xxx

/ Без гусараў: альтэрнатыўная «Славянка»

/ Без гусараў: альтэрнатыўная «Славянка»

З 10 па 16 ліпеня ў Віцебску прайшоў XVIII фестываль мастацтваў «Славянскі базар». Сёлета мерапрыемства было як ніколі маштабным: яно стала сустрэчай 5 тысяч артыстаў і 100 тысяч гледачоў. Гатэлі горада былі забітыя пад завязку, частку ўдзельнікаў сялілі ў Оршы. На вуліцах значна часцей, чым у мінулыя гады, можна было пачуць замежныя мовы. Удзел у свяце яднання ўсіх славян узялі прадстаўнікі 17 краінаў, сярод іх — «славяне»-бразільцы і «славяне»-в’етнамцы. Але святам мастацтва старая добрая «Славянка» стала далёка не для ўсіх.

Праз тыдзень пасля заканчэння дзейства Віцебск напоўнены аўрай правінцыйнага мястэчка, якое толькі што пакінулі гусары. У па-новабеларуску чыста падмеценых вуліцах і выдраеных фасадах адчуваецца эмацыйна-фізічная спустошанасць. Свята-Успенскі кафедральны сабор Віцебска — копію уніяцкага храму, шэдэўра архітэктуры XVIII стагоддзя, які зноў паўстае на стромым беразе Заходняй Дзвіны, накрылі купаламі, што адразу вярнула гораду вертыкальную дамінанту, а велічныя муры сабору, яшчэ не атынкаваныя і не пафарбаваныя ў штосьці па-новабеларуску ярка-вясёлкавае, надалі наваколлю нейкую, не пабаюся гэтага дыскрэдытаванага слова, славянскую гатычнасць. Але падчас шпацыраў па постфестывальным Віцебску не пакідае адчуванне: шыкоўныя барокавыя саборы, старажытныя вежы, якія цягам апошніх год тут рупліва ўзнаўлялі, — усяго толькі арыгінальны заднік летняга амфітэатру. Гэтая дзяўчына харошыцца, каб выйсці замуж. За гусара.

Зусім іншы дух пануе на супрацьлеглым, ніжэйшым баку Дзвіны, у былых габрэйскіх кварталах, якія прымыкаюць да віцебскага аўтавакзала. Тут нарадзіўся Шагал, тут працаваў Малевіч — і дух мастацтва, паспеўшы за савецкім часам амаль цалкам адсюль выветрыцца, пакрысе зноў запаўняе ціхія цагляныя вуліцы. Раз-пораз святло выхоплівае з паўзмроку сутоння парасоны ўтульных кавярань, а з гарышча неасветленых старых камяніцаў чуецца жывая музыка. У гэтым квартале адчуваецца патэнцыял такіх нефармальных раёнаў еўрапейскіх гарадоў, як Казімеж у Кракаве ці Нойштадт у Дрэздэне. Але не будзем прыспешваць падзеі… Надвячоркам тут і так хораша.

Гэтак жа, як густая, ярка ўбраная, асветленая правабярэжная частка Віцебску і сціплая ўцёмная, але густоўная і ўтульная левабярэжная яго частка, розняцца жыхары гораду і іх стаўленне да святочнага тыдня. На афіцыйным сайце фестывалю «Славянскі базар» жартуюць: год у Віцебску пачынаецца не ў студзені, а ў ліпені. П’яна-разгульна-запамарочны стан, вядомы кожнаму, хто хоць раз трапляў у Беларусі на Дзень хоць якога гораду, доўжыцца ў Віцебску ажно тыдзень. Для старэйшых гэты тыдзень — магчымасць атрымаць ад прафсаюза бясплатны квіток на канцэрт эстрады, для маладзейшых — шанец пабачыць на вуліцах зорак, знаёмых па экранах тэлевізара, і нагода для штодзённых дыскатэк, для гандляроў і мастакоў — спосаб добра зарабіць.

Другая — меншая частка — дэманстратыўна адхрышчваецца ад усяго, што адбываецца ў горадзе, які ператвараецца ў постсавецкую сталіцу папсы і безгустоўшчыны. Аднак не заўважаць «базару» ў гэтыя дні проста немагчыма. І таму нараджаецца трэцяе, кампраміснае стаўленне да фестывалю: калі зло немагчыма прадухіліць, трэба расслабіцца і атрымліваць асалоду.


  

Віталь Броўка: “Умоваў для культурнага росквіту няма”.

 

 Віталь Броўка нарадзіўся ў Сянне, вучыўся ў Наваполацку і ўжо чатыры гады жыве ў Віцебску. Дырэктар рэкламна-канцэртнай агенцыі «Кастусь-media», займаецца моладзевымі праектамі, адзін з іх — гарадскі культурніцкі партал vitebsk4.me. Я гутару з ім пра яго адчуванне «славянаў» і «Славянкі».

— Як 18 год фестывалю змянілі Віцебск і яго жыхароў?


— Трэба прыгадаць, што сваімі каранямі «Славянка» сягае яшчэ ў «сімвал савецка-польскай дружбы» — фестываль польскай песні, які праходзіў у 1980-я гады ў Віцебску. На той час гэта была даволі прагрэсіўная з’ява, бо ў яшчэ савецкі, наменклатурны Віцебск прыязджалі маладыя творчыя калектывы з Польшчы, дзе ў той час была больш развітая культура: адчуваліся заходнія ноткі, уплыў року нават на саўкова-афіцыйную сцэну. Фестываль быў малады па ўзросце ўдзельнікаў, у тым ліку з беларускага боку. Нашыя актыўна тусаваліся з палякамі, і шмат якіх павеваў набіраліся менавіта ад іх. Мне здаецца, «польская песня» мела разнявольваючы ўплыў на віцьбічаў. Потым — у першыя гады незалежнасці — фестываль называўся «Славянскі кірмаш». Пазней здарылася крыза, а за Лукашэнкам, года з 1995-га, фестываль пачаў атрымліваць тую наменклатурна-папсовую сутнасць, якую мае зараз.

Апошнім часам прагрэсіўная публіка ставіцца да фестывалю даволі негатыўна. Напярэдадні фестывалю на інтэрнэт-форумах можна сустрэць запісы: «Бывайце, я з’язджаю за горад, бо не магу знаходзіцца ў гэтым гармідары. Хто са мной на шашлыкі? У Віцебску няма чаго лавіць». Тым больш, што ў мінулым годзе і сёлета панавала антытэрарыстычная істэрыя: калі ўвесь горад застаўлены міліцэйскімі пастамі з сабакамі, турнікетамі і металашукальнікамі, калі ў цэнтр не прапускаюць пешаходаў з бутэлькамі вады, паўстае процьма нязручнасцяў чыста побытавага характару.

— Ці былі вы ў горадзе сёлета падчас фестывалю, і калі былі, то якія мерапрыемствы наведалі?

— Кожны год падчас фестывалю я застаюся ў Віцебску. Мы з таварышамі імкнёмся зрабіць імпрэзы, на якіх цікава бавіць час людзям з альтэрнатыўнымі густамі, дзе яны, так бы мовіць, маюць магчымасць схавацца ад усяго, што адбываецца ў межах афіцыйнай праграмы фестывалю. Мы ладзім канцэрцікі ў закрытых клубах ці электронныя вечарынкі. Сёлета з 11 па 16 ліпеня супольна з аргкамітэтам вялікага ўкраінскага джазавага фэста Koktebel Jazz Festival у нас праходзіла «прэ-паці» гэтага фэста, якое адначасова было адборачным турам для беларускіх гуртоў. Гэта была супраца Алега Ціханава, дырэктара гурта «Osimira» і нашага культурніцкага парталу vitebsk4.me. У бітлз-клубе «Чердачок» выступалі «CHERRYVATA», «Testamentum Terrae», «Хуткі смоўж», «Open Space», «Серебряная свадьба», «Джамбибум», «Port Mone», віцебскі джаз-квартэт «Espresso», «Фляус и Кляйн» з Наваполацку…

— То бок, найлепшыя беларускія альтэрнатыўныя гурты…

— І яшчэ гурт «Mamanet» з Украіны. Кожны дзень «Славянкі» ўвечары можна было знайсці паратунак ад папсовай пагулянкі, прытулак сярод аднадумцаў, тых, хто любіць добрую музыку.

— Ці пазіцыянаваўся ваш праект як частка фестывальнай праграмы?

— Не, хаця інфармацыю пра яго можна было знайсці ў навінах пра «Славянскі базар». Гэта адбывалася паралельна. Мы вырашылі, што цікава будзе стварыць невялічкую прастору для вольнага мастацтва.

— Што з падзеяў «Славянскага базару», на ваш погляд, варта таго, каб бачыць гэта на ўласныя вочы, а не на экране тэлевізара? А чаго, магчыма, там і не пабачыш?

— Заўсёды ёсць цікавыя выспачкі ў «Горадзе майстроў», хоць з кожным годам іх усё складаней заўважыць сярод агульнага кітайскага шырспажыву. Сёлета там адбываўся фэст старажытнай культуры, які ладзілі прадстаўнікі клубу сярэднявечнай рэканструкцыі «Паўночная вежа». Гэта была падзея, што выбівалася з астатняга лубочнага мастацтва, якое дэманструецца пад выглядам народнага падчас «Славянскага базару».

— Пасля таго, як за Амстэрдамам замацавалася слава сталіцы марыхуаны і свабоднага кахання, туды з усяго свету сталі перасяляцца людзі, схільныя да адпаведнага стылю жыцця. Парыж традыцыйна вабіць рамантычныя парачкі ды моднікаў, Прага — аматараў піва. Ці можна сказаць, што насельніцтва Віцебска папаўняецца за кошт аматараў папсы?

— Я б не сказаў. Разгул папсы ў нас адчуваецца мацней, чым у астатняй Беларусі, адно раз на год. Віцебск традыцыйна лічыцца горадам мастакоў, іх сапраўды ў горадзе шмат, у кожнага месціча ёсць знаёмы мастак, ці не кожны бываў у майстэрні мастака, кожны віцьбіч ведае, што тут працавалі Шагал, Пэн і іншыя. Віцебск мае перспектыву стаць сапраўднай культурнай сталіцай Беларусі, хоць на дадзены момант гэта далёка не так. На жаль, найгучнейшую падзеяю ў віцебскай культурнай прасторы назваць культурай даволі цяжка. Умоваў для культурнага росквіту няма. Але ёсць перспектывы, ёсць таленавітая моладзь.

— Што б вы змянілі ў канцэпцыі «Славянскага базару», калі б былі яго арганізатарам?

— Любое масавае, маштабнае мерапрыемства непазбежна будзе мець папсовае напаўненне. Але сучасны кічавы фармат — віна зусім не арганізатараў. Я меў магчымасць параўнаць сёлетнюю праграму, прапанаваную дырэкцыяй фестывалю, і праграму, якую адцэнзуравалі і зацвердзілі ў Мінкульце — гэта дзве розныя праграмы: першая была прагрэсіўнейшай. Я лічу, любы вялікі фестываль павінен быць дэмакратычным, улічваць эстэтычныя запатрабаванні самых розных гледачоў. Ідэал — фестываль фестываляў, кірмаш самых розных культурных фарматаў.
 


  

Вячаслаў Шадронаў: “Базар” — праект у першую чаргу палітычны



Вячаслаў Шадронаў (нарадзіўся ва Ульянаўску, жыве ў Маскве) сёмы год асвятляе падзеі “Славянскага базару” ў расійскай прэсе, канцэнтруючы сваю ўвагу найперш на кіна- і тэатральнай крытыцы. Пасля падзеяў сёлетняга фестывалю, ён абвясціў у сваім блогу, што ў “Віцебск ён больш ні нагой”. У гутарцы з ім я спрабую высветліць, што адбавіла ад знакамітага фестывалю нават яго самых адданых заўсёднікаў.

— Вашы ўражанні ад апошняга фестывалю? Чаму вы рэгулярна ездзілі на “Славянскі базар” у Віцебск і чаму больш не паедзеце?

— Уражанні дваістыя. З аднаго боку, фестываль зорны і ў плане поп-канцэртаў, і ў плане тэатральнай праграмы, у той жа час мае месца шмат адкрыццяў, звязаных з імёнамі незацёртымі, свежымі. З іншага — знешняя абстаноўка (бясконцыя праверкі на вуліцах, побытавыя ўмовы, якія з года ў год усё не паляпшаюцца) проста прыгнятаюць. Шчыра кажучы, калі кожныя 50 метраў цябе спыняюць дзеля вобшуку, ні пра якое свята гаворкі быць не можа. Пасля ўсіх гэтых выпрабаванняў у мяне няма ніякай ахвоты прыязджаць у Віцебск яшчэ раз, хоць я не прапусціў ніводнага фестывалю з 2002 года.

— Якія мерапрыемствы “Славянскага базару” вы асабіста наведалі і што вас у іх прывабіла?

— Наведваў даволі шмат — практычна ўсе сольныя канцэрты эстрадных зорак, амаль усю тэатральную праграму, музычныя акадэмічныя канцэрты. Канешне, ізраільскую праграму “Песні сяброў”, якую не прапускаю ніколі.

У поп-канцэртах расійскіх артыстаў прывабіла тое, што многія з іх або ўвогуле не даюць сольныя выступы ў Маскве (напрыклад, Ратару і Лявонцьеў), або выступаюць гады ў рады, і мы тут проста не паспяваем да іх прыйсці, а ў Віцебску — сам Бог казаў (так, апошнюю праграму Меладзэ я пачуў толькі на “Славянскім базары”).

Але значна болей прывабілі акадэмічныя канцэрты ў абласной філармоніі і касцёле святой Барбары. Гэта магчымасць пазнаёміцца з артыстамі, якіх у Маскве ўвогуле не пачуеш.

— У беларускіх СМІ “Славянскі базар” пазіцыянуецца як свята адзінства ўсіх славян. Ці адчувалі вы адзінства з беларусамі (украінцамі, палякамі і г.д.), калі знаходзіліся ў Віцебску?

— Акурат паміж беларусамі, украінцамі і палякамі ніякага дадатковага “адзінства”, апроч таго, якое і так назіраецца ў межах праграмы “Славянскага базару”, не праяўляецца — хутчэй наадварот, кідаецца ў вочы, напрыклад, тое, што прадстаўнікі Расіі і Беларусі на адкрыцці гавораць па-руску, а прадстаўнік Украіны — па-ўкраінску і часткова па-беларуску. Палякам, а таксама чэхам, сербам і г.д. падобнае мерапрыемства сёння, відаць, увогуле нецікавае. Адзінства прасочваецца зусім у іншых, неславянскіх кірунках. У мінулыя гады вельмі магутна ў Віцебску была прадстаўленая Літва, сёлета асабліва моцна і вельмі разнастайна — Латвія: музыка папулярная і акадэмічная, тэатр, выяўленчае мастацтва, фатаграфія. Да таго ж Даўгаўпілс — горад на той жа рацэ, што і Віцебск, толькі называецца яна там іначай, — вось вам і адзінства культурнае, геаграфічнае, гістарычнае. Але гэта блізкасць Беларусі да Прыбалтыкі ці Еўропы, а не да Расіі. Магчыма, гэты эфект у планы арганізатараў не ўваходзіў, але ён мяне парадаваў.

— Як і ў які бок змяніўся фестываль за час, калі вы з ім знаёмыя?


— Фестывальны Віцебск змяніўся ў тым плане, што амфітэатр з 2002 года, калі я прыехаў упершыню, стаў крытым, а арт-кавярня набыла сцены (што ёй, праўда, не пайшло на карысць — раней з адкрытым балконам было неяк “рамантычней”). Іншых радыкальных зменаў я не заўважыў. Яшчэ больш жорсткімі сталі парадкі так званай “бяспекі”, звязанай не столькі з рэальнымі захадамі бяспекі, колькі з жаданнем лішняга разу прынізіць простых грамадзян, паказаць ім руку “гаспадара”.

— Ці было на апошнім “Славянскім базары” нешта, для чаго варта было ехаць у Віцебск, што не трапіла на экраны тэлевізараў, і што гэтыя самыя экраны не змаглі б перадаць?

— У Расіі “Славянскі базар” практычна не транслюецца, сёлета хаця б пайшоў у эфір конкурс маладых выканаўцаў, у мінулым годзе былі толькі тэледзённікі фестывалю, да таго ж не ў найлепшы час. Таму фестывальную праграму я не мог бы пабачыць ніяк іначай, як на свае вочы. Напрыклад, спектакль Рыжскага тэатра “Одесса, город колдовской” я дакладна нідзе больш не паглядзеў бы — спектакль, зрэшты, даволі слабы, але ў плане знаёмства з рускамоўнымі тэатрамі Латвіі паказальны.

— Калі б вы ўваходзілі ў склад дырэкцыі “Славянскага базару”, якія змены ў праграму, канцэпцыю фестывалю вы б прыўнеслі?

— Што тычыцца конкурсу маладых выканаўцаў — як слушна адзначыла старшыня журы–2009 Лайма Вайкуле, трэба нешта рабіць з іміджам удзельнікаў, з падборам музычнага матэрыялу — усё-ткі на двары ХХІ стагоддзе, а не савецкія 1980-я. Калі пра фестываль у цэлым — можна было б падняць узровень праграм, асабліва кіно і тэатральных. Але трэба разумець, што “Базар” — праект у першую чаргу палітычны, а ўжо ў другую — культурны, таму наўрад ці змены ў канцэпцыі пойдуць яму на карысць, хутчэй ужо паставяць пад сумнеў сэнс яго існавання.

 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).