xxx

/ Лукашэнку надакучыла быць прэзідэнтам?

/ Лукашэнку надакучыла быць прэзідэнтам?

Канец мінулага тыдня і пачатак гэтага не абяцалі ніякіх сенсацый. Усё было ціха, спакойна, і нават прымаўка пра тое, што лепшая навіна — гэта адсутнасць навінаў, цалкам сябе апраўдвала. Але ж у сярэдзіне тыдня мы дачакаліся сенсацыяў. Ды яшчэ якіх!

20 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай. Ён шмат з кім сустракаўся без асаблівых вынікаў. Але зараз вынікі ашаламляльныя: было прынята рашэнне, што чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у пачатку 2011 года, а выбары ў мясцовыя саветы — у другой палове вясны 2010 года.

Раней выказвалася хваляванне, што ўлады могуць сумясціць гэтыя кампаніі. Але Лукашэнка — супраць. Паводле яго слоў, сумясціўшы абе­дзве кампаніі, «мы мала што выйграем эканамічна і фінансава, але паставім пад пытанне найперш прэзідэнцкія выбары». «Таму я прыхільнік таго, каб «развесці» гэтыя палітычныя кампаніі. І як мага большы прамежак пакінуць для падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў», — патлумачыў ён.

Канешне, мы пачулі і пра тое, што Лукашэнка «прыхільнік правядзення чэсных, справядлівых і, самае галоўнае, адкрытых палітычных кампаній — як у саветы дэпутатаў, так і прэзідэнцкай». «Я маю на ўвазе, што трэба даць усім роўныя магчымасці для падрыхтоўкі і ўдзелу ў гэтых кампаніях. Асабліва ў прэзідэнцкай кампаніі», — паведаміў кіраўнік дзяржавы.

Таксама Лукашэнка прыняў рашэнне пра тое, што выбарчае заканадаўства Беларусі будзе лібералізавана. ЦВК унясе шэраг прапаноў, скіраваных на ўвасабленне некаторых прапаноў АБСЕ і беларускіх палітычных партый, якія тычацца мераў па дадатковай ахове скрыняў для галасавання, забеспячэнні на­дзейнасці датэрміновага галасавання і іншых тэхнічных момантаў.

Што тут можна казаць? Канешне, як казаў таварыш Сталін, галоўнае, не як галасуюць, а як лічаць. Але ж, можа, сам таго не ведаючы, Лукашэнка даў фору беларускай апазіцыі. Бо праца з насельніцтвам — гэта якраз і ёсць моцны бок апазіцыйных арганізацый. Шмат што зрабілі менавіта ў сваіх раёнах прадстаўнікі Руху «За Свабоду», моладзевых арганізацый, іншых няўрадавых структур. Пад іх ціскам мясцовыя ўлады асфальтавалі дарогі, рабілі капітальныя рамонты жылля, асвятлялі вуліцы ў шмат якіх мястэчках... Пра грамадзянскія кампаніі ў Мінску ў абарону Лошыцкага парка, за захаванне Севастопальскага парка, абарону жыхароў вуліцы Карла Маркса ўвогуле можна згадваць доўга. Так што Лукашэнка аддаў апазіцыі даволі перспектыўнае поле для прапаганды сваіх ідэй напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Тым больш, што шмат якія лідэры апазіцыйных арганізацый ужо былі дэпутатамі мясцовых саветаў.

З другога боку, Лукашэнка не пакінуў апазіцыі часу «жаваць соплі», бясконца абмяркоўваючы планы стварэння шматлікіх дэмакратычных кааліцый, выстаўляць умовы для выбараў «адзінага кандыдата» і абвяргаць іх... Апазіцыя зараз будзе проста вымушаная дзейнічаць «у тэмпе вальса», а патэнцыйныя дэмакратычныя кандыдаты ў прэзідэнты — пазбавіцца шмат якіх уласных амбіцыях і персанальных прэтэнзіяў да сваіх жа калег.

З трэцяга боку, усе разумеюць, што кошты на газ і нафту ад Расіі будуць павышаныя як 1 студзеня 2010 года, так і 1 студзеня 2011 года, што непазбежна выкліча рост камунальных плацяжоў, і, адпаведна, незадавальненне народа. Усе разумеюць, што крызіс у 2010 годзе не скончыцца. Такім чынам, абвяшчэнне выбараў у гэты час — мужны і рызыкоўны крок.

Такое ўражанне, што Аляксандру Лукашэнку папросту надакучыла быць прэзідэнтам. І, быццам, махнуў ён на ўсё рукою: «А каціцеся вы лесам! Самі разбірайцеся з Расіяй, гэтым крызісам, Захадам і Усходам! Надакучыла мне гэта! А як разбярэцеся, можа, праз гадкоў пяць я зноў падам на прэзідэнцтва».

Але здзівіў нас не толькі Лукашэнка. Сапраўды, не толькі палітыка здзіўляе. Зусім нечакана, пасля дамашняга паражэння хакейнай каманды «Дынама» (Мінск) ад хабараўскага «Амура» (з лікам 1:4), трэнерскі штаб хакейнага клуба «Дынама» (Мінск) у поўным складзе адпраўлены ў адстаўку. Пад раздачу тумакоў патрапілі канадзец Глен Хэнлан і яго памочнікі Шон Сімпсан, Дэйв Л’юіс і Уладзімір Цыплакоў.

«Я прыняў рашэнне пра адстаўку, калі ўбачыў сённяшнюю гульню, — растлумачыў свае дзеянні старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Уладзімір Навумаў. — Пры такім падборы хакеістаў каманда так гуляць не павінна. Я ўжо казаў, што ў каманды няма характару. Цяперашні трэнерскі штаб яго не выхавае».

«Выхаваць характар» зараз павінен тэрмінова прызначаны на пасаду трэнера «Дынама» былы настаўнік «Гомеля» Аляксандр Андрыеўскі. «Я размаўляў з ім 20 хвілін таму. На маю прапанову ён адказаў маўчаннем, якое раўназначна згодзе», — заявіў Навумаў.

Логіка, канешне, цікавая. Спачатку агаломшыць чалавека, а потым заявіць: «Маўчыш — значыць згодны!»

Тым не менш, у логіцы Навумаву не адмовіш. У той час, як мінскае «Дынама» «зліла» хатнюю гульню, хакеісты «Гомеля» не дазволілі кіеўскаму «Сокалу» вярнуцца на першае месца ў табліцы адкрытага чэмпіянату Беларусі. 20 кастрычніка каманда Аляксандра Андрыеўскага перамагла ўкраінскі клуб у серыі булітаў з лікам 2:1.

І на гэтым жа тыдні высветлілася, што Беларусь усё ж будзе «гуляць у вайнушку». 20 кастрычніка было абвешчана, што ў Сакратарыят АДКБ паступіў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам пакет дакументаў, якія тычацца стварэння Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання АДКБ. Самае цікавае, што Беларусь свае планы па ўдзеле ў гэтых сілах не разгалошвае. У Сакратарыяце арганізацыі заявілі, што звесткі аб колькасным складзе беларускай групоўкі, як, зрэшты, і груповак іншых краін, з’яўляюцца сакрэтнымі і могуць быць абвешаны толькі паводле рашэння кіраўніцтва дзяржавы-ўдзельніцы.

Але што з’яўляецца сакрэтным у Беларусі, тое можна прачытаць у расійскай газеце «Коммерсант». Паводле яе звестак, Беларусь пага­дзілася накіраваць у распараджэнне КСАР прыкладна 5 тысяч чалавек. Яна нібыта дэлегуе ў склад калектыўных сіл адну брыгаду спецыяльнага прызначэння Узброеных сіл (такой у беларускай арміі з’яўляецца 5-я брыгада спецназу, што дыслакуецца ў Мар’інай Горцы), антытэрарыстычнае падраздзяленне КДБ «Альфа», спецпадраздзяленне МУС «Алмаз» і падраздзяленне МНС.

Так што «гульня ў салдацікі» яшчэ будзе мець працяг.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).