№ 199 (291) 18 траўня 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ «Прыйдзі са сваім болем»
Свежы нумар часопіса «Дзеяслоў» (55) пачынаецца публікацыяй вершаў аднаго з вядомых нашых паэтаў старэйшага пакалення Генадзя Бураўкіна. Працытую адзін з іх, і гэтага, бадай, будзе дастаткова, каб палічыць такі зачын удалым:
Я вам скажу з дасведчанасцю
ўсёй:
Не загружайце памяць
непатрэбшчынай —
Палітыкаю, варажбой, папсой,
Пустой гамонкай і дурнымі
вершамі.
Не трацьце час на познюю
гульбу,
На хмельны сон і спадзяванку
гіблую,
На лёс не закапыльвайце губу —
Шапчыце модлы і чытайце біблію.
Раман-прыпавесць Алеся Пашкевіча «Сім победиши» — гэта, калі не новае, дык адназначна адметнае і важкае слова ў творчасці гэтага пісьменніка.
Прываблівае да чытання чысты і нязмушаны для такога складанага жанру стыль. Да ўсяго аўтар не дае расслабіцца чытачу згусткамі насычанай дакументальнай інфармацыі (сама фактура пры гэтым яшчэ і паступова развівае сюжэт твора), для чаго аўтару давялося добра-такі паштудзіраваць архіўныя і музейныя матэрыялы не толькі ў Беларусі. Твор зманціраваны на асацыяцыйных гістарычных паралелях жыццёвага расійскага ладу ў прамежку пяціста (500) гадоў, а менавіта ад уцаравання Івана ІV (Грознага або Жахлівага) да пасляперабудоўчых пострэвалюцыйных стагнацый прэзідэнцтва Барыса Ельцына. Аўтар змог сабраць бліскучую гістарычную (параўнальную) фактуру, якая накладваецца на два гэтыя перыяды і як пад капірку выяўляе станаўленне, духоўную сутнасць ды імперскую зможанасць расійскай дзяржавы, дзе перыядычна змяняецца фасад, але табулюецца ўнутраны змест…
Вельмі ўражліва выпісаны эпізоды кіравання Івана Жахлівага, асабліва падчас яго душэўнай і псіхічнай хваробы, дзе садызм і паглум над чалавечым духам і целам былі амаль нормай. Прасвятленні розуму ненадоўга варочалі да спробаў праведнага жыцця і выбудовы цярпімага ладу. Але прага — не так быць на справе, як звацца трэцім Рымам — скрыўляла і паралізоўвала свядомасць і цвярозы розум… Малаздольная да выпраўлення гістарычных памылак і новая ўлада.
Пашырэнне імперскіх межаў і грубае парушэнне нацыянальных ліній прыводзіла, груба кажучы, да звужэння сасудаў галаўнога мозгу і спрошчвання яго звілін… Аднак (у тым ліку і не ў апошнюю чаргу пад уплывам знешняга фактару) адбываецца ацвераджэнне і непазбежны роздум над будучыняй дзяржавы і народу.
Ёсць і трэцяя ўскосная, па-над усім акрэслена выстраеная, звязваючая агульны сюжэт лінія — духоўна-біблейская, сімвалізаваная на пошуках рукапіснага (інкунабулы) «Евангелля ад Яна». Гэта святая кніга, якая пазбаўляла немачы і вяртала да жыцця тых, хто ў цяжкія хвіліны судакранаўся з ёй, але адных заклікала да духоўнага славянскага яднання, другіх жа — да славянскага з’яднання і свайго вяршэнства ў ім…
Кажуць, што часта гісторыя паўтараецца ў выглядзе фарсу. Бывае і так. А. Пашкевіч паспрабаваў давесці чытачу сваё бачанне сітуацыі ў славянскім свеце літаратурнымі сродкамі. Намагаўся, наколькі можна, паўстаць над актуальнай вострай праблемай сучаснасці, у тым ліку і для нашай краіны, і, як мне падаецца, змог у гэтай няпростай праблематыцы выказаць уласнае бачанне і пры гэтым захаваць у прыстойнасці свой пісьменніцкі і чалавечы твар. А тое, што сам раман, як мастацкі твор, стаў удачай аўтара, бачна не толькі па актуальнасці і займальнасці яго сюжэту, але і па жывой беларускай мове і адмысловым стылі пісьма. Вось цытата, дзе нават у такога спакойнага чалавека, як ЛеГАЛ, перахоплівала дыханне:
«Раптам успалашыліся коні. «Ваўкі! Ваўкі-ы-ы!!!» — закрычалі ззаду. Максім Грэк адхінуў скураную апону і адразу ўбачыў іх: доўгая зграя гонкіх шэра-чорных звяроў злятала са снежнага ўзгрыўку наперарэз ягоным саням. Два ўпрэжаныя конікі нярвова захраплі, заматлялі прыўзнятымі галовамі — і рванулі ўбок, далей ад ікластай зграі. Дзесьці пад імі і снегам рака нечакана падала ўніз. Водны парог быў нябачны, хоць і не замерзлы.
— Стой! Сто-ой!!! — роў на коней вознік, а на возніка — праваднікі з абозу. Гохнулі некалькі пішчольных стрэлаў, і ў той момант палазіна саней натыркнулася на штось цвёрдае (камень?), сані рэзка віхнуліся набок, штосьці пад імі хруснула — і Максіма абдало марозным агнём. Ён хапіў паветра — і ледзь не захлынуўся вадой. Узняў руку, зачапіўся за апону і паспрабаваў прыўзняцца — ды зноў уваліўся ў марозны кіпень. Затым чыясь моцная рука сціснула ягоную — і выцягнула на свет Божы…
Спалоханыя коні, паламаўшы аглоблі, крышылі грудзьмі лёд, сані патанулі ў снезе і бурлівай вадзе, а над Максімам паўставала парнае воблака. Каля яго завіхаўся палеаложскі прыслужнік Сілуан, які выцягнуў манаха з халоднага віру і накрыў доўгай скурай.
Стрэлы напалохалі зграю, і ваўкі раптоўна, як і з’явіліся, зніклі. Як цені д’яблавыя…»
Усе героі і падзеі ХVІ стагоддзя ў рамане сапраўдныя (сярод іх ёсць і вядомыя людзі з нашымі каранямі, як Міхал Глінскі, Іван Федаравіч ды іншыя), а героі зусім нядаўняга часу, хоць і выдуманыя аўтарам, але маюць сваіх пазнавальных прататыпаў.
Выкажу думку, што гэты выбітны твор напрошваецца на расiйскі пераклад, каб у пошуках сваіх прыхільнікаў паблукаць па ўсё яшчэ неабсяжных прасторах цяпер ужо адзінамытнай «славянскай» саюзнай дзяржавы…
Паэма Уладзіміра Някляева «Турма» — рэч складаная, хоць, чытаючы яе, можа скласціся ўражанне пэўнай аўтарскай лёгкасці і непрыхаванай размашыста-напорыстай упэўненасці (экспрэсіўнасці) аўтара ў яе выкананні (стварэнні). Да гэтага схіляюць і кароткі час (25-31.ХІІ.2010), і непрыдатнае месца для напісання паэмы (унутраная турма КДБ). Вонкавы версіфікацыйны гламурны лоск твора не гарманіруе і ўступае ў падсвядомасную барацьбу з унутраным псіхалагічным асуджальна-змагарным згусткам энергіі яе героя-нявольніка. Як па мне, дык не хапае натуральнасці астрожнага «духу», які збіваў бы з ног і забіваў духі чытачу, спараджаючы супраціў чалавечага духу.
Дэкламацыйна-жэставы аднастайны рытмічны стыль, здавалася б, больш падыходзіць да эскізнага вобразу гэткага рамантычна-бунтарнага «гаўроша», чым да зняможанага, але трывучага і не губляючага надзеі да апошняй затухаючай іскры «праметэя». Але не будзем забываць, такі быў на той час псіхалагічны ды і фізічны стан паэта, такі пульс, такі артэрыяльны ціск, такі рытм (хоць па ўсім вымагалася арытмія). Аднак жа, як і ў кожным таленавітым творы, усе гэтыя (на мой суб’ектыўны густ) нестыкоўкі кампенсуюцца хваравіта-ўзвышаным і балюча-натхняльным жарам паэта, які не дазваляе чытачу ні на ёту ўсумніцца ў адчайнай шчырасці яго гіблага становішча, магчымых дзей і спраўджаных «учынкаў» у імя вызвалення не толькі сваёй смяротнай плоці, але і канчатковага разняволення ўласнай душы…
І воля ў часе мусіць выспець —
І вы для волі ў час саспець.
Прымі яе. Гадуй. Спялі.
Няхай расце. Няхай мужае.
Зямля і воля на зямлі —
Або свая, або чужая.
Паэма на два галасы ў адным — як бы дыялагічная, хоць асновай яе ідэі ёсць суцэльны маналог спакутаванага ад турэмных і сваіх унутраных пературбацый галоўнага героя, які хоча спраўдзіць волю ўласнага свабодалюбівага духу насуперак сатанінскай аблогі ўсяго, што прагне самасці. Бо турма, як антыгерой, хоча скарыць свайго нявольніка, а не скарыцца яму, тады як яе астрожнік — наадварот, сваёй акамулятыўнай змагарнай энергіяй хоча разбурыць мур цемры і знявечання. Імкнучыся на волю да Волі (каханай жонкі), паэт намагаецца паўстаць і над уласнай творчай прыгнечанасцю дзеля стварэння высокага мастацтва жыцця, якое свабодна выходзіць вонкі з любой змусам створанай абмежаванасці… Паднебная чалавечая існасць паўстае над прыземленай людской сутнасцю. Аказваецца, турма — унутры нас, а не вакол нас… Мы — нявольнікі ўласнай турмы.
Разбурэнне яе і выйсце адтуль залежыць менавіта ад нашай волі. Спадзяюся, прафесійныя крытыкі яшчэ палемічна і глыбока паразважаюць над гэтым неадназначным, але выбітным і арыгінальным творам сучаснай беларускай паэзіі. Ён таго варты.
Мне спадабалася другое апавяданне Евы Вежнавец («Любоў зла»), і ў гонар яго вартасці я не схацеў «чапаць» першы яе аповед («Заўжды адна»), які мне падаўся «выкідышам»… Разумею, што мастацтва патрабуе ахвяр, але ахвяр не дзеля хоць якой вядомасці творцы, а дзеля ўзвышэння і вядомасці твора і самога мастацтва… Словам, прачытаўшы два аповеды Евы Вежнавец, я задумаўся. Пэўна, і гэта не лішняе…
Нізка вершаў Таццяны Беланогай — своеасаблівая дзявочая лірыка душы, у меру экспрэсіўная і пачуццёвая, гэткі ўдалы сімбіёз чыстай паэзіі і бардаўскіх спавядальных тэкстаў. Да ўсяго часопіс зрабіў падарунак сваім падпісчыкам і прыклаў да нумара плытку з песнямі ў цудоўным выкананні Таццяны.
Таленавіты новапалачанін Вінцэсь Мудроў выдрукаваў навелу «Шпег», што засталася ў яго ад колішняга, пацярпелага на пажары, аповеда. З падсветкай іроніі, займальная, чытэльная рэч… Але мне чамусьці шкада таго, што пайшло попелам…
Вершы Вольгі Чайкоўскай гэтым разам мяне не асабліва ўразілі, нягледзячы на яе заклінанні:
Мне б узімку каб натхнення
Ты з нябёсаў прыносіў вёдрамі.
Я магу быць тваім збавеннем —
Саграваць цябе ад зімовага холаду
Сваімі дзявочымі сцёгнамі.
Цікава чытаюцца нататкі-ўспаміны Алеся Усені (пачатак у папярэднім нумары, а працяг будзе ў наступным). Яны жывыя і непадробныя, хоць і не маюць высокай мастацкай вышкаленасці. Кідаецца ў вочы і адкладваецца ў памяці, што аўтар ледзь не ў кожным тэксце просіць прабачэння ў людзей за тыя ці іншыя, згаданыя ім у тэкстах, колішнія непрыглядныя ўчынкі. Не кожны пісьменнік сёння схільны прызнаваць свае жыццёвыя паразы, няхай сабе і «заднім чыслом». У А. Усені прычына для адваротнага відавочная — сумленнасць і спавядальнасць.
Тры аўтары дэбютуюць з вершамі, і падборку ніводнага з іх я пакуль не назваў бы ўдалай. Усе яны пакуль вучнёўскія ці, лепш сказаць, пачаткоўскія.
Найбольш адметная і выразная на гэтым фоне Марына Верабей. Але і яе вершам, прэтэндуючым на арыгінальнасць, бракуе самадастатковасці, як у версіфікацыі, так і ў мыслярстве. Двум іншым — тым больш. Каб не быць галаслоўным, працытую радкі з вершаў Мікіты Прыходзькі:
Адзінота…
Сумнае слова…
Быццам сэрца тваё памірае…
І наўслед гэтаму ў наступным яго вершы:
І прыемна, нат, у адзіноце
Сэрцы нашы б’юцца ва ўнісон…
Далёка не адыходзячы ад аднатэмнасці, напрошваюцца на агалошванне і два радкі з верша Даны Антановіч:
То ж сэрца маё ірвецца.
Да сэрца мой сцяг прывяжы…
Як бачым, у згаданых перспектыўных аўтараў трапяткія, чуйныя да любых праяў жыцця сэрцы, таму ў іх яшчэ ёсць час для ўдасканальвання свайго паэтычнага майстэрства і літаратурнага густу. Пажадаем ім удачы.
Неўпрыкмет стала ўжо традыцыйнай рубрыка ««ПрайдзіСвет» у «Дзеяслове»». Гэтым разам прапануюцца пераклады адметных твораў прозы і паэзіі афрыканскіх аўтараў.
Сяргей Шапран у рубрыцы «Архівы» працягвае «пісаць» кінадраматургічны лёс Васіля Быкава. Гэтым разам чытачы маюць магчымасць пазнаёміцца з лёсам кінасцэнарыя трохсерыйнага фільма «Кровавые версты войны», «зманціраванага» з ранейшых экранізацый аповесцей «Журавлиный крик» і «Атака с ходу», а таксама трэцяга арыгінальнага кінасцэнарыя «За два шага от победы».
Даволі цікавыя (у сэнсе фактуры) запісы Уладзіміра Сіўчыкава, названыя «З «Лысагорскіх» нататак і фацэцый».
Эдуард Дубянецкі выступае з артыкулам «Шызафрэнізацыя культуры ў эпоху глабалізацыі», у якім адважыўся крытычна закрануць цэлы шэраг вядомых літаратурных імён. Магчыма, дачакаемся пэўнага рэзанансу. Прынамсі, будзем на тое спадзявацца, бо падобная зацікаўленая з усіх бакоў публічная гаворка пра сучасны літаратурны працэс даўно наспела…
У мяне не выклікае сумненняў, што адна з найлепшых гутарак Андрэя Масквіна ў рубрыцы «Словы» якраз гэтая — «Майго часу не было і не будзе…» (з выбітным паэтам са Скідзеля Алесем Чобатам). Тут ёсць аголены нерв і выяўлена неардынарная асоба. Раю ўсім пачытаць.
Чытач павінен звярнуць увагу на сапраўды крытычныя рэцэнзіі Алесі Лапіцкай (на зборнік прозы М. Шчура) і Дзяніса Марціновіча (на кнігу В. Ледзянёва), чарговую гутарку Кацярыны Безмацерных з сям’ёй мастакоў Вольгі ды Ігара Гардзіёнкаў, а таксама на творчы партрэт паэта-юбіляра з берасцейшчыны Алеся Каско, напісаны аўтарам гэтага агляду.
І напрыканцы — вершаванае «аліўе» да навагодняга чытацкага стала — калектыўная электронная паэма жартоўнага складу «Буслан і Жамбіла», якую напісалі сябры «Літаратурнага Прадмесця». Рэч на любіцеля (уласна я не дачытаў). Ну і рубрыка з анатацыямі новых выданняў «Дзеяпіс» канчаткова давяршае публікацыі нумара.
Прыемнага Вам чытацкага пераходу са старога ў новае часопісагоддзе!
ЛеГАЛ




















Пакінуць новы каментар