/ Мядзел. Вілейка. Глыбокае. Паставы. Полацк. Шаркаўшчына

/ Мядзел. Вілейка. Глыбокае. Паставы. Полацк. Шаркаўшчына

Мядзел. Выстава за выставай

У музеі Народнай славы Мядзела адкрылася выстава «Беларуская вопратка: ад мінулага да сучаснага». На ёй дэманструюцца мужчынскія і жаночыя шляхецкія касцюмы, народныя строі і сучаснае адзенне з ільну. Наведвальнікі маюць магчымасць сфатаграфавацца ў народным ці шляхецкім убранні. А на выставе «Музыка гістарычных сядзіб», што месціцца побач, можна паслухаць творы беларускіх кампазітараў ХІХ стагоддзя, даведацца шмат цікавага пра іх аўтараў.


Вілейка. Трафеі на выставу


1 сакавіка ў мясцовым краязнаўчым музеі арганізавана новая выстава «Трафеі Перамогі». Супрацоўнікі гэтай установы звярнуліся да грама­дзян, каб усе жадаючыя паўдзельнічаць у мерапрыемстве прынеслі прадметы часоў другой сусветнай вайны. У музеі ўжо ёсць частка экспанатаў з Нямеччыны — посуд, гадзіннік, акардэон. Пасля заканчэння выставы, якую ўрачыста адчыняць 9 мая, рэчы будуць вернуты гаспадарам.


Глыбокае. З гісторыі Дажынак

Дажынкі на Беларусі маюць векавую традыцыю. А вось як яны падаюцца ўладамі — справа іншая. Блогерка ocheretniya выклала ў сеціве галерэю старых здымкаў з Дажынак, якія праходзілі ў Глыбокім у 1934 годзе. Гэтыя матэрыялы ўзятыя з польскага Народнага лічбавага архіву, дзе можна знайсці і іншыя цікавыя архіўныя звесткі па гэтаму краю. У беларускім ЖЖ глыбоцкія даваенныя Дажынкі выклікалі надзіва гарачыя дыскусіі. Блогер kryviec піша: «Неверагодна прыгожыя здымкі! Абавязкова глядзець тым, хто верыць бальшавіцкім байкам пра «польскі прыгнёт», асабліва на фоне таго, як у БССР усё народнае пачало вынішчацца, як «перажыткі» аджылага ладу, а Купала брыдка апяваў урбаністычны наступ на традыцыі. Таксама параўнайце, у што гэта ператварылася сёння».


Паставы. Дапаможнік школьнікам

У мінскім выдавецтве «Кнігазбор» выйшла кніга краязнаўцы Ігара Пракаповіча «Чароўны край — Пастаўшчына». Паводле анатацыі, кніга «адрасуецца вучням, настаўнікам, студэнтам, краязнаўцам, турыстам, і ўсім, хто цікавіцца родным краем», аднак падзел тэксту на параграфы паказвае, што выданне ў першую чаргу разлічвалася для школьнікаў, якія будуць займацца на факультатыўным курсе «Паставазнаўства». Тэкст выдання прыцягвае да сябе ўвагу сваёй якасцю і грунтоўнасцю. Добры і ілюстратыўны матэрыял — некалькі сотняў фотаздымкаў, картаў, малюнкаў, копіяў дакументаў ствараюць выдатнае графічнае суправаджэнне тэксту. Пытанні, якія аўтар змясціў пасля кожнага параграфа, мусяць спрыяць засваенню і асэнсаванню ведаў па гісторыі роднага краю. Апісанне гісторыі Пастаўскага раёна выдатна ўпісана ў агульны кантэкст гісторыі Беларусі. Такім чынам, чытачы змогуць паглядзець на гісторыю краіны праз прызму гісторыі сваіх родных мясцінаў, што, безумоўна, паспрыяе засваенню вучнямі ведаў па гісторыі Беларусі.


Полацк. Завітаў бард


На гэтым тыдні на Полаччыну завітаў вядомы беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч. На працягу дня ён правёў некалькі сустрэч са студэнтамі і школьнікамі Полацка і Наваполацка. А ў бібліятэцы імя Якуба Коласа ў Наваполацку адбылася вялікая творчая вечарына з вядомым выканаўцам. Імпрэзы арганізаваныя суполкай «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны з дапамогай грамадзянскай ініцыятывы «Будзьма беларусамі».


Шаркаўшчына. Інтэрнэт пенсіянерам

Лідэр «Дыскусійнага клуба 24» Уладзімір Рамановіч плануе арганізаваць шэраг сустрэч па тэме «Роля кампутара і інтэрнэта для наладжвання камунікацыі паміж людзьмі сталага ўзросту». Сваю думку Уладзімір Рамановіч абгрунтоўвае так: «Гэта мяне зацікавіла яшчэ некалькі месяцаў таму. Калі маці сказала, што даўно не была ў сваіх родных у Вільні, бо трэба віза дый праезд для яе не танны. А такіх людзей шмат. Зразумела, што ў асноўным актыўнымі карыстальнікамі сеціва з’яўляюцца асобы да 40 гадоў. А людзі больш сталага ўзросту лічаць, што ім гэта не патрэбна, бо не бачаць сэнсу. Вось я вырашыў з дапамогай удзельнікаў клуба і запрошаных гасцей больш дэталёва высветліць перспектывы і рэалізацыю ідэі». Напрыканцы лютага першы семінар-дыскусія па гэтай тэме прайшоў у пасёлку Германавічы ў прыватным мастацка-літаратурным музеі імя мастака Міхася Райчонка. Сярод прысутных былі мясцовая актывістка і куратар праекта Ада Райчонак, музыка, паэт і бард Андрэй Хадановіч.
 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча.

 

СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ:
• Эканоміка і кіраванне;
• Адміністрацыя/кіраванне (прадпрымальніцтва, недзяржаўныя арганізацыі, культура, ахова навакольнага асяроддзя, служба аховы здароўя);
• Грамадская адміністрацыя (цэнтральныя органы дзяржаўнай улады і органы мясцовага самакіравання);
• Права;
• Грамадскія навукі (грамадская псіхалогія, сацыялогія);
• Палітычныя навукі і міжнародныя адносіны;
• Палітыка развіцця і гуманітарная дапамога.

 

ХТО МОЖА СКЛАДАЦЬ ЗАЯВЫ?
У 2011/2012 навучальным годзе Праграма Кіркланда будзе адрасавана спецыялістам з наступных кірункаў:
• эксперты, палітыкі, супрацоўнікі органаў дзяржаўнай улады і ўстаноў мясцовага самакіравання;
• прадпрымальнікі, менэджэры;
• лідэры недзяржаўных арганізацый, грамадскія і культурныя дзеячы;
• выкладчыкі ВНУ;
• журналісты.

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 

Яны вас чакаюць!

Молі — самая вясёлая дзяўчынка ў свеце!



Яна заўсёды нешта выдумляе, можа гуляцца бясконца, нават на самы маленькі знак увагі адказвае бязмежнай радасцю! Яна вельмі любіць дзяцей, добра ладзіць з іншымі жывёламі. Молі яшчэ маладая — ёй амаль годзік, часам паводзіць сябе як дзіцё, таму шукае сям’ю, дзе ёй змогуць падараваць дастаткова ўвагі і займацца яе выхаваннем. І Молі адплаціць любоўю і адданасцю.

Рост кала 40 сантыметраў, стэрылізаваная. Яна добрая ахоўніца, звонкі званочак!

Молі апякаюць валанцёры, пакуль яна не сустрэнецца з ВАМІ!

Тэлефануйце! 8-029-775-57-53 Анастасія

-------------------------------------------------------

Эдвін — котка, якая ніколі не сумуе!


Нават калі няма кампаніі, яна можа і з уласным хвастом пагуляцца. Гэта не котка — а паласатая маланка з вусамі. Эдзі па натуры лідар, у яе востры розум і арыгінальны погляд на звычайныя прадметы. Яна цудоўна ведае, што такое латочак. А яшчэ не баіцца вады. Котцы 8 месяцаў.