№ 199 (291) 18 траўня 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ «Нявечны каляндар»
Выдавецтва «Белы Крумкач» папоўніла свае паліцы яшчэ адным выданнем — «Нявечны каляндар» (Познань, 2009). Кніга нефарматная і нетыповая. Па-першае, у яе два аўтары. Аўтар тэкстаў Віталь Воранаў, для якога гэта адначасна кніжны дэбют. Ілюстрацыі выканаў Марк Максімовіч, беларускі мастак з Гародні.
Колькасць старонак кнігі — чортаў тузін. Кожная старонка адпавядае аднаму месяцу, які суправаджаецца выцінанкай, ці дакладней будзе сказаць, выразкай Марка Максімовіча. Адначасна ў кожным аркушы каляндар на адзін год. Дні тыдняў падаюцца ў версіі, якая выкарыстоўвалася Вацлавам Ластоўскім (панядзелак — гэта, напрыклад, «месіч»). Усяго ў кнізе «прадстаўленыя» дванаццаць гадоў, якія пачынаюцца 2009-ым і заканчваюцца на 2020-ым. Паводле канцэптуальнай задумы кожны год будучыні суправаджаецца ўжо мінулым годам. Ідэя — усё паўтараецца, усё адбываецца паралельна і адначасна ў мінулым і ў будучым. Паўтараюцца таксама ілюстрацыі выразак на адным і на другім баку календара, якія зачыняюцца па прынцыпе аканіц. З другога боку кожнай «аканіцы» мініяцюра Віталя Воранава, усяго 13 тэкстаў, аб’яднаных тэматыкай смерці, якія паходзяць з апублікаванага («Беларус», 2008) у фрагментах зборніка «Рэканструкцыя дзяцінства». Тэксты падаюцца на левай «аканіцы» ў ангельскамоўным перакладзе Скота Корбы, мастака з беларускімі каранямі.
Колер кнігі таксама адпаведны — чорна-белы. Абавязковая двумоўнасць выданняў — мэтанакіраваная палітыка выдавецтва. Праект выдання па-майстэрску выканала Алена Сілівонік, прафесійная дызайнер-мастачка з Менска. Нетыповасць заключаецца таксама ў форме аб’яднання старонак, якія складзеныя па прынцыпе паштовак і — як савецкая пасылка — перавязаныя шнуром. Пасля «развязання» кнігу можна выкарыстоўваць як настольны каляндар ажно да 2020 года.
«Нявечны каляндар» — гэта адказ нудным рэкламна-тэматычным календарам, якія штогод залягаюць на паліцах кніжных крамаў, на доўгія дні замаруджваюць працу друкарняў і гэтым самым замінаюць рэалізацыі мастацкіх праектаў. «Нявечны каляндар» — пахвала моманту і мастацтву.
Лёнік Шышко-Карамелька




















Пакінуць новы каментар