Warning: Table './novychas_main/cache_page' is marked as crashed and should be repaired query: SELECT data, created, headers, expire, serialized FROM cache_page WHERE cid = 'http://novychas.org/culture/%D0%BD%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D0%B0%D0%BB%D1%91%D0%B2%D1%8B-%D1%88%D1%8B%D1%8F%D0%B2%D1%8F%D0%B7-%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%BE-%D0%BD%D0%B0%D0%B9%D1%87%D0%B0%D1%81%D1%86%D0%B5%D0%B9-%D1%86%D1%8B%D1%82%D1%83%D1%8E%D1%86%D1%8C-%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D1%8B' in /home/novychas/domains/novychas.org/public_html/includes/database.mysql.inc on line 128

Warning: Cannot modify header information - headers already sent by (output started at /home/novychas/domains/novychas.org/public_html/includes/database.mysql.inc:128) in /home/novychas/domains/novychas.org/public_html/includes/bootstrap.inc on line 636

Warning: Cannot modify header information - headers already sent by (output started at /home/novychas/domains/novychas.org/public_html/includes/database.mysql.inc:128) in /home/novychas/domains/novychas.org/public_html/includes/bootstrap.inc on line 637

Warning: Cannot modify header information - headers already sent by (output started at /home/novychas/domains/novychas.org/public_html/includes/database.mysql.inc:128) in /home/novychas/domains/novychas.org/public_html/includes/bootstrap.inc on line 638

Warning: Cannot modify header information - headers already sent by (output started at /home/novychas/domains/novychas.org/public_html/includes/database.mysql.inc:128) in /home/novychas/domains/novychas.org/public_html/includes/bootstrap.inc on line 639
Натуралёвы шыявяз: каго найчасцей цытуюць беларусы? | Новы Час

/ Натуралёвы шыявяз: каго найчасцей цытуюць беларусы?

/ Натуралёвы шыявяз: каго найчасцей цытуюць беларусы?

Цытатамі мы размаўляем, карыстаемся імі, як словамі. Цытаты дапамагаюць вызначыць у натоўпе «свайго», размяжоўваюць людзей розных культур, нават калі яны размаўляюць на адной мове. Большасць цытат у майго пакалення беларускамоўных — па-руску. З кніг на рускай мове, з фільмаў на рускай мове, з фільмаў у рускай агучцы, з рускамоўнага, зноў жа, інтэрнэту. З рускіх «пасловіц і пагаворак» урэшце, якія нас з 2-га па 4-ты клас прымушалі вучыць напамяць у школе. Але ў гэтым моры русізмаў і калькаванняў з англійскімі і польскімі выспачкамі сустракаюцца чыста беларускія выразы, якія аб’ядноўваюць жыхароў Беларусі незалежна ад моўнай пазіцыі. Я зладзіла ў сваім блогу апытанне: а якія беларускія цытаты вы ўжываеце? Вынікі апынуліся даволі стракатымі, і яны сталі асновай для кароткага агляду, які я прапаную вашай увазе.


«Ну, дзядзька, як на смак, прызнайся?»
н/з беларускай літаратуры

Калі ў космас паляціць трэці беларускі касманаўт, абавязкова трэба пакласці яму з сабой «Новую зямлю» Якуба Коласа — як сімвал сапраўды касмічнай значнасці гэтага твора для беларусаў. Сталыя чытачы сведчаць: менавіта мовай «Новай зямлі» гаварылі іх вясковыя матулі — самая што ні ёсць матчына мова! Правераны рэцэпт: для мовы завучванне напамяць урыўкаў НЗ — як натуральная касметычная маска для скуры.

Вядома ж, школьная праграма па белліту — цэлы Клондайк «аб’ядноўваючых» цытатак. «Трэба дома бываць часцей», «цвёрда трымаўся юнак на дапросе», «няма таго, што раньш было», «не разбіць, не спыніць, не стрымаць», і нават «между протчым» ды «хрэн табе ў вочы» — гэтыя і іншыя фразачкі з беларускай класікі часта можна пачуць у гаворцы самых розных беларусаў у далёка не класічным кантэксце. Ведаць слупоў айчыннага пісьменства паводле зместу ў хрэстаматыі — адметная ўласцівасць народу: «людзі на балоце», «трывожнае шчасце», «знак бяды», «кепска будзе», — частата згадвання гэтых назваў у адрыве ад кантэксту твораў сведчыць: пісьменнікі даволі трапна вызначылі, што баліць чытачу. Што да выяўлення нацыянальных архетыпаў, то тут вылучыўся вядучы «байкер» нашай паэзіі Кандрат Крапіва з неўміручымі вобразамі дыпламаванага барана, жабы ў каляіне, свінтуса грандыёзуса. Але нават «пякучка-Крапіва» не ў стане ўгнацца за народнай славай «энцыклапедыі сялянскага жыцця».

Як выявіла маё апытанне, сярод нас не так мала людзей, для якіх «Новая зямля» была не проста прымусовым чытвом у школе, а часткай сямейнага выхавання. «Усё лепшае — адтуль!» — сцвярджае Алесь Арцюховіч, амерыканскі вучоны ў галіне лазерных даследаванняў беларускага паходжання. Алесь вырас у Гародні, яго маці працавала ў Доме народнай творчасці — у гэтай атмасферы хлопец круціўся змалку. «Новую зямлю» любілі і са смакам цытавалі маці, бацька (лётчык па прафесіі) і смяшлівая цётка Тася: «Аладкі кроілі ў квадраты (хоць геаметрыі не зналі»); «І так, бывала, наясіся, што хоць на пупіку круціся»; «А ў торбе хлеб і, пэўна, сала, і весялей шмат хлопцам стала»; «Такі ўжо звычай беларускі — у клумку выпіўка, закускі», — гэтыя і некаторыя іншыя цытаты Алесь не забывае і ў Амерыцы.

Відаць, самыя цытаваныя моманты паэмы — пытанне: «Ну, дзядзька, як на смак, прызнайся?» і адказ на яго: «Паскудства, брат — і не пытайся!», якія характарызуюць экзатычную кулінарыю «дзядзькі-кухара». Як сцвярджае Алесь, «Дзядзька Антось — самы жывы персанаж у НЗ. Ім немагчыма не захапляцца. заўсёды ў нейкія эскапады ўлезе». У лідэрах таксама абсалютна неафарыстычныя, але такія ўтульныя радкі: «Дзень быў святы. Яшчэ ад рання блінцы пякліся на сняданне». Цытуюць усе!

«Адмысловы гелікоптэр сеў на амбасаду»
пу-пу-пурысты-авантурысты

Вінцук Вячорка — філолаг і палітык, а дакладней, філолаг-палітык, бо сваёй актыўнай дзейнасцю ў галіне беларушчыны, якая дагэтуль «магутна, гучна мкне», паўплываў на моўны апарат цэлага пакалення. Нацыянальныя суполкі «Талака» ды «Майстроўня», адраджэнне тарашкевіцы і іншыя яго дасягненні на ніве пурызму беларускай мовы для сучаснай моладзі — міф, які сягае сваімі каранямі ў «далёкія» ўжо 1990-я. Гэтак жа і знакамітыя цытаты з яго цыркулююць паміж людзьмі ў форме гарадскіх легенд ды лінгвістычных анекдотаў. Апытаныя гадваюць яго фразу: «Між іншым, наш з вамі суайчыннік». Маўляў, яшчэ малады Вінцук Вячорка, выступаючы падчас сходак заўзятараў беларушчыны ў 1980-я дадаваў такое ўдакладненне пасля кожнага названага замежнага імені. На Вячорку спасылаюцца і тыя, хто час ад часу ўжывае выраз: «Натуралёва, шыявяз!» — знак безумоўнай згоды з папярэднім выказваннем і з лёгкай доляй іроніі.

Журналіст Зміцер Дзядзенка расказвае: «Паводле легенды, фраза паходзіць з маладосці Вінцука Вячоркі, які яшчэ падчас навучання на філфаку адзначаўся моўным пурызмам. Рускамоўныя калегі, жадаючы ці то спраўдзіць свае веды, ці то пажартаваць, пыталіся: «Валентин, а правда ли, что по-белорусски галстук будет шыявяз?» На што Вячорка, згодна з агіяграфічным паданнем, годна ківаў галавой і, не сумеўшыся, адказваў: «Натуралёва, шыявяз!» Без спасылкі на спадара Вінцука, але маючы на ўвазе той жа гародчык, закідвае каменьчык і лінгвіст Юрась Бушлякоў, цытуючы фразу-дражнілку беларускіх моўных пурыстаў: «Адмысловы гелікоптэр сеў на амбасаду» (на ўсялякі выпадак, перакладаю: спецыяльны верталёт сеў на дах пасольства.

Такім чынам, шаноўнае спадарства, «читайте Вечёрку», — як рэкамендуе ў сваёй рэкламнай расцяжцы газета «Вечерний Минск». І гэты анекдот — ужо ніякая не гарадская легенда, а факт жыцця, наяўны ў Мінску на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова.

«Добрай раніцы, Беларусь!»
саюз Бусліка і Цімошкі

Чацвёртай — і самай магутнай уладай над языкамі беларусаў, зразумела, з’яўляюцца СМІ. І галоўным чынам — тэлебачанне. БТ.

Адтуль паходзіць і ўсенародна любімая «агульная млявасць і абыякавасць да жыцця» — супольнымі намаганнямі ўдалося згадаць, што гэта цытата з тэлерэкламы службы псіхалагічнай падтрымкі часоў ці то позняй перабудовы, ці то ранняй незалежнасці. «Цуд некранутай прыроды» — бліжэйшы нам па часе перл з рэкламы. Апытаныя называюць «кароткатэрміновыя ападкі амаль без перапынку» — ці то рэальная агаворка ў навінах, ці то пародыя на прагноз надвор’я. Памылкі дыктараў і тэлевядучых — галоўная нітуючая сіла нацыі. Свайго часу зоркай у гэтым плане была Інга Хрушчова, якая вяла рэпартаж з алімпіяды ў Сіднеі пра «шалёную вавёрку, якая глядзіць на вас улюблённымі глазамі».

«Мiжгалактычны даследчык Паца-Ваца слухае!» — цытуюць у анкетцы. «Паца-Ваца» — гэта ўвогуле слова-тэст на прыналежнасць да беларусаў, калі праводзіць яго між людзей 20–30 гадоў, бо ў 1990-я культавую перадачу БТ «Мультклуб» не глядзеў толькі лянівы беларускі школьнік ці дзетсадавец. Тое ж самае можна сказаць пра калыханкаўскага Дзеда-Барадзеда.

Хаця так напраўду ў гэтай часткі таксама мусіў быць зусім іншы персаніфікаваны герой — галоўная крыніца тэлевізійных цытат. Хто не памятае яго «нармальных чалавечых яйцаў», «сціхоў Быкава», «ідзіота самага настаяшчага», «так называемай апазіцыі» ды іншых фразак, якія адразу па вымаўленні пайшлі ў народ? Яны таксама аб’ядноўваюць нас і робяць унікальнымі, але тут мы адхіляемся ад жанру, бо мова арыгіналу тут не зусім беларуская.

«Моцна — але недакладна!»
галявыя моманты

Мужчынская частка апытаных мной беларусаў у такі захлёб цытавала гэтага супрацоўніка беларускага тэлебачання, што пра яго варта распавесці асобна. Уладзімір Навіцкі нарадзіўся ў 1954 годзе ў Брэсце. На сёння гэта адзін з самых любімых і вядомых спартовых каментатараў Беларусі. Не ў апошнюю чаргу — дзякуючы мове сваіх каментараў. На якую, зрэшты, заўзятары не надта зважалі — абы футбол быў прыгожы.

Літаратар Андранік Антанян сведчыць, што цытата «вельмі моцна, але недакладна» была вельмі папулярнай фразай у сярэдзіне 1980-х, калі «Навіцкі быў зоркай, а «Дынама—Мінск» — чэмпіёнам». «Над полем бліскаюць маланкі... Нашыя ідуць у наступ...», «Удар — бэлька!» — згадваюць аматары футболу.

«А я лягу-прылягу!»
пайшла і болей ужо не вернешся, Алеся…

Ну і апошняя часта цытаваная крыніца, без якой карціна не будзе поўнай, — гэта хіты і шлягеры: ад «Песняроў» у 1970-я да «Чароўнага трусіка» канца 2000-х. Мае сябры найчасцей спасылаюцца на беларускі рок. Жоўтая майка лідэра тут на Лявоне Вольскім, аўтары тэстаў гуртоў «N.R.M.» ды «Крамбамбуля». Цікава, што, ведаючы рэпертуар Вольскага напамяць, у паўсядзённым жыцці слухачы цытаваць любяць не пафасныя песні пра радзіму і свабоду, а жартаўлівыя празаічныя інтэрмедыі, запісаныя паміж песнямі ў альбомах «Тры чарапахі» ды «Дом Культуры». «Але лёс склаўся так, што хрусь — і папалам!» (з амерыканскім акцэнтам). Або: «А хто там целяпаецца? Целяпаты»; «П’яны-п’яны, а нармальны…» Калі падводзіць вынік маёй не вельмі сур’ёзнай, зусім не сацыялагічнай і крыху лінгвістычнай анкеты, то ён будзе такім: на ўзроўні цытат і сучаснай фразеалогіі беларусы — кампанія вясёлая, іранічная ды аптымістычная.

P.S.: Сённяшнія 20–30-гадовыя часта ўжываюць і вельмі любяць выраз: «Знік у пошуках ежы». Падчапілі яго «ад дарослых», а адкуль ён паходзіць — анігадкі! Аўтарка матэрыялу і ўдзельнікі апытання будуць вельмі ўдзячныя за любую інфармацыю пра крыніцу гэтай фразы.
-------------------------------------------------------------------------------

«Партвейну мы не аддамо!» — адна з маіх самых любімых цытат, што таксама ўскосна звязаная з дзейнасцю Вячоркі-старэйшага, хоць прыпісваюць яе пісьменніку Уладзіміру Арлову. Ужываецца, калі нехта настроены бараніць нешта вельмі для яго дарагое і нават святое (што ў агульначалавечай сістэме каштоўнасцяў, зрэшты, такім не з’яўляецца).

Ёсць легенда, што падчас аднаго са сходаў па ўнармаванні «тарашкевіцы», зайшла гаворка пра запазычанні з нямецкай: маўляў, годзе на рускі манер пісаць Фрэйд, Лейпцыг, варта падаваць правільную транскрыпцыю: Фройд, Ляйпцыг. Такім чынам меркавалася мяняць усе запазычаныя словы, дзе сустракаюцца такія дыфтонгі: Айнштайн, Райхстаг, глінтвайн, партвайн... На слове «партвайн» узняўся пісьменнік Уладзімір Арлоў і рашуча заявіў: «Не. Партвейну мы вам не аддамо».

І сапраўды: у параграфе 80 БКП-2005 (ст. 82) чытаем: «У пазычаньнях зь нямецкае мовы спалучэньне ei перадаецца праз ай(яй): гаўляйтэр, глінтвайн, майстар, партвайн (побач з партвейн)».

 

 #
Спадар Навіцкі - Уладзімер, а не Генадзь.
 
 #

Дзяк - выправілі

 
 #
Maryja, dziakuj za cudouny artykul. Hachu z vami padzialicca adnym belaruskim vyrazam, jakim chasta karystajusia u zycci za mezhami Belarusi. Vyraz hety: "Dyk shto?" - patrapiu da mjane ad halounaha redaktara Novaha Chasu. Zapytaicie u redaktara pra pohodzhannie hetaha vyrazu. A lepej, kali redaktar nastupnym razam skazha "Maryjka, kali uzho budze materyal?" adkazhycie "Dyk shto?"
 
 #
Спадар Навіцкі - Уладзімер, а не Генадзь.
 
 #
Марыйка, дзякуй за артыкул. Хачу дадаць, што ў фразе Юрася Бушлякова "Адмысловы гелікоптэр сеў на амбасаду" спачатку быў не "гелікоптэр", а "шрубалёт". Гэты "шрубалёт" для нас, студэнтаў філфаку першай паловы 90-х стаўся такім жа "шыявязам"...
 
 #
"Усеагульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця" - гэта Уладзімір Караткевіч. Бадай, нешта зь дзёньнікавых запісаў, не прыгадаю цяпер. А "Натуралёва, шыявяз" - гэта не Вінцук, а адзін з тых карнавальных хлапцоў, якія перастваралі сабе беларускую мову зь вясковае ў гарадзкую. Гэта быў высокі хлопец у каляровым шаліку, потым ён эміграваў і зьнік. Я намагаюся згадаць ягонае імя, ды не магу пакуль. Вінцук падарыў мне фразу-пастку "сіне-зялёныя водарасьці". Чалавек, які здолее слушна вымавіць усе сьвісьцячыя і шыпячыя ў гэтай фразе, і ёсьць - беларус.
 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Апошні нумар

Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
Грамадства
Грамадства
міжнародныя навіны

ЛІТБЕЛАРУСЬ

Відэа

maryjka's picture
Блог Марыйкі Мартысевіч "Нью Эйдж"
pulsha's picture
Блог Сяргея Пульшы
chvoin's picture
Блог Вольгі Хвоін "У трох соснах"
kiesnier's picture
Блог Генадзя Кеснера
chadyka's picture
Блог Аляксея Хадыкі

Аб'явы

Паважаныя сябры!

З 1 студзеня 2010 года Саюз беларускіх пісьменнікаў абвесціў новы конкурс на лепшы літаратурны твор, у якім асвятляецца вобраз жанчыны ў сучасным грамадстве і асэнсоўваюцца актуальныя гендэрныя праблемы.

На конкурс прымаюцца тэксты ўсемагчымых жанраў: паэзія, проза, драматургія, крытыка. Аўтарамі конкурсных твораў могуць быць і мужчыны, і жанчыны, і пачаткоўцы, і прафесіяналы.

Лаўрэатаў літаратурнага конкурса «Жанчына ў сучасным грамадстве», які будзе доўжыцца да 1 кастрычніка 2010 года, чакаюць прэміі, прызы і падарункі, а пераможца атрымае магчымасць выдаць свой тэкст асобнай кнігай!

Калі ласка, дасылайце свае творы на адрасы: паштовы – 220025, Мінск-25, а/с 91; электронны – sbp@tut.by.

Сакратарыят Саюза беларускіх пісьменнікаў