xxx

/ Коктыш і Селяшчук у «Добрых мыслях»

/ Коктыш і Селяшчук у «Добрых мыслях»

У фальварку «Добрыя мыслі» — трэцяя фотавыстава з серыйнага праекту Таццяны Гаранскай і Віктара Маркаўца — «Памяці Міколы Селяшчука». З нязменным аўтарам, знакамітым фатографам Яўгенам Коктышам, чые густоўныя чорна-белыя фотаздымкі нагадваюць то далікатныя графічныя аркушы, то экспрэсіўныя плакаты, то партрэтны жывапіс. 50 фотаработ вяртаюць гэтым разам успамін пра слыннага беларускага мастака пакалення 1970–1990-х гадоў.

У падзеі ёсць і святочны аспект — днямі аўтар здымкаў адсвяткаваў 70-годдзе, хаця гледзячы на энергічнага ўсмешлівага барадача, якога ад імя чытачоў «НЧ» шчыра віншуем з юбілеем, хочацца гаварыць не пра ўзрост. Больш уражваюць творчыя здзяйсненні. За кожнай з трох праведзеных у «Добрых мыслях» выстаў — 1–2 тысячы фотаздымкаў, прысвечаных яе героям. Невыпадкова, што кватэра майстра даўно ператварылася ў своеасаблівы архіў новай гісторыі Беларусі. Асабліва ўражвае тое, што майстру ўдалося захаваць выдатныя калекцыі здымкаў з часоў яшчэ далічбавай фатаграфіі. З тых, калі яму даводзілася лепшыя негатывы адсылаць замоўцам, таму ж маскоўскаму агенцтву «Новости», якое зараз бессаромна гандлюе яго здымкамі ў інтэрнэце.

Папярэднія выставы ў “Добрых мыслях” прысвячаліся Васілю Быкаву і Алесю Адамовічу. Знакавыя асобы беларускай культуры, якія, здавалася, заўсёды былі навідавоку ў віры грамадскага жыцця, але стварыць такую фотагалерэю, летапіс іх жыцця давялося толькі Яўгену Коктышу.

Сябры Міколы Селяшчука, што прыйшлі на адкрыццё экспазіцыі, прыгадвалі: прыязныя творчыя дачыненні паміж Быкавым, Адамовічам і адносна маладымі мастакамі ўсталёўваліся менавіта дзякуючы Коктышу.

Маладыя і мэтры


Наколькі істотнай для мастакоў была сяброўская цёплая падтрымка ўжо знакамітых пісьменнікаў — можна толькі здагадвацца. Яўген Коктыш прыгадвае эпізод, калі ў 1980-х яго запрасіў Анатоль Сульянаў, генерал-маёр, кіраўнік палітупраўлення БВА і пісьменнік, зрабіць фотаздымкі яго разам з Адамовічам і Быкавам на кургане Славы. Хоць выбраліся на шыкоўнай генеральскай машыне, добра прамерзлі на вятры на кургане. І на зваротным шляху Быкаў прыгадаў пра карціну мастака, якая ўразіла яго на нядаўняй выставе. Вырашана — едуць у майстэрню да Селяшчука. І вось ужо сам Быкаў вядзе экскурсію па майстэрні, пераходзячы ад палатна да палатна і даючы суразмоўцам свае мастацтвазнаўчыя тлумачэнні. Кола сяброў і наведвальнікаў майстэрні — тут жа на здымках Коктыша ў “Добрых мыслях”: Уладзімір Някляеў, Рыгор Барадулін, мноства мастакоў, крытыкаў, журналістаў, проста шчырых і добрых людзей.

Якая карціна так прывабіла Быкава? Мала хто мог даць на юбілейныя патрыятычныя выставы такія творы, якія найперш гаварылі пра сваё асабістае — і адначасна выклікалі, правакавалі значныя для грамадства пытанні. Можа, палатно “Вярнуліся” (1985), дзе, стылізаваныя, як на старым фотаздымку, паўсталі дзве постаці ветэранаў вайны? А можа, карціна “Канец сезону туманоў” (1985, фактычна партрэт першай жонкі, маладой жанчыны на фоне амаль пустэльнага краявіду), чый загадкавы вобразны свет прымусіў мінскую публіку задавацца пытаннем: сезон туманоў — гэта эпоха брэжнеўскага застою?

Кажуць, трапіўшы ў калекцыю тагачаснага сакратара Мінскага гаркама КПБ, а затым міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанкі, твор зрабіўся своеасаблівым пропускам для Селяшчука ў Еўропу: мастак атрымаў дазвол на замежныя выставы, яго карціны пачалі выгодна прадавацца. А можа самотніку Быкаву прыйшоўся да спадобы твор “Матылькі тут не жывуць” — шчымлівы метафарычны партрэт чалавечай адзіноты? Пра раз’яднанасць людзей у быццам бы шчаслівым савецкім грамадстве так выразна Селяшчук першым сказаў у беларускім жывапісе.

Мікола Селяшчук, Уладзімір Савіч, Міхась Раманюк... Каляды–1980 у Заслаў’і.



Галерэя жыцця

На большасці фотаздымкаў Яўгена Коктыша — Селяшчук, вясковы хлопец з-пад Маларыты, які так натуральна зрабіўся арганічнай часткай сталічнага культурнага жыцця, застаўся з прыязнай адкрытай усмешкай на твары. Вось ён у майстэрні, а вось побач са сваім настаўнікам, Васілём Шаранговічам — адукацыю ў Акадэміі мастацтваў, тагачасным Тэатральна-мастацкім інстытуце, ён атрымаў як майстар кніжнай і станковай графікі. Адсюль, з моцнай плыні новага беларускага графічнага мастацтва, разам з захапленнем імпрэсіяністамі, сюррэалізмам і іншымі сучаснымі з’явамі актуальнай еўрапейскай культуры, якое падтрымліваў яго старэйшы сябра мастак Георгій Скрыпнічэнка, — загадкавасць і неадназначнасць жывапіснага ладу карцін Селяшчука. Графіка давала свабоду эксперыменту, які мастак пераносіў на вялікае палатно, насычаючы яго дзіўнымі фальклорнымі вобразамі.

На адным з фотаздымкаў — Селяшчук разам з Уладзімірам Савічам і Уладзімірам Тоўсцікам побач з Палацам мастацтваў на вуліцы Казлова ў Мінску — насупраць іхняй агульнай майстэрні над крамай “Акіян”. “Я жыву над акіянам”, — паўжартам казаў Мікола ў тыя часы. Усе трое — выдатныя, знакавыя постаці ў беларускім мастацтве ХХ стагоддзя, чыя супольнасць узбагаціла творчы почырк кожнага паасобку. З акіяну іх мастацкіх знаходак чэрпае натхненне не адзін сучасны беларускі акадэмік: работы Селяшчука дагэтуль разыходзяцца на вобразныя цытаты.

Яшчэ здымкі: Мікола з дзяўчынамі, мадэлямі з Беларускага дома мод, яны потым пераўтвараліся ў загадкавых прыгажунь яго палотнаў — і ў гераінь фотапартрэтаў Коктыша, які і заахвочваў паненак да працы з мастаком. А вось фальклорныя святы ў Заслаў’і, што ядналі ў тыя гады мноства маладых беларускіх інтэлектуалаў.

З Маргарытай Шчэмелевай. Купалле ў Заслаўі. 1978.



Вяртанне пазык

Гутарка сяброў, знаёмых, Селяшчука, мастацтвазнаўцаў і экспертаў за круглым сталом на адкрыцці фотавыставы закранула няпростыя пытанні, якія засталіся пасля трагічнай гібелі мастака летам 1996 года на Цірэнскім моры ў Італіі. Паехаў у краіну класічнай мастацкай культуры, пазнаёміцца з якой так марыў, і не вярнуўся. А ў Мінску дагэтуль цяжка пабачыць яго творы. Яны разышліся па прыватных зборах, трапілі за мяжу.

У гэтыя дні ў Нью-Йорку адбываецца выстава-аўкцыён, дзе прадстаўлена каля 20 карцін Селяшчука. А ініцыятыва арганізаваць прысвечаны яму фонд і калекцыю адразу ў 1996-м натыкнулася на перашкоды: правы ўласнасці, кошт твораў, пошук памяшкання. 14 гадоў чакае выдання адзіная манаграфія творчасці, падрыхтаваная крытыкам Валянцінай Трыгубовіч пры непасрэдным удзеле самога Селяшчука. Перад апошнім яго ад’ездам з радзімы, здавалася, усё было гатова да яе здачы ў друк. Раптоўная смерць спыніла працу.


А выдадзены Наталляй Шаранговіч 335-старонкавы альбом-каталог і зборнік успамінаў «Мікола Селяшчук. Гучанне музыкі нябёсаў» (2007) ахоплівае не ўсе звязаныя з творчасцю мастака матэрыялы.

Фатаграфія — схоплены момант мінулага, архіў гістарычнай памяці, з’ява мастацтва, калі да яе дакранаецца рука і пачуццё такога адмыслоўцы, як Яўген Коктыш. «Добрыя мыслі» з Таццянай Гаранскай і Яўгенам Коктышам увосень плануюць прадоўжыць фотападарожжа па вяршынях айчыннай культурнай спадчыны. У планах стварэнне галерэй-успамінаў пра музыку Уладзіміра Мулявіна, актрысу Стэфанію Станюту, скульптара Анатоля Анікейчыка.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).