xxx

/ Краявід з чужымі хвоямі: пуцявінамі Ларысы Геніюш

/ Краявід з чужымі хвоямі: пуцявінамі Ларысы Геніюш

У 2010 годзе мы святкуем вялікі юбілей паэткі Ларысы Геніюш. Памяць адной з распачынальніц нацыянальнага адраджэння, сумлення і шматбольнага сэрца нацыі сёлета ўшаноўваецца прыхільнікамі незалежнай Беларусі па ўсім свеце. Напярэдадні ж дня нараджэння Геніюш своеасаблівае духоўнае пабрацімства з’яднала два гарадкі Еўропы — чэшскі Вімперк і беларускую Зэльву. З імі быў цесна сплецены лёс сям’і Геніюшаў, і кожны па-свойму стаў турмою для іх… 8 жніўня беларусы Чэхіі ўшанавалі памяць нацыянальнай паэткі адкрыццём дакументальнай выставы ў Ваўчынай вежы замка Вімперк.

(На здымку: Замак Вімперк)


Жывы замак

«Вітаю ў нас на Шумаве!» — звяртаецца спадар з музычным іменем Антанін Дворжак да гасцей з Прагі і Мінска. Спадар Дворжак — кашталян замка Вімперк, пекнага помніка архітэктуры рэнесансу, заснаванага родам Рожмберкаў у ХІІ стагоддзі. На чэшскі ўзровень захаванасці спадчыны замак можна назваць занядбаным, але ў добрым стане. Ён узяты пад абарону ЮНЭСКА, і сёлета поўным ходам ідзе яго рэстаўрацыя. Рабочыя ўзводзяць наноў часткова захаваныя сярэднявечныя муры і на зайздрасць беларускім аматарам старажытнасці вызваляюць унікальны інтэр’ер XV стагоддзя з-пад «новых» пераборак XVІІІ.

«Вімперк — гэта неацэннае ўражанне. Я падсумавала для сябе розніцу з нашым Мірскім замкам. Вімперк не такі штучна намакіяжаны, гэта замак жывы, рэальны, у якім жылі людзі, а цяпер працуюць археолагі, рэстаўратары. Тут няма шыку, затое ёсць гісторыя, легенды, пошукі слядоў і думак Геніюш», — кажа пражская беларуска Алена Ціхановіч, натхняльніца паездкі і арганізатарка мемарыяльнай выставы. Адкрыццё выставы арганічна ўплеценае ў экскурсію-знаёмства з замкам. Каб знаёмства не расцягвалася, да беларускіх госцяў прыстаўлены хлопчык — сын замкавага кашталяна, які прыспешвае тых, хто марудзіць, спецыяльна вывучаным: «Наперад, калі ласка».

Групу заводзяць у падвал — і дзверы замыкаюцца. «Запомніце гэтую камору», — просіць кашталян, калі мы мінаем змрочнае халоднае сутарэнне сярэднявечнай кастэлі.

Але неўзабаве — свабода. Мы ўздымаемся на Ваўчыную вежу, у залю, дзе размешчана экспазіцыя дакументаў, прысвечаных чэшскаму перыяду Геніюш.

Паэтка адвагі і надзеі

Аўтаркай канцэпцыі выставы «Ларыса Геніюш: паэтка адвагі і надзеі» была спадарыня Францішка Сокалава — вялікая сяброўка Беларусі, даследчыца нашай літаратуры. Сама яна на ўрачыстасці прысутнічаць не змагла, але прагучаў яе пераклад верша Геніюш «Чужыя хвоі». А распачаў імпрэзу намеснік старосты горада Вімперк Богуміл Петрашэк: «Дагэтуль не так шмат людзей міжнароднага маштабу жыло ў нашым малым Вімперку. Цяпер мы ведаем, што тут была Ларыса Геніюш...»

Для чэхаў лёс беларускай паэткі — нядаўняе адкрыццё. Дазнаўшыся пра драматычную гісторыю сям’і Геніюш, кашталян Дворжак з энтузіязмам уключыўся ў доследы. Уважліва прачытаўшы мемуары паэткі, ён вызначыў, у якім памяшканні трымалі жанчыну пасля арышту ў сакавіку 1948 года. Гэта і была тая змрочная камора, у якой нас ледзь не замкнулі падчас экскурсіі.

Выстава «Ларыса Геніюш: паэтка адвагі і надзеі»

 

На адкрыцці выставы выступалі як беларусы Чэхіі, так і «беларускія беларусы» — галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч і старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч. Пісьменнікі былі ў Чэхіі ў межах майстар-класаў, арганізаваных Беларускім ПЭН-цэнтрам для маладых літаратараў — пераможцаў конкурсу, прысвечанага стагоддзю Ларысы Геніюш. Таксама прачытаў вершы малады паэт Антон Рудак, чые творы стануць безумоўным бальзамам для тых, хто ўспрымае сучасную літаратуру выключна як «біццё вокнаў у бацькоўскай хаце». Хлопец не проста нарадзіўся ў адзін дзень з Ларысай Геніюш — 9 жніўня, — але і палічыў гэта знакавым супадзеннем, якое абумовіла яго жыццёвыя зацікаўленні. Яго паэзія — годны працяг традыцыі беларускай літаратуры.

На зімовай гары

У 1939 годзе Заходнюю Беларусь далучылі да СССР, і былыя грамадзяне Польшчы Янка і Ларыса Геніюш, як і безліч іх землякоў у Чэхіі, зрабіліся людзьмі без грамадзянства. У 1945 годзе Саветы пачалі патрабаваць такіх асобаў назад “на радзіму”. Ведаючы, чым скончыцца дэпартацыя ў СССР, Геніюшы да апошняга супраціўляліся. Ларыса Антонаўна папрасіла заступніцтва ў прэзідэнта Чэхаславакіі Эдварда Бенеша, і мінімальная абарона была дадзеная: сям’я атрымала чэхаславацкае грамадзянства, а доктара Янку Геніюша накіравалі на працу лекарам у памежны Вімперк.

У сваёй мемуарнай «Споведзі» Ларыса Антонаўна запознена злавала на мужа. Яна падазравала, што высылка ў Вімперк была намёкам з боку чэхаў для беларусаў — маўляў, у Шумаўскіх гарах так лёгка заблукаць і выблукаць ужо ў Заходняй Германіі, «у абдымкі амерыканцаў»... Але застацца ў сацыялістычным блоку было свядомым рашэннем Янкі Геніюша. Яго галоўны аргумент — галеча, якая іх чакае на Захадзе ў абмен на свабоду: яму не хочацца «есці кансервы ў Францыі» (як горка іранізуе Ларыса Геніюш, пазней у ГУЛАГу гэтыя «кансервы» былі недасягальнай марай). Янка пастанаўляе застацца ў Чэхаславакіі, дзе ўдалося абжыцца і стаць сваімі.

Перабыванне Геніюшаў Вімперку прыпала на зіму 1947–1948 года. Ларыса Антонаўна разрывалася паміж мужам, якому прыязджала дапамагаць па гаспадарцы і з хворымі, і 13-гадовым Юркам, які давучваўся ў гімназіі ў Празе. Калі Прага для яе — горад шчасця, то ў Вімперку ёй трывожна, яна бачыць гэтае ненавіднае ёй месца ў шэрых колерах. Менавіта такім каменна-няўтульным і сёння здаецца дом па адрасе «вуліца доктара Бенеша, 161», дзе кватаравалі Геніюшы.

Кашталян Антанін Дворжак і журналістка Алена Ціхановіч



Назва мястэчка Вімперк — чэшскае спрашчэнне ад нямецкага «Зімовая гара» — і Ларыса Геніюш напоўніцу адчула гэты зімовы холад. Пасля камуністычнага «лютаўскага» перавароту ў 1948 годзе новы ўрад Чэхаславакіі выдае Геніюшаў Саветам. З гэтага часу іх назаўжды разлучаюць з сынам.

Восем дзён пасля арышту Геніюшы правялі ў сутарэннях замка Вімперк, пасля былі этапаваныя ў горад Пісэк, а адтуль у Прагу, дзе іх перадалі ўладам СССР.

…У жніўні 2010 года нішто не нагадвае пра змрочныя паваенныя падзеі. На стэндах залітай сонцам залі — фотаздымкі, дзе выяўленыя шчаслівыя людзі: Янка, Юрка, Ларыса. Сенатар Томаш Ірса ў сваім выступе ад імя ўладаў Чэхіі прызнае, што тагачасны ўрад яго дзяржавы здзейсніў памылку, прыняўшы рашэнне аб дэпартацыі беларусаў у СССР. З вакна Ваўчынай вежы адкрываецца від на парослыя «чужымі хвоямі» горы.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).