№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Язык мой — вораг мой
"Іншым часам лепш жуваць, чым размаўляць", — гэтая рэкламная прыказка цалкам падыходзіць пад тое, што казаў Аляксандр Лукашэнка на прэсавай канферэнцыі расійскім журналістам, якая адбылася 2 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Нягледзячы на тое, што беларускі прэзідэнт спрабаваў нівеляваць нейкія пытанні, мы зразумелі: галоўны вораг Беларусі — Пуцін.
Такой рыторыкі ў адносінах былога расійскага прэзідэнта мы не чулі з 2004 года. Дарэчы, гэта ў правілах паводзінаў беларускага прэзідэнта. Здаецца, Аляксандр Лукашэнка так і не дараваў Пуціну тое, што "нашыя адносіны назаўсёды былі атручаныя газам". Нягледзячы на тое, што з тых часоў пяць год прайшло.
Паводле словаў Лукашэнкі, менавіта Пуцін "замарозіў" беларусаў у 2004-м. "Гэтае рашэнне было прынята тагачасным прэзідэнтам Пуціным", — сказаў ён, каментуючы паводле просьбы журналістаў словы былога прэм'ер-міністра Міхаіла Касьянава ў яго толькі што выданай кнізе мемуараў. Касьянаў, які ў 2004 годзе займаў пасаду кіраўніка ўрада, адмаўляе сваё дачыненне да адключэння газу.
"Касьянаў не прымаў рашэнне аб адключэнні газу Беларусі, ён піша праўду. Больш за тое — ён быў катэгарычна супраць такіх падыходаў. Таму што ён ведаў, што эканамічныя наступствы, асабліва іміджавыя, паміж краінамі будуць сапсаваны, а расхлёбваць гэта давядзецца ўрадам дзвюх краін", — дадаў Лукашэнка.
"Я гаварыў Пуціну не рабіць гэтага, гэта пагражае страшнымі стратамі беларуска-расійскім адносінам. Гэты рубец не зарубцуеш. Але газ усё роўна быў перакрыты", — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у адказ на дзеянні Масквы Беларусь прыняла рашэнне павялічыць кошт транзіту прыроднага газу з Расіі па сваёй тэрыторыі. Аднак, калі ў Расіі пераканаліся, што не толькі Беларусь, але і сама Расія губляе на штрафных санкцыях з боку еўрапейскіх спажыўцоў, Пуцін патэлефанаваў, каб урэгуляваць рознагалоссі, сказаў Лукашэнка. "Беларусь адкрыла ўсе каналы паставак энергарэсурсаў на Захад. Ну, і што мы ў выніку атрымалі?" — задаўся пытаннем прэзідэнт.
Больш за тое, менавіта Пуцін сарваў пабудову Саюзнай дзяржавы. "Хіба была б праблема ў хуткім прасоўванні стварэння і развіцця Саюзнай дзяржавы, калі б была на гэта воля Пуціна і Лукашэнкі? Не было такой волі, і гэты працэс шмат у чым прытармазіўся. Я не буду ўнікаць у дэталі і не хацеў бы пра гэта казаць. Не Лукашэнкі ў гэтым віна", — заявіў беларускі прэзідэнт.
"Калі мы з Барысам Мікалаевічам Ельцыным задумвалі гэты саюз, мы зыходзілі з таго, што мы хутка ўдвух павінны прайсці гэты шлях. І тады Украіне проста не было б куды падзецца, акрамя як далучыцца да саюза, — сказаў Лукашэнка. — Думалася, што Украіна, пасля таго, як мы пакажам перавагу і пойдзем наперад на працягу двух, трох, пяці гадоў, да нас далучыцца. Кучма (былы прэзідэнтУкраіны) з гэтым пагадзіўся. Але адбылося так, што позняй восенню ў канцы свайго прэзідэнцкага жыцця ён кажа: "У які саюз уваходзіць? Ды вы ўдвух не можаце разабрацца!" Задума была добрая, але з першай спробы яна не ўдалася".
"Не Лукашэнкі ў гэтім віна". Значыць, ва ўсім вінаваты Пуцін, які напрыканцы 2004 года (у "канцы прэзідэнцкага жыцця" Кучмы Пуцін быў прэзідэнтам Расіі) сарваў будаўніцтва Саюзнай дзяржавы? Выснова наўпроставая...
І больш за тое, Лукашэнка заявіў, што Расія сама вінавата ў тым, што Беларусь дагэтуль не прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Калі паўстала пытанне аб прызнанні дзвюх рэспублік, Лукашэнка хацеў вывучыць, якая сітуацыя і што там адбылося. "Мы адназначна занялі пазіцыю Расійскай Федэрацыі, падтрымаўшы на ўсіх узроўнях. Але прызнанне ж — сур'ёзны акт. Усе рэспублікі СНД катэгарычна адмовіліся прызнаваць, — сказаў Лукашэнка. — Па вялікім рахунку, мы даўно павінны былі прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію — не мае значэння, што там адбылося, — тым самым падтрымаўшы нашага саюзніка. На жаль, сам саюзнік вінаваты ў тым, што мы дагэтуль не вырашылі гэтае пытанне".
"Камусьці ў Расіі вельмі хацелася або нас "нахіліць" хутчэй, або, можа, наогул не хацелася, каб мы прызнавалі гэтыя рэспублікі, — заявіў прэзідэнт. — Пачалі нас цэнтральныя СМІ, яўна падкантрольныя дзяржаўным чыноўнікам, проста травіць, што не прызнае, таму што 500 млн. долараў не далі. Нібыта я за грошы павінен прызнаваць гэтыя рэспублікі. Ну і пайшла гэтая хваля ў той момант, калі мы павінны былі прызнаць. Гэта прызналі вашы кіраўнікі. Таму я сказаў: "Стоп, хлопцы, у гэтай сітуацыі так не будзе". Я пра гэта нядаўна сказаў аднаму і другому (Дзмітрыю Мядзведзеву і Уладзіміру Пуціну): "Хлопцы, вы самі стварылі такую сітуацыю, таму цярпіце". Гэта вельмі балючае пытанне, але, думаю, разбярэмся".
Што гэта азначае насамрэч? Калі размаўляць з гледзішча "апантанага нацыяналіста", то можна проста вітаць пазіцыю Аляксандра Лукашэнкі. Бач ты, беларускі прэзідэнт нарэшце вырашыў, што Беларусь — сапраўды незалежная краіна. І мусіць праводзіць такую палітыку, якую яна жадае праводзіць. Не азіраючыся на "старэйшага брата" з Усходу, і на "вялікага зубра" у выглядзе ЕС з Захаду. Значыць., Беларусь самастойная і годная. Але сама рыторыка наводзіць на думку, што прыклад Лукашэнка бярэ ад прэзідэнта Ірана Махмуда Ахмадзінежада ці ад правадыра Кубы Рауля Кастра і адышоўшага ад кіраўніцтва Фідэля.
Ахмадзінежаду пофіг санкцыі ААН наконт будаўніцтва ядзерных аб'ектаў. Кубе таксама пофігу ўсе санкцыі, якія на яе накладвае міжнародная супольнасць. Бачна, і Аляксандр Рыгоравіч вырашыў пайсці тым жа шляхам.
Але гэты шлях, — вельмі небяспечны. Не варта пінаць памёрлага льва, асабліва, калі гэты леў яшчэ жывы. Улічваючы тое, што Лукашэнка даваў інтэрв'ю менавіта расійскім журналістам — у тым ліку, цэнтральнай газеце "Известия", — ягоныя словы абавязкова дойдуць да Пуціна. Пры тым, што насамрэч, прэзідэнт Расіі — Пуцін. Які проста ўзяў паўзу для таго, каб ізноў прыйсці да вярхоўнай ўлады на наступных выбарах.
Лукашэнка ізноў пракалоўся так, як пракалоўся з Дональдам Тускам. Калі Дональд Туск, будучы лідэрам апазіцыйнай партыі, прыяжджаў у Беларусь, і яго дэпартавалі, Лукашэнка заявіў: "Далі па шыі, і выгналі. І слушна зрабілі". А на наступных выбарах Туск стаў прэм'ер-міністрам Польшчы. І з гэтага часу прагрэсу Беларусі ў адносінах з Польшчай не назіраецца.
Што будзе, калі прэзідэнтам зноў стане Пуцін? Што будзе з крэдытам, які мы плануем "выбіць" з Расіі на будаўніцтва АЭС, — Пуцін, усё ж такі прэм'ер Расіі? Што будзе з абяцаным крэдытам у 500 млн. долараў? "Мясныя" і "малочныя" войны — як з імі быць? Пастаўкі ў Расію сельскагаспадарчай тэхнікі?
Сапраўды, лепш жуваць, чым размаўляць...







.jpg)













Пакінуць новы каментар