xxx

/ Уладзіслаў Дрэма. Беларускі след літоўскага мастака

/ Уладзіслаў Дрэма. Беларускі след літоўскага мастака

З пашанай і нават пяшчотай паказваў мне напрыканцы 1992 года стары беларускі віленчук, знаўца камянёў і вулак «горада-казкі», кнігу Уладзіслава Дрэмы «Зніклая Вільня», якая адразу ж стала выдавецкім рарытэтам. Унікальны фаліянт, энцыклапедычны даведнік, альбом і канцэптуальна-мастацкае даследаванне адначасова.

(У. Дрэма. Аўтапартрэт. 1928 г.)

 

Уладзіслаў Дрэма (1910–1995) вядомы не толькі ў мастацка-інтэлектуальных колах Літвы і Беларусі. Ён выдатны творца і гісторык мастацтва, аўтар сотняў артыкулаў, дзесятка фундаментальных манаграфіяў. Нарадзіўся ў Рызе, дзе здабывалі хлеб бацькі — беззямельныя сяляне.

Прагу да малявання адчуў яшчэ ў падвіленскай вёсачцы, куды ў 1914 годзе перабралася сям’я. У 1928 годзе Уладзіслаў закончыў у адзіную ў горадзе літоўскую гімназію, а ў 1931 годзе паступіў на мастацкі факультэт Віленскага універсітэта, дзе быў ледзь не адзіным летувісам. Прыйшоў туды «не хлопчыкам», а нацыянальна спелай асобай, няблага прафесійна падрыхтаванай, чаму паспрыяла навучэнне ў школе Кайрукшціса.

Малады Дрэма — мастак-эксперыментатар (шукаў сябе нават у кубізме), тонкі назіральнік і псіхолаг, меў сваю тэму. Тэму жыцця горада — Вільні, з якой быў паяднаны ад 1921 года. Тэму, якая сталася для яго кропкай адліку і крытэрам мастацкіх вымярэнняў, маральных і грамадскіх дачыненняў. Сталася ўсім. У адрозненні ад сваіх беларускіх сяброў-мастакоў, якія ў адносна сталым узросце «ўкараняліся» ў жыццё буйнога поліса, ён з маленства належаў гораду.

Дух горада

Вільня не абмяжоўвалася бернардынскімі мурамі, дзе месціўся факультэт, помнікамі культавай архітэктуры ўсіх канфесій і стыляў, цьмянымі, небрукаванымі вулкамі і пахілымі дамкамі на Папоўскай і Снегу, дзе любілі здымаць жытло студэнты. У Вільні быў шыкоўны «Ерык» (былы Георгіеўскі, у гады маладосці Дрэмы — праспект Міцкевіча, пазней Пілсудскага-Сталіна-Гітлера-Сталіна-Леніна, цяпер Гедыміна). Заліты золатам ліхтароў, падсвечаны гіпнатычным святлом кавярняў і рэстарацый, вітрынамі разнастайных крамаў і крамак, праспект Міцкевіча быў улюблёным месцам шпацыру студэнтаў, афіцэраў, дам, кавалераў і гарластых гандляроў газетамі. Пачынаўся ён ад пляца з катэдрай, густоўна ілюмінаванай «мастацкім дыктатарам» Вільні — Рушчыцам. На правы бок ад яе — адроджаны універсітэт. Прэзентабельны прафесарскі корпус, бібліятэка, з-пад столі якой за зменай пакаленняў назіраюць філосафы розных часоў і народаў. Узлёт званіцы касцёла Св. Яна.

 

У. Дрэма. Старая. 1932 г.

Леваруч ад катэдры, на рагу праспекта, кавярня Рудніцкіх, месца сустрэч віленскіх інтэлектуалаў. У сярэдзіне 1930-х, на тым жа баку, бліжэй да рэчкі, месцілася ўнікальная для тагачаснай Польшчы ўстанова — Інстытут доследаў Усходняй Еўропы.

У Інстытуце доследаў Усходняй Еўропы «выкладалі тое, што зараз называюць саветалогіяй, вывучалі праблемы савецкага рэжыму, а таксама гісторыю і мовы: літоўскую, латышскую, эстонскую, беларускую», як сведчыў інтэлектуал-віленчук, паэт і філосаф, нобілетант Чэслаў Мілаш. «Знешнімі формамі — у выглядзе палітычных партый, студэнцкіх карпарацыяў, нацыянальных саюзаў, акцыяў пратэсту і неадэкватнымі рэакцыямі ўладаў — жыццё не заканчвалася. Прагу духоўнага быцця, апрача традыцыйна-звыклых і рэлігійных формаў, імкнуліся наталіць «закрытыя», альбо таемныя ўтварэнні («Акадэмічны клуб валацугаў», «Валацугаў-Старэйшын», «Дбайны Ліцвін» і інш.). Гуманістычна-асветніцкія традыцыі міцкевічавай Вільні не знікалі», — адзначае Мілаш.

Гараджанін

Малады мастак ад студэнцкіх часоў жыў паўнавартасным жыццём гараджаніна. Паказваў свае творы не толькі на выставах факультэта, але і шырэй. У прыватнасці, на выставах твораў В. Кайрукшціса і яго вучняў (Коўна, 1931 і 1938 год), «Восеньскіх салонах», «Групы Віленскай» у 1937, 1939 гадах, адным з заснавальнікаў якой ён быў.

Маючы ад прыроды характар няўрымсліва-жартаўлівы, не быў ён абдзелены і грамадзянскімі пачуццямі. Прыхільны да левых ідэяў, быў сябрам Звязку незалежнай моладзі сацыялістычнай. Рабіў карыкатуры на палітычных апанентаў, што выклікала дадатковую сімпатыю ў рэвалюцыянера і паэта Максіма Танка, які быў у прыяцельскіх стасунках з мастаком. «23.01.1938 г. …збіраюся наведаць Ул. Дрэму, паглядзець яго новыя гравюры, пранізаныя глыбокай любоўю да людзей працы, да сваёй зямлі (яны — С. Г.) выдзяляюцца з усяго таго, што мне даводзілася бачыць на розных выстаўках не толькі ў Вільні... Сам ён з’яўляецца жывым звяном нашай дружбы», — зазначаў Танк.

Але не палітычная дзейнасць была дамінуючай у пошуках мастака. Фарбы і кветкі роднага краю, песні ды паданні «літоўска-беларускага памежжа» паранілі сэрца прагай творчасці яшчэ ў дзяцінстве. Шчырае імкненне ўсвядоміць месца чалавека ў сусвеце, асэнсаваць радавод свайго народа, убачыць будучыню праз культуру прыводзяць яго на пасяджэнні ў Вежу Конрада, дзе ён знаёміцца з Мілашам, супрацоўнічае з шэрагам літоўскіх і польскіх літаратурна-культурніцкіх часопісаў.

Літоўска-беларускі арнамент

Даследчык Ян Катлоўскі ў каталозе да выставы мастака, якую ён зладзіў у Торуні ў 1999 годзе, прыводзіць досыць поўную (але не вычарпальную) бібліяграфію навуковых і папулярных работ Дрэмы. Яна ўражвае. І аб’ёмам і дыяпазонам. Ад першабытнага мастацтва (гісторыя і тэорыя) да крытычных артыкулаў і мастацтвазнаўчых партрэтаў сучаснікаў.

Але найбольш Дрэму цікавілі праблемы тэорыі мастацтва, яго вытокаў. Адна з першых яго прац, надрукаваная ў часопісе «Жагары» за 1935 год, была прысвечана літоўскаму мастацтву. Ужо ў 1938 годзе ў эксклюзіўным беларускім нумары часопіса «Пювіс» ён публікуе артыкул, прысвечаны беларускаму мастацтву. Следам за ім, у 1939 годзе, у львоўскіх «Сігналах» — артыкул «Беларускае народнае мастацтва». Гэтыя ды іншыя матэрыялы далі падставы Танку сцвярджаць, што Уладзіслаў Дрэма «не толькі лепшы знаўца літоўскага народнага мастацтва, але — і нашага, беларускага». Найбольшы ж розгалас мела публікацыя Дрэмы ў 1939 годзе ў папулярным заходнебеларускім штоквартальніку «Калоссе», які рэдагаваў Я. Шутовіч.

Зыходным пунктам разваг у гэтым артыкуле была ідэя, што «беларускае народнае мастацтва ёсць дзіўна блізкім не да народнага мастацтва суседніх славянскіх народаў, але да народнага мастацтва літоўскага народа. Народнае мастацтва беларусаў і літоўцаў вырасла на адной аснове мастацтва перыяду неаліту і затрымала характар дэкарацыйны». Даследчык спыняецца на старасвецкай аздобе матэрыялаў, «першародных» для беларусаў — кераміцы, тканіне, вырабах з дрэва.

Сваяцтва «беларускага і літоўскага народнага мастацтва тлумачыцца хіба супольнай праз даўжэйшы час дзяржаўнасцю, стратай беларускім і літоўскім народамі ўласнай шляхты, а таксама супольным гістарычным лёсам гэтых народаў як сялянскіх». Агульным, лічыць ён, з’яўляецца і непарыўнасць народнага мастацтва абодвух этнасаў з навакольнай прыродай, з «зямлёй-карміцелькай», з сялянскім космасам, увасабленнем, «працягам і дапаўненнем прыроды» якога ёсць творчасць.

Заўважаючы этнічную розніцу ў мысленні, адчуваннях і тэмпераменце народаў, Дрэма акцэнтуе ўвагу чытача на агульным, першароднымі элеменце, якім з’яўляецца тып арнаменту ў мастацтве літоўцаў і беларусаў. Арнаменту «чыста тэхнічнага, г. зн. абумоўленага своеасаблівасцямі матэрыялу і прыладдзя да абраблення. Яго арнаментыка з лінейнымі і геаметрычнымі матывамі выражае непасрэдныя і рэчавыя адносіны да матэрыялу, тэхнікі і мастацтва. Мастацтва гэтых народаў ухіляецца ад лішняе пустое гутаркі, літаратурнасці і ўсякіх выдуманых прадметных ілюзіяў і прыродна-раслінных матываў. Фантазія гэтых народаў ёсць такая багатая, што патрабуе, не стараючыся зусім пазычыць у прыродзе, знайсці незлічоную колькасць матываў і камбінацыяў».



Ілюстрацыі да паэмы “Рагнеда”


У 1928 годзе ў Мінску Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) выдаў том «Нарысаў з гісторыі беларускага мастацтва», створаны заснавальнікам беларускай мастацтвазнаўчай навукі дацэнтам БДУ Мікалаем Шчакаціхіным. Навуковец робіць назіранні і высновы, сугучныя тым, да якіх пазней прыйшоў Дрэма.

Дрэма мог ведаць працу Шчакаціхіна. Аднак дакладна вядома таксама і тое, што мастацтвазнаўца быў знаёмы з работамі нямецкіх даследчыкаў — П. Вебера (аўтара манаграфіі «Вільня») і А. Іппеля. Доктара Альберта Іппеля, афіцэра штаба 10-й Арміі (пры якім Ф. Рушчыц выдаў у 1916 годзе некалькі нумароў газеты), што ўвёў ва ўжытак паняцце «беларуская мастацкая школа». Доказна-факталагічную базу даследчыка Дрэма выкарыстоўваў дзеля засведчання ў беларускім народным мастацтве антычных (грэцкіх) формаў і матываў. Высновы калі і не сведчаць пра поўную канцэптуальную завершанасць і бясспрэчнасць меркаванняў аўтара, то ясна вызначаюць кірунак яго думкі.

Гэтыя думкі і меркаванні былі сугучныя настроям і зразумелыя пэўнаму колу віленскіх інтэлектуальных элітаў таго часу. Артыкул, надрукаваны ў «Калоссях», варты не толькі пільнай увагі гісторыкаў мастацтва, але і ўвядзення яго ў больш шырокі грамадскі ўжытак.

Яго «Рагнеда»

Ад верасня 1939 года цікаўнасць Дрэмы да Беларусі хаваецца ў ценю значных падзей у Еўропе, калейдаскапічна-драматычнай змены ўладаў у Вільні. З захопам саветамі Літвы, Беларускі музей стаў падпарадкоўвацца Інстытуту Летуаністыкі, а дырэктарам яго прызначаецца былы супрацоўнік Інстытута доследаў Усходняй Еўропы Мар’ян Пецюкевіч. Неўзабаве на працу туды прыходзяць даўнія прыяцелі і калегі — П. Сергіевіч і У. Дрэма.

Гэтая старонка жыцця і дзейнасці мастака, спадзяемся, будзе напісана, бо нават шаноўны паэт Т. Венцлаў у кнізе «Імёны Вільні», у біяграме, прысвечанай Дрэму, упусціў факт яго працы ў беларускім музеі.

Скрутныя часіны фашыстоўскай навалы сталіся сур’ёзным выпрабаваннем братэрства і шчырасці адносінаў да беларусаў з боку літоўскай грамады. Да гонару мастака, ён не паддаўся нямецкай прапагандзе, адпрэчыў довады нацыянал-радыкалаў, не марыў ён і пра хуткі прыход вызваліцеляў. Калі ж беларускія сябры прапанавалі яму зрабіць мастацкае аздабленне паэмы «Рагнеда» Лявона Случаніна (Л. Шпакоўскага), Дрэма згадзіўся.

Кніжачка (11х14 см), надрукаваная ў Вільні вясной 1944 года, атрымалася годнай. Прэзентабельнасцю сваёй яна была абавязана мастаку. На вокладцы ў цэнтры кампазіцыі — постаць крывіцкай княгіні Рагнеды з мячом і шчытом, з якога ва ўсе бакі свету праменіць Сонца. Апрача таго, яшчэ шэсць ілюстрацый у тэксце. Выкананы яны вельмі прыгожым пявуча-пластычным, лёгкім контурным малюнкам у рэалістычна-фігуратыўнай манеры, з дакладнай мерай стылізацыі, ашчадным скарыстаннем святлаценю, з тактоўным ужываннем дэкарацыйных раслінных матываў, выяўленых сродкамі «лінейна-рыскавымі». Уладзіслаў Дрэма спалучыў у адзінае паўночную традыцыю з паўднёва-візантыйскай.

Усе ілюстрацыі, за выключэннем першай, якая хутчэй уяўляе застаўку-пралог у форме мініяцюрнай графічнай кампазіцыі, маюць самакаштоўны характар. Літаральна адпавядаючы паэтычнаму радку, яны адначасна па змесце сюжэта ахопліваюць поўны раздзел, а то і аб’ядноўваюць некалькіх раздзелаў запар: «Князь на белым кані, у злататканым сядле…» (раздзел 5); «Разгаралася сонцам дзявочая кроў, калі моладзь вяла карагоды… Мітусілася вогнішча бурным агнём, асвятляючы Бога Ярылу… А дзяўчаты на рэчцы пускалі вянкі…» (раздзелы 10, 11, 12); «Рагвалод князь ехаў разам з сынамі…» (раздзел 17); «Белай зданню стаіць… Кліча з ворагам лютым змагацца. Падымайся, народ! Клічуць сурмы цябе, на вялікае клічуць змаганне» (раздзел 20); «Уладзімір стомлены і славай і вайной» (раздзел 34).

Цікавыя і пяшчотна выкананыя элементы архітэктурнага краявіду ў ілюстрацыях. Аўтарскія думкі падкрэсліваюцца супрацьстаўленнем чорнага і белага колераў.

Уладзіслаў Дрэма прапанаваў эстэтычнае, даступнае і разгорнутае прачытанне мастацкага твору, да якога быў падрыхтаваны сваімі папярэднімі пошукамі. Гэта быў ягоны асабісты ўнёсак у мацаванне беларускага духу. Зрабіў ён гэты крок па-чалавечы шчыра, прыгожа і прафесійна. Паэма была адзначана рэцэнзентам Г. Альгердзічам (Александровічам) у «Беларускай Газеце» за 31 мая 1944 года не толькі за яе мастацка-паэтычную вартасць ды надзённасць, але і за каштоўнасць, эстэтычнасць самога выдання.

Музей

Увесну 1944 года, калі бомбы вызваліцеляў сыпаліся на горад, Дрэма, рызыкуючы жыццём, ратаваў калекцыю Віленскага беларускага музея. Ратаваў экспанаты і тады, калі яны месціліся ў будынку Мастацкага інстытуту на вул. Св. Ганны, куды яны былі перамешчаны з Базыльянскіх муроў, занятых пад шпіталь, і тады, калі яны перахоўваліся ад «эвакуацыі» ў Германію ў касцёле Св. Міхаіла. Крокам сумлення быў яго выступ у абарону цэльнасці калекцыі, калі лёс яе вырашаўся пад гнётам уладаў.

Дырэктар музея Янка Шутовіч, каб абмеркаваць пытанне пераезду музея ў Мінск, склікаў супольную нараду супрацоўнікаў і беларусаў-вiленчукоў на 21 лістапада. Але ў прызначаны дзень ва ўстанове не з’явіўся. Нарада не адбылася. 20 лістапада Шутовіч быў арыштаваны органамі НКУС і асуджаны на 15 гадоў лагераў. Музей застаўся ў Вільні і быў расфармаваны, а непадзельная гісторыка-культурная спадчына была раскідана паміж музеямі Літоўскай ССР і Беларускай ССР.

Так была перагорнутая гэтая беларуская старонка літоўскага мастака, галоўнага захавальніка калекцыі Беларускага музея, Уладзіслава Дрэмы.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).