/ Стрэл у культуру. Выстава «Пагоня–20»

/ Стрэл у культуру. Выстава «Пагоня–20»

Знакамітая фраза «Калі я чую слова «культура»… я здымаю з засцерагальніка свой браўнінг!» у 1933 годзе прагучала ў п’есе «Шлагетэр», напісанай будучым прэзідэнтам Палаты пісьменнікаў Рэйха (з 1935) Гансам Йостам. Пазней яе прыпісвалі многім правадырам нацыянал-сацыялістычнай Германіі: Гімлеру, Гебельсу, Гейдрыху, Розенбергу.

(На здымку: крамольная інсталяцыя «Беларуская піраміда»)


Тое, што адбываецца зараз у беларускай культурнай прасторы, не выклікае асаблівага здзіўлення. Днямі забаранілі канцэрты Зміцера Вайцюшкевіча, «Ляпіса Трубяцкога», «Neuro Dubel» і праграмы «Крамбамбуля» з Лявонам Вольскім. Зараз чарга чыстак дайшла да жывапісу са скульптурай.

Скандалу, што распачаўся з адкрыццём 11 сакавіка ў Палацы мастацтва юбілейнай выставы суполкі «Пагоня», папярэднічалі цікавыя падзеі. 22 лютага кіраўніцтва Саюза мастакоў атрымала ад старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі кароткі ліст, у якім саюзу безапеляцыйна прапаноўвалася бязвыплатна перадаць у камунальную ўласнасць асноўную выставачную залу — Палац мастацтваў па Казлова, 3. Як бы для рамонту. Між тым, па словах старшыні Саюза мастакоў Уладзіміра Савіча, толькі ў 2008–2009 гадах саюз уклаў у рамонт будынку 930 мільёнаў рублёў, у лютым атрымаў заключэнне МНС пра яго задавальняючы стан, а дакументы на арэнду зямлі ўзгодненыя аж да 2014 года. Адначасова старшыня і іншыя адказныя асобы з выканкама цягам апошніх 3 гадоў, ігнаруючы рэгулярныя запрашэнні, выставы ў палацы не наведвалі. І мець уяўленне пра яго стан папросту не здольныя.

Мастак Уладзімір Тоўсцік выказаў здагадку, што зацікаўленасць выканкама палацам звязаная са скандальнай гісторыяй па продажу Аману ўчастку ў цэнтры горада з размешчаным на ім выставачным комплексам па Янкі Купалы, 27. Пэўныя колы шукаюць аналагічнае памяшканне для камерцыйных выстаў у сталіцы, як кажуць, «на халяву». Цвёрды адказ Уладзіміра Савіча на дзіўнае пасланне гучаў так: уласнасцю Саюза мастакоў можа распараджацца толькі рада арганізацыі.

11 сакавіка зрабілася зразумелым, што гісторыя атрымлівае працяг. У гэты дзень у палацы творчая суполка «Пагоня» адчыніла юбілейную экспазіцыю да свайго 20-годдзя. Мастацкі шлях суполкі пачынаўся з нефармальных сходаў мастакоў — Марачкіна, Маркаўца, Басалыгаў, Купавы, Крукоўскага ў 1960-я гады ў майстэрні Яўгена Куліка, размешчанай «на паддашку» ў будынку на цэнтральным праспекце Мінска насупраць КГБ. Творы аднадумцаў вярталі ў культурную прастору Беларусі вобразы яе гістарычных герояў, паўзабытых за часы савецкай улады пачынальнікаў нацыянальнай літаратуры і адраджэння мяжы ХІХ і ХХ.

Многія невыпадковыя постаці з мінулага прыйшлі ў свядомасць сучаснікаў менавіта праз работы заснавальнікаў «Пагоні», паказаныя на выставах, змешчаныя ў падручніках гісторыі і літаратуры, у ілюстрацыях да кніг класікаў беларускага пісьменства. «Пагонеўцы» адчынялі для сябе і краіны творчасць заходнебеларускіх мастакоў міжваеннага перыяду, народнае мастацтва з яго яскравымі фальклорнымі кампанентамі. Канчаткова суполка аформілася ў 1990 годзе ў складзе Саюза мастакоў як аб’яднанне «дзеля абуджэння нацыянальнай самасвядомасці народу, ягонага духоўнага, культурнага і дзяржаўнага адраджэння». Менавіта сябры «Пагоні» Уладзімір Крукоўскі, Яўген Кулік і Леў Талбузін распрацавалі дзяржаўную сімволіку незалежнай Беларусі ў 1991 годзе.

 Аляксей Марачкін: аўтограф на памяць


Мінула 20 гадоў, і ў зале юбілейнай экспазіцыі ахоплівае ўражанне, што яе можна цалкам перанесці ў раздзел «Паваеннага мастацтва Беларусі» Нацыянальнага мастацкага музея, абнаўляючы апошні як мінімум на траціну. Падстава — высокі ўзровень зробленага. На адкрыцці ў палацы не было дзе ўпасці яблыку. У наступныя дні плынь наведвальнікаў не спынілася.

На выставе прадстаўлены працы большасці з 70 мастакоў, што ўваходзяць у суполку. Лепшыя за апошнія два дзесяцігоддзі. Чакалася свята — мастацтва, вясны, беларускай гісторыі: «Пагоня» традыцыйна прымяркоўвае свае паказы да дна Дабравешчання, 25 сакавіка, калі ў 1918 годзе адрадзілася наша дзяржаўнасць. Свята атрымалася са скандалам.

Ужо 17 гадоў разам з рэанімацыяй элементаў спарахнелай савецкай ідэалогіі ў беларускую рэчаіснасць вярнулася і яе спадарожніца — цэнзура культурнага жыцця. Напрыканцы 1990-х суполцы не заўсёды ўдавалася арганізаваць штогадовы вернісаж, а ў 1997 годзе па загадзе тагачаснага міністра культуры Сасноўскага з выставы здымаліся і арыштоўваліся «крамольныя» работы. Але чым ёсць цэнзура ў эпоху сучасных камунікацый? Нонсэнсам! Абноўленае кіраўніцтва Саюза мастакоў у апошнія гады спрыяла «Пагоні», ацэньваючы яе надзвычайны творчы патэнцыял. Таму скандал гэтага года выглядае як сцэна з тэатра абсурду.

Пад негалосным, сарамліва-баязлівым ціскам уладнай наменклатуры з экспазіцыі зніклі 6 прац — тры плакаты Крукоўскага, карціна Мікіты і два творы Марачкіна. Пяць з іх — з-за прысутнасці нацыянальнай сімволікі, карціна Марачкіна «Здані («Пераможцы»)», якую «НЧ» ужо анансаваў, — з-за выяўленага мастаком погляду на падзеі 19 снежня 2010 года ў Мінску. Па словах яе аўтара, кіраўніка «Пагоні» Алеся Марачкіна, — кіраўніцтву Саюза мастакоў выкруцілі рукі, паставіўшы пытанне: альбо работы здымаюцца, альбо ўзнікаюць праблемы з палацам. Незаконна? Але як дзейнічае ў нас сёння закон, не ведае толькі недасведчаны чалавек. Кіраўнік саюза Уладзімір Савіч каментаваць сітуацыю карэспандэнту «НЧ» катэгарычна адмовіўся.

Скандал, які выглядае дадатковай рэкламай выставы, не скончыўся 11 сакавіка. Праз 4 дні з экспазіцыі па загадзе Мінкульта знікла інсталяцыя Генадзя Драздова і Алеся Марачкіна — папяровая «Беларуская піраміда», на якой кожны мог пакінуць свой запіс. Людзі пісалі пра сённяшняе жыццё. А што такое «ШОС», зараз ведаюць самыя зацюканыя чыноўнікі.

Наўрад ці выставу, якую варта наведваць найперш дзеля яе мастацкай вартасці, зачыняць раней прызначанага тэрміну — 27 сакавіка. «Забароненыя» творы з’явяцца на спецыяльнай экспазіцыі ў сядзібе БНФ 23 сакавіка а 17-ай гадзіне. Як там ні было — пластычнае мастацтва — люстэрка жыцця, адбітак мінулага і погляд у будучыню. Аматарам пры слове «культура» цягнуцца да пісталетаў варта памятаць яшчэ адзін афарызм — эпіграф да кнігі Расула Гамзатава «Мой Дагестан»: «Калі ты стрэліш у мінулае з пісталета, будучыня стрэліць у цябе з гарматы». Нацыянал-сацыялістычныя аматары страляніны ў культуру ў гэтым ужо мелі магчымасць пераканацца.
 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Беларусы нагадалі пра "мірны атам" і палітвязняў

Краязнаўчы фестываль

 Беларускае Радыё Рацыя вярнулася ў літоўска-беларускі эфір

З 1 мая перадачы Радыё Рацыя можна пачуць на хвалях «Радыё з-над Віліі» (103,8 FM), якое транслюецца з Вільні.

Наша праграма гучыць з 21.30 па 22.00 літоўскага і беларускага часу. У будзёны дзень у ёй можна пачуць апошнія навіны Беларусі, актуальныя матэрыялы нашых карэспандэнтаў, а таксама расповеды пісьменніка Уладзіміра Арлова пра гісторыю Беларусі у цыкле перадач «Адкуль наш род». У суботу акрамя навінаў гучаць актуальныя культурніцкія матэрыялы і перадача пра гісторыю Гародні «Імёны Гародні». У нядзелю можна пачуць перадачы пра мастацтва, музыку, інтэрнэт, кампутары.

Слухаце Беларускае Радыё Рацыя на літоўска-беларускім памежжы.

Нашы беларускамоўныя перадачы будуць гучаць у эфіры «Радыё з-над Віліі» (103,8 FM) да 1жніўня.
 


 

ПАДРАБЯЗНЕЙ >>>


 

 ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”
У межах выканання праекта “Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці” ладзіць


Краязнаўчы фестываль

28 мая 2012 г.


Праграма фестывалю:


10.00 – 11.00   Рэгістрацыя ўдзельнікаў.
11.00 – 13.00 – дыскусійныя пляцоўкі па тэмах:
                1) Валанцёрскі рух на Беларусі: набыткі, поспехі, перспектывы.
                2) Ахова помнікаў як дзяржаўны клопат і як праява грамадзянскай пазіцыі.
                3) Перспектыўныя накірункі развіцця турызму ў Беларусі.

13.00 – 14.00 Абед

14.00 – 16.00 — Прэзентацыі, майстар-класы, кірмаш рамёстваў.
16.00 – 16.45 — Выступ этна-, фольк-выканаўцаў.
16.45 – 17.00 — Закрыццё фестывалю.


Мерапрыемства адбудзецца ў памяшканні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (вул. К.Маркса, 12, г. Мінск).


Запрашаем да ўдзелу!

Заяўку з указаннем формы ўдзелу (дыскусійная пляцоўка, або майстар-клас...) просім даслаць на эл. адрас siadziba@gmail.com з пазнакай – Фестываль.
Іншагароднім удзельнікам фестывалю гарантуецца аплата праезду і аплата выдаткаў на харчаванне.


Шаноўнае спадарства! Калі вы хочаце больш даведацца пра дзейнасць ТБМ, завітайце на наш партал: tbm-mova.by


 


ЯНЫ ВАС ЧАКАЮЦЬ!

Шэлі — ласкавая дзяўчынка з годным позіркам

 

Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, Шэлі захавала спакой і выхаванасць. Хоць выгляду Шэлі і грознага, але добра ставіцца да дзяцей. Ёй толькі тры гады, ростам каля 50 сантыметраў, тыгравай афарбоўкі. Рыхтуецца да стэрылізацыі.

 

Валанцёр прытулку «СуперПёс» гатова пазнаёміць вас з прыгажуняй Шэлі, тэлефануйце: 8-029-775 57 53 (Анастасія).

 


 

Шансі — ідэальная котка

 

Цяжка зразумець, як беспраблемную ва ўсіх адносінах котку вырашылі здаць у пункт адлову на Гурскага, 42. Але ж здалі… Зараз Шансі чакае свой другі шанец знайсці ўтульны дом і клапатлівых гаспадароў. Характар у яе проста анёльскі: даецца ціскацца, калі гуляецца — не драпаецца, дазваляе сябе вычэсваць. Ненавязлівая, ахайная, ходзіць у латочак.

 

Шансі 2,5 гады, стэрылізаваная, прышчэпленая ад шаленства. Мае шыкоўнае срэбна-шэрае футра з белай манішкай.

 

Шансі прынясе радасць у ваш дом! Тэлефануйце валанцёрцы прытулку «СуперКот» Кацярыне: 8-029-378 78 26.

 


 

Болей катоў і сабак — у каталогах на форуме прытулку “СуперКот” http://forum.superkot.com/