№ 199 (291) 18 траўня 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Францыя — трэцяя радзіма
26 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы жывапісу легендарнага Барыса Заборава.
Персанальная выстава мэтра, чые творы робяць фурор па ўсім свеце і на ўсіх кантынентах, у Мінску! Яго жывапісам, графікай, сцэнаграфіяй, работамі для кіно і тэлебачання, пластыкай, эсэістыкай захапляюцца ў Аўстрыі, Бельгіі, Германіі, Францыі, Італіі, Ізраілі, Японіі, ЗША і ў іншых краінах. Творы Барыса Заборава набываюць буйнейшыя музеі і галерэі свету, а кошты на іх зазвычай пачынаюцца ад некалькіх дзесяткаў тысяч еўра.
Гэта першая персанальная выстава Барыса Заборава на Беларусі, укладзеная з 37 твораў, спецыяльна для Мінска — горада, дзе 16 кастрычніка 1935 года ў гадаванца віцебскай мастацкай школы, “добрага сацрэаліста” Абрама Заборава нарадзіўся сын Барыс.
Асобная падзяка за выдатны каталог. Будзем спадзявацца, што гэта сустрэча не апошняя. Хоць бы таму, што мастак з годнасцю падкрэслівае, што Беларусь — яго радзіма, што ўсё яго мастацтва “афарбаванае жыццём на гэтай зямлі”. “Насамрэч не непасрэдна, праз сюжэты... а ў сэнсе свядомасці, майго выхавання, лінія, якая працягваецца ў маёй крыві…— усё звязана з Беларуссю. Фатальны для майго мастацтва матыў — беларуская хата, якую пішу па некалькі разоў у год, гэта фундаментальны сюжэт, які сілкуе мяне… Адчуваю, што калі працую над ім, быццам бы вяртаюся сюды”, — адзначае мастак. І дадае: “Лічу Расію сваёй другой радзімай, бо вучыўся ў Ленінградзе, Маскве, і Расія за апошнія 15 гадоў праявіла да мяне і маёй працы значную ўвагу. Францыя прыняла мяне, няпрошанага госця, дапамагла мне ў першыя цяжкія гады. Тут я стаў мастаком у тым сэнсе, як мне гэта бачылася. Таму Францыя для мяне — трэцяя радзіма. Чалавек свабодны, і калі ён па тых ці іншых прычынах выбірае іншую краіну для жыцця і дзейнасці — гэта яго неад’емнае права. Але чаго ён не павінен рабіць — я ў гэтым упэўнены — дык гэта рубіць свае карані, бо толькі з іх можа ўзрасці крона…. І мой асабісты досвед таму пацверджанне”.





















Пакінуць новы каментар