xxx

/ Любоў — халодная вайна

/ Любоў — халодная вайна

Беларусь з шыкам адсвяткавала Дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наступнае маштабнае свята з гэтай катэгорыі — дзень перамогі над фашызмам. Але перамога перамогай, а гандлёвыя войны паміж Расіяй і Беларуссю не сціхаюць. І ніхто не можа прадказаць, хто ж у гэтых войнах выйдзе пераможцам.

(На здымку: Арцём Дубск)


6 ліпеня на нарадзе ў Растове-на-Доне гендырэктар “Растсельмаша” Валерый Мальцаў заявіў пра “скрыты” імпарце беларускай сельгастэхнікі ў Расію. Паводле яго слоў, беларускі “Гомсельмаш” пастаўляе тэхніку ў Бранск, дзе на машынах “мяняюцца этыкеткі, афармляюцца дакументы як на вырабленыя ў Расіі, і потым на іх распаўсюджваюцца расійскія льготы”.

Прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін паабяцаў гэтыя звесткі праверыць. Як зазначалася на нарадзе, урад РФ выдзяляе субсідыі пры куплі расійскай сельгастэхнікі. Апрача таго, дзейнічае рашэнне, згодна з якім бюджэтныя сродкі можна накіроўваць на закупку сельгастэхнікі, якая вырабляецца ў Расіі. Пуцін падкрэсліў, што даступнасць рынкаў Расіі і Беларусі павінна быць раўназначная.

У сваю чаргу на расіян паскардзіўся беларускі віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка. “Расія пакуль не пагаджаецца на субсідзіраванне на парытэтнай аснове закупак беларускай тэхнікі. І сёння можна канстатаваць, што ідзе забарона на рэалізацыю беларускай тэхнікі”, — сказаў ён.

8 ліпеня на беларуска-расійскіх перамовах у Мінску абмяркоўвалася праблема ўзаемных паставак сельгастэхнікі. Для ўдзелу ў перамовах у Мінск накіравалася дэлегацыя расійскага Саюза вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання для АПК (“Саюзаграмаш”). Да чаго яны там дагаварыліся, пакуль невядома. Але прагнозы экспертаў несуцяшальныя.

“Гандлёвыя войны” Беларусі і Расіі будуць працягвацца, заявіў 7 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску эканаміст Яраслаў Раманчук.

“Безумоўна, будзе расследаванне наконт дэмпінгавых паставак беларускім бокам аграрнай тэхнікі ў Расію. Наколькі мне вядома, Расія вярнула нам чатыры тысячы трактароў, бо яны былі дрэннай якасці. І гэтыя трактары былі адпраўлены ў Туркменістан”, — сказаў Раманчук.

Таксама, паводле яго слоў, будзе працягвацца “перманентны нафтагазавы канфлікт”. “З бюджэту знікла 8 трыльёнаў рублёў кампенсацыі на перапрацоўку нафты, што робіць бессэнсоўнай перапрацоўку нафты ў Беларусі. Такім чынам, можна меркаваць пра скарачэнне перапрацоўкі нафты на нашых камбінатах”, — заявіў эканаміст.

На яго думку, узнікнуць пытанні наконт працы “Белтрансгаза”. “Хутчэй за ўсё, беларускі бок будзе патрабаваць крэдыты пад перадачу Расіі 50% акцый гэтага прадпрыемства. Беларускі бок будзе па-ранейшаму настойваць, што гэты пакет каштуе 5 мільярдаў долараў. Расійскі бок будзе настойваць на меншай цане, бо цэны на газ змяніліся”, — лічыць Раманчук.

Ён таксама прагназуе праблемы з доступам расійскіх кампаній на беларускі банкаўскі рынак. “Нядаўна ў Беларусь прыязджаў Герман Грэф (кіраўнік расійскага “Ашчадбанка”), які прапрацоўваў пытанне пра набыццё “Белпрамбудбанка”. На якіх умовах прадаваць банкі, якім чынам даваць доступ расійскаму капіталу на беларускі банкаўскі рынак — наконт гэтага беларускі бок будзе гандлявацца”, — прагназуе Раманчук.

“Таксама будуць параўнальна дробныя пытанні накшталт доступу на расійскі рынак беларускага мяса, малака і іншага. Таму што ні па адной таварнай групе няма дамоўленасцей. Карацей, нас чакае вельмі цікавы канец лета, пачатак восені і вельмі цікавы канец года”, — заключыў Раманчук.

Невядома, за што і як будзе гандлявацца Беларусь з Расіяй. Але ў гандлі з Еўропай беларускія ўлады скарыстоўваюць даўно правераную і эфектыўную тактыку. Здавалася б, пасля вызвалення Эмануіла Зельцэра ў Беларусі не засталося тых “закладнікаў”, з-за якіх можна было б гандлявацца. Але логіка тут простая: калі іх не засталося — дык зробім!

7 ліпеня быў асуджаны актывіст міжнароднай моладзевай арганізацыі “Малады фронт” (Чэхія) Арцём Дубскі. Дубскі прызнаны вінаватым у злачынстве, прадугледжаным артыкулам 415 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Моладзевага актывіста ўзялі пад варту непасрэдна ў зале суда.

Суд прыгаварыў Дубскага да шасці месяцаў утрымання ў калоніі агульнага рэжыму па артыкуле 415 КК, а таксама прыняў да ўвагі тое, што ён павінен адбываць яшчэ адзін год абмежавання волі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі прадпрымальнікаў у студзені 2008 года. Гэта пакаранне ў дачыненні да Дубскага залічваецца як “два дні за дзень” — гэта значыць, два дні абмежавання волі лічацца як дзень, праведзены ў калоніі. На падставе гэтага суддзя змяніла пакаранне Дубскаму з абмежавання волі на ўтрыманне ў калоніі. Такім чынам, ён павінен правесці ў калоніі год.

Шмат якія праваабаронцы і аналітыкі ацанілі такі прысуд як “узяцце закладніка”. Асабліва на тым фоне, што сусветная праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Арцёма Дубскага і яшчэ дзесяць грамадскіх актывістаў, асуджаных за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў, вязнямі сумлення. Тут сапраўды ёсць за што гандлявацца. Больш за тое, Дубскі як злосны парушальнік рэжыму пакарання не падпадае пад амністыю, якая праходзіць зараз у Беларусі.

А пакуль нашы суды змагаюцца са “злоснымі парушальнікамі”, з не самымі апошнімі асобамі нашай такой роднай і такой саюзнай дзяржавы ў Беларусі адбываюцца анекдоты. 2 ліпеня ў дзяжурную часць Брэсцкага аддзела ўнутраных спраў на транспарце звярнуўся дарадца мэра Смаленска. Ён сказаў, што з купэ цягніка “Масква — Берлін”, у якім разам з мэрам ён ехаў за мяжу, была выкрадзена яго сумка, у якой знаходзіліся асабістыя рэчы дарадцы, а таксама два пашпарты — яго і мэра. 5 ліпеня выкрадзеная сумка была знойдзена супрацоўнікамі АУСТ недалёка ад чыгуначнай станцыі Цеўлі Кобрынскага раёна. У ёй было ўсё, апрача грошай, што належалі дарадцу.

Ці знойдуць тых, хто пакрыўдзіў дарадцу Смаленскага мэра, — невядома. Звычайна такія справы канчаюцца “вісякамі”. Што, дарэчы, якраз і не дзіўна ў рэчышчы гандлёвых войнаў.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).