я ўбачу сябе басанож каля вакна з разгорнутымі нататнікамі запаленых вачэй.


* Размова — пра верш Уладзіміра Караткевіча «Заяц варыць піва».

Напаўголасу

Я пайшоў ад іх, калі пачуў у хмызах на іншым беразе гучны крык невядомае птушкі. Пасунуўся ажно да мастка — невялічкай кладкі за мілю адгэтуль. Там, у засені, дайманы жамярой, стаяў чужы конь. Сціжма дробных крывасмокаў найболей абсядала вочы, грудзіну й пахвінне. Яны не пакідалі вачэй нават тады, калі я паволі абіраў іх жменямі, расціраючы проста між пальцаў. Магутны крамяны звер у крывавых акулярах нерухома стаяў, выказваючы адно пакору й скрайні спакой, уласцівыя хіба нейкай камернай, непрамоўленай напоўны голас любові, любові цянётаў — тае, што кагадзе пакінула мае рукі спрэс у конскай крыві.


Рака ў гэтым лясным зацішку — глыбкае, сцюдзёнае рукаво. Плынь з геніяльнай зацятасцю зацягвае жвір глеевым смеццем і зноў расхінае ягонае жоўта-халоднае бяздонне — цыклічны нонканфармізм маладое, неўтаймоўнае вады.


Я назіраю: кроў лёгка змываецца з рук. І нястомнаму ў вечнасці сонцу застаецца адно іх зыркая бель. Плынь нясе кроў далей, да вусця. Там — рыбары. Сёння яны пагналі мяне, злаяўшы, маўляў, я — недарэка і зусім не ўмею лавіць рыбы. Позірк аднаго з іх выказваў злую пагарду да мяне.


Так, я сапраўды не ўмею лавіць рыбы. Ці варта тое аспрэчваць! Я толькі моўчкі пакінуў рыбароў, абуджаны тым сцішным крыкам птаха.


Каб не гэтая замінка з канём, я б даўно шмаргануў праз масток. Адылі цяпер я заўважаю: лес на тым беразе неяк адступіў, воку нават не спаткаць хмызоў; сціх і птушыны крык. Адно дзікая, маркотная далячынь напаўголасу шэпча пра тое новае, народжанае кагадзе ў гэтай нерушы, тое, што мелася спазнацца ані на крок далей ад гэтага месца.


Я паварочваю назад.



Боўць, альбо Трэцяя рука мастака Руневіча

Ёсць рэчы, пра якія мастак Руневіч доўгі час нікому не распавядаў. Але ўсё памянялася пасля смерці ягонае бабкі. Неяк наранкі яна выбегла на ганак свае хаты і стала, загледзеўшыся на птушыныя сляды на адлежным снезе. Дзед так і заспеў яе там. Пасля ён казаў, што дужа жахнуўся таго разу бабчыных вачэй на раскіданым твары. Дзед завёў яе з вуліцы ў хату й паклаў у неастылы яшчэ з ночы ложак, да якога бабка клыпала, як дзіця. Праз тры дні, нараніцу, хворая вымавіла першае ад таго дзіўнага выпадку й апошняе ў сваім жыцці слова:

— Боўць, — і таксама першая за гэты час бабчына ўсмешка вечным сполахам застыгла на ейным раптам памаладзелым твары.


Пра тую аказію ведала хіба вузкае кола сваякоў Руневіча. Тэма вар’яцтва наагул уважалася за заганную ў іхным асяродку, яе не прынята было абмяркоўваць. Таму бабчына «спакойная смерць» заняла месца ціхуткай легенды ў цёмным кутку сямейнага радаводу. Тэма-табу. Тэма-боўць.


 І-такі акурат гэтая аказія развязала Руневічу рот. Ён пачаў распавядаць. Усім і ўсё, што іх цікавіла. І нават болей.

— Скажыце, як у Вас атрымліваецца паспяваць столькі рабіць у немаладым ужо веку? — найлепшы журналіст цэнтральнай газеты краіны, на інтэрв’ю з якім упершыню пагадзіўся Руневіч, нават не здагадваўся, наколькі гэтае банальнае пытанне наблізіла яго да сапраўднае сенсацыі.

— Насамрэч, сакрэт — у маёй невялічкай загане. Гэта выродства ад самага нараджэння — мая трэцяя рука, — Руневіч вырашыў адказаць наўпрост, без красамоўных прэлюдыяў, і ўжо наважыўся быў задраць кашулю, але падумаў, што гэта будзе залішне. Мастак быў пэўны: нават такая дзёрзкая дэманстрацыя не пахісне маладога й порсткага тытана айчыннай журналістыкі, які ўжо загадзя ведаў адказы на ўсе пытанні.


Пасля Руневічу даволі было прачытаць адно загаловак: «Майстар пэндзлю й метафары нарэшце адкрыўся». Мастак усміхнуўся і назаўжды адклаў газету ўбок. Ён не памыліўся. Цудоўная нагода адзначыць гэта кубачкам астыглай кавы.


«Яны зжаруць усё, нават «боўць». Уласнай таямніцай урэшце будзеш душыцца ты адзін», — запіша ён пазней у дзённіку сваёй кволай і неразвітай трэцяй рукою.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).