№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Алена НІЯКОЎСКАЯ: Дарога ў тры каляіны
Мае продкі даўнім часам
жылі на Беласточчыне.
Ад той пары засталіся
смутна-чароўныя здымкі
з бабульчынага альбому.
Гронка бэзу,
Ружанец з бурштыну
Ды карункавы парасон —
Гэта ява, ці гэта сон? —
Нехта гэта ў альтанцы пакінуў.
Не зважай, не зважай на законы,
Польскі szlaban* бела-чырвоны,
Хай ляціць між гранічных слупоў
Цёплы подых — мая любоў.
Дай убачыць, як ліецца крыніца,
Пасядзець на траве ля капліцы…
А ў альтанцы нехта пакінуў —
Гэта ява, ці гэта сон? —
Гронку бэзу,
Ружанец з бурштыну
Ды карункавы парасон…
* Szlaban (польск.) — шлагбаўм.
Маёй бяссонніцы
У халаце, у кашулі скамечанай
На кожным сыходзе дня —
Так проста і недарэчы
Прыходзіць толькі радня.
Не выганю цябе з дому я
На вуліцу проці ночы,
Мне надта добра знаёмыя
Твае хваравітыя вочы.
Сядай. Гарбаты напару.
Ты будзеш мне вершы далдоніць.
З бяссонніцаю на пару
Аб шклянку грэю далоні.
Апошні журавель
Ляціць над усёй Беларуссю
Ланцуг журавоў калодзежных,
І вёдры слязы-вадзіцы
Нясуць яны ў доўгіх дзюбах.
Заходзіцца з плачу паветра,
Рыпіць драўлянае пер’е…
Апошні жыхар Падкасцельцаў*, —
Калодзежны журавель —
Ты рэшткі гнязда чалавечага
Туліў скалечаным крыллем.
Не чулі з шашы аўтобусы,
Як ты прасіў іх ратунку.
Заходзіцца з плачу паветра,
Рыпіць драўлянае пер’е…
* Адна з вёсак, на месцы якіх паўстаў Наваполацак.
* * *
Памяці маёй сяброўкі Ліды С.
Дарога ў тры каляіны…
Як часта цябе ўспамінаю
На ростанях цёмных і страшных.
Аброццю пабразгваў конік,
Скубаў маладзенькае жыта,
І воз праплываў, нібы човен,
Па жоўтых азёрах свірэпы.
Я бегла і бегла за возам —
Мо недзе ў пяску захаваўся
Адбітачак пяткі дзіцячай?
Была ты ці не — дарога?
Я помню цябе — ці мару?
Аднак жа воз калыхаўся
У жоўта-зялёных разлівах,
І конічак вупражжу бразгаў,
З абочын зрываючы жыта…
Дык цёплымі каляінамі
Спаві мне збалелыя ногі!
З Баляслава Лесьмяна
Раз на век цябе ўзяць у раскошы няземнай
Я б хацеў — і дарэмна, дарэмна, дарэмна!
Ты ізноў — не мая, ты глядзіш непрытомна;
Вочы слепнуць ад шчасця,
мяне ўжо не помняць!
Тонеш ты ў сваёй цемры. Я шукаю навокал.
Вось пакорнае цела, але цела — бязвокае!..
Ў недасяжным ты свеце. Вар’яцею з адчаю.
Мне не быць там ніколі. Вось таму і кахаю!
З Ежы Лібэрта
Адкуль твой голас? І куды
Завеш мяне ў поўнач пеўнем?
Навошта ў мае куты
Ўваходзіш, перамогі пэўны?
Чаму не йдзеш, нялюдскі, прэч
Ад маіх справаў чалавечых?
Якую ў іх убачыў рэч
Ты, цёмны сэнс Звышрэчы?
У чорным ты стаіш акне,
Палошыш сны мае глухія…
Чаго ты хочаш ад мяне,
Злавесная стыхія?







.jpg)













Пакінуць новы каментар