№ 199 (291) 18 траўня 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Аксана СПРЫНЧАН: Ш(часлівыя)веды: выспы думак і astraвы пачуццяў
Ужо трэці год беларускія літаратары дзякуючы падтрымцы Каралеўства Швецыя і Саюза беларускіх пісьменнікаў маюць магчымасць творча адпачываць-працаваць у Балтыйскім цэнтры пісьменнікаў і перакладчыкаў у горадзе Візбю на шведскім востраве Готланд. «Літаратурная Беларусь» працягвае знаёміць сваіх чытачоў з іхнімі згадкамі і ўражаннямі.
Востраў
Кінуць манетку мору, каб вярнуцца, кінуць хлеб чайкам, каб чакалі, кінуць слова на вецер (марскі, а не марны), каб закахаўся з першага слова.
Выспа
Некаторыя дамкі ў Візбю прасмоленыя дзёгцем і пахнуць мінулым. Каля іх квітнеюць ружы і пахнуць будучыняй. Калі заплюшчыць вочы, апынаешся ў сучаснасці.
Востраў
Няма ў Візбю, як і ва ўсёй Швецыі, бяздомных катоў і сабак. Увечары брукаванымі вулачкамі тупацяць вожыкі — улюбёнцы готландцаў і турыстаў. Неяк прынёс адзін на сваіх голках пялёсткі ружаў. І я ўзгадала вожыка з Лысай Гары, які мне паказваў свой язычок. 5 разоў-пялёсткаў. Вожыкі — цікава-колкія, як і іншая краіна. Вожыкі хаваюцца ад цябе ў клубочку, як і іншая краіна. Але могуць дазволіць дакрануцца да свайго жывоціка ці чмыхуць носікам, і ты падскочыш ад радасці. Я чула, як Готланд мне чмыхнуў.
Выспа
Візбю — найбольш захаваны ў Скандынавіі сярэднявечны горад. Дзе, як не ў ім, падумаць і пра тое, як жа заставацца самім сабой: стварыць свой уласны востраў, збудаваць мур, заплятаць сябе ружамі, ствараць музейчыкі, мець не толькі турыстычны сезон, але і час зімовых балтыйскіх вятроў, калі адно незвычайныя падарожнікі дабяруцца да цябе. А незвычайнае — яно найболей ахоўнае.
Востраў
Спёка. Мора пахне балотам. На вячэру Балтыка харчуецца сонцам-журавінаю.
Выспа
Готланд — мая першая сустрэча з Еўропай, першае антыдэмакратычнае каханне. Бо ніякага выбару ў мяне не было: перамагла ў конкурсе і атрымала прыз — паездку ў Швецыю на месяц. Дыктатура з адным кандыдатам.
Востраў
Паводле афіцыйных дадзеных археолагаў, Готланд займае першае месца паводле знойдзеных скарбаў, а Беларусь — другое. Паводле неафіцыйных звестак, Готланд і Беларусь мяняюцца месцамі. Бо які ж беларус аддасць скарб за 25 адсоткаў. Ды і беларуска не аддасць. Вось такая ракіроўка. А археолагам 25 адсоткаў і не абяцаюць, бо аддаваць скарбы — гэта іх пакліканне.
Выспа
Думала, што паеду ў Швецыю і буду шукаць на кожным даху дамок Карлсана. А ў Візбю дамкі такія нізкія, што, відавочна, Карлсану на іх не схавацца. Ды і Карлсана ў Швецыі не надта любяць, бо як аказалася, не вельмі ж ён станоўчы персанаж. А ўвесь Готланд у сувенірах з Піпі Доўгай Панчохай, спадаром Нільсанам, канём і злодзеямі. Выходзіць, яны больш станоўчыя. Праўда, аднаго Карлсана я ўсё ж такі бачыла: гэта маленькае крэселка для дзетак у бібліятэцы Альмедален, на якое можна сесці дупай і падум(п)аць пра больш станоўчых герояў.
Востраў
Сярод бязмежжа готландскіх сувеніраў танчыць шотас Піпі Доўгая Панчоха, скачуць спадар Нільсан і конь, бэкаюць бараны, тупацяць вожыкі, плывуць караблі, змагаюцца вікінгі, б’ецца на шчасце незвычайная готландская кераміка, асвятляюць шлях маякі, і адно няма шуму самога мора — ракавінак.
Выспа
На Готландзе знаходзіцца віла Пэпі Доўгай Панчохі — музей літаратурнага персанажа. І як тут не памарыць пра тое, што ў Беларусі калісьці з’явяцца Музей палескіх рабінзонаў — герояў Янкі Маўра. Альбо Музей-норка Мышкі Пік-Пік — гераіні Людмілы Рублеўскай. А чыгуначнікі дык ужо даўно маглі зрабіць замест вялікіх і малых паравозаў на пастаментах Музей Міколкі-паравоза — героя Міхася Лынькова. Беларусь — называюць краінай паэтаў. Першы крок, каб стацца і краінай літаратурных музеяў.
Востраў
У чалавека звычайна ёсць родныя сцены, якія дапамагаюць яму. А ў горада Візбю ёсць родная сцяна, узведзеная яшчэ ў ХІІІ стагоддзі. Пашэнціла ж!
Выспа
Назва «Візбю» літаральна значыць «вёска ля Ві», а «vi» перакладаецца як «святыня, святое месца». Горад вырас блізу цэнтра паганскага культу. У назве маёй улюбёнай Лысай Гары слова «лысая» таксама значыць «яснае, святое месца». Гэта культавае месца, куды прыходзіла яшчэ Рагнеда. Дзе было створана пісьменніцкае мястэчка. Безумоўна, і ў Візбю невыпадкова ўзнік Балтыйскі цэнтр пісьменнікаў і перакладнікаў. Творцы і святыя мясціны ўзаемапрыцягальныя.
Востраў
І на востраве ста сабораў для мяне Беларусі храм вышэй зораў.
Выспа
Падчас расейска-шведскай вайны 1808—1809 гадоў Готланд колькі тыдняў быў расейскай правінцыяй. І як тут не пашкадаваць, што Беларусь не выспа. Далёкая-далёкая.
Востраў
Готланд — месца, дзе памятаеш, што сонца кладзецца спаць. Дзе не забываешся на тое, што перад сном яно найболей сонечнае, і таму варта кінуць усе справы, глядзець на яго і думаць пра сваё. І верыць у тое, што на ноч увесь востраў разам з сонцам схаваецца ў моры, і выйдзе на паверхню разам з першымі промнямі. Сны на Готландзе з марскога дна. Але нават на марскім дне чуваць гадзіннік бажніцы Святой Марыі. Яго музыка хвалямі праходзіць праз твой сон, пакуль урэшце не адбываецца дзявяты вал прачынання.
Выспа
Фатограф марыць пра аблокі, пра сонца ў патрэбным месцы, пра час пасля дажджу. Земляроб марыць то пра дождж, то пра сонца, марак — пра спадарожны вецер і адсутнасць шторму, рыбак — пра рыбнае месца. А ў паэта заўжды ўсё ёсць. Калі толькі ён яшчэ і не фатаграфуе, не працуе на зямлі, не плыве на караблі, не ловіць залатую рыбку.
Востраў
Ловіш фотавокам шведскія імгненні. І раптам апынаешся ў родным Лунінцы — герань на вакне вясковай хаткі, куст шыпшыны ля бажніцы, бярозка ў порце. Мае ўспаміны — кветкавыя. І з Лысай Гары я прывезла кветкі ў Візбю, пасадзіла пад вакном, што выходзіць да бажніцы Святой Марыі, жывучку. Сапраўды яна і пералёт перанесла, і прыжылася на схіле скалы. І зямлю лысагорскую не пакрыўдзіла я — прывезла гейхеру, якая цяпер красуе ў маім кветніку.
Выспа
Ёсць фатографы, якія займаюцца жывёлагадоўляй — студыйныя, пастановачныя фотаздымкі, а ёсць тыя, якія палююць на дзікія імгненні. Я люблю дзічыну. Сезон палявання заўжды адкрыты і абмежаванняў ніякіх не існуе.
Востраў
Перакладнік Лакана на расейскую мову Аляксандр Чарнаглазаў, з якім пазнаёмілася ў Балтыйскім цэнтры пісьменнікаў і перакладнікаў, устойліва ставіць беларусаў на другое месца. Калі служыў пэўны час у Беларусі, на ягоную думку сярод розных нацыянальнасцяў найлепшыя былі паўночныя архангельцы, на другім — беларусы. Сярод бальзамаў — найлепшы самаробны валаамскі, на другім — беларускі. Увесь час ён спрабуе давесці: Беларусь — не пісьменніца, а перакладніца — ганаровае другое месца пасля аўтара.
Выспа
Калі спёка ў Візбю становіцца невыноснай і ў галаве круціцца адно — «мяне няма», я разумею, што «Шчасце быць» Барыс Пятровіч у адрозненне ад Валянціна Акудовіча пісаў у лютаўскія маразы.
Востраў
На востраве ста цэркваў, якіх насамрэч 92, ніхто за мяне не моліцца. Малюся за сваю Беларусь.
Выспа
У готландскіх бажніцах часта вісяць пад скляпеннямі ці стаяць непадалёк алтара караблікі. Іх рабілі маракі, як ахвяру Богу. Але ж і сам храм — гэта карабель, які ратуе тых, хто шукае выратавання.
Востраў
Калі ляцела па-над ліпеньскімі аблокамі на Готланд, раптам адчула, што гэта і ёсць сапраўдны баланс белага, што дзесьці тут, у гэтай пяшчоце, нарадзілася Беларусь. Калі ляцела назад, у адным з аблокаў пабачыла твар мудрага Бога. Вярнулася ў краіну, дзе жыве Бог. ЖываЯ.
Выспа
У Вісбю я навучылася глядзець у вокны. Нават заўважыла, што раней асабліва і не глядзела ў іх, а пагатоў не разглядала. На Готландзе ж я проста ашалела: вокны невялікага старажытнага горада, абведзенага мурам амаль у 3,5 км, не давалі мне праходу. Гэта сапраўдныя маленькія музейчыкі. То парцалянавых фігурак, то караблікаў, то свечнікаў… Напачатку было сорамна, што я ўвесь час імкнуся глядзець у вокны. А потым я пастанавіла, што гэтак і задумана было гаспадарамі, бо інакш навошта б яны іх так упрыгожвалі.
Востраў
Як добра гуляць у Батанічным садзе ўначы. Вядома ж, не ў менскім, бо той замыкаецца а 20-й гадзіне. Шпацыраваць добра ва ўтульным садзе Візбю, які нават уначы не замкнёны. А значыць, кветкі ў ім заўжды на свабодзе. І неістотна, што іх не відаць. Галоўнае, што і ты не пачуваешся замкнёным.
Выспа
Герб Готланда паўстаў у ХІІІ стагоддзі. На ім выява барана, які трымае сцяг. Баран уважаецца сімвалам Ісуса Хрыста. Цікава, што раней часам замест барана малявалі авечку. Але ў 1936 годзе прыхільнікі мужчынскага пачатку перамаглі, і выяву барана замацавалі афіцыйна. Полава-гербавы гармідар скончыўся. Але, як ні цяжка паверыць, на Готландзе жыве такая парода авечак (не кажуць жа парода бараноў), у якіх таксама растуць рогі. Поўсць у готландскіх баранчыкаў незвычайна мяккая. Паўсюль прадаюцца цудоўныя скуры. Неяк зранку пісьменнікі задаліся пытаннем, навошта яны — скуры — патрэбныя? Хто казаў — на падлогу класці, каб нагам цёпла было, хто прапаноўваў на сцяну дзеля прыгажосці павесіць. Я ж упэўненая, што на такіх скурах — адно кахацца. Скуру каханаму не прывезла, бо грошай столькі няма. Затое жарсці хапіла б на сотні скураў.
Востраў
З ліста Надзвычайнаму і паўнамоцнаму амбасадару Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану: «Усё сапраўды было паводле майго ўлюбёнага прынцыпу трох Э: Эстэтычна, Эратычна і Энергетычна. Нездарма ж у беларускай мове паводле правіла Э пішацца пад націскам. А не пад націскам пераходзіць у А. Адчувальна, Адчайна, Анёльна хацелася ў Беларусь. Яшчэ адзін мой прынцып, за які я ўдзячная Швецыі».




















Дата: сер, 11/01/2012 - 23:22 #
Дата: чцв, 12/01/2012 - 12:04 #
Дата: пят, 27/01/2012 - 08:42 #
Дата: сер, 08/02/2012 - 13:40 #
Дата: чцв, 09/02/2012 - 12:36 #
Дата: пят, 10/02/2012 - 13:02 #
Дата: нядз, 12/02/2012 - 05:25 #
Дата: пан, 27/02/2012 - 15:18 #
Дата: аўт, 28/02/2012 - 23:51 #
Дата: сер, 29/02/2012 - 13:33 #
Дата: чцв, 01/03/2012 - 18:53 #
Дата: пят, 02/03/2012 - 14:17 #
Дата: суб, 03/03/2012 - 16:17 #
Дата: нядз, 04/03/2012 - 04:49 #
Дата: аўт, 06/03/2012 - 13:26 #
Дата: чцв, 08/03/2012 - 13:18 #
Дата: суб, 10/03/2012 - 10:47 #
Дата: чцв, 15/03/2012 - 17:17 #
Дата: сер, 21/03/2012 - 08:21 #
Дата: нядз, 25/03/2012 - 18:01 #
Дата: сер, 04/04/2012 - 09:06 #
Дата: аўт, 17/04/2012 - 04:01 #
Дата: чцв, 19/04/2012 - 04:28 #
Дата: суб, 21/04/2012 - 04:07 #
Дата: сер, 25/04/2012 - 12:49 #
Дата: пят, 27/04/2012 - 10:29 #
Пакінуць новы каментар