/ Серыял "Школа": Вяртанне ў звярынец

/ Серыял "Школа": Вяртанне ў звярынец

Сусед запісаў мне 6 серый новага рускага серыяла “Школа”, які 11 студзеня пачалі паказваць у Расіі па канале ОРТ. У працэсе прагляду мы праз гугл даведаліся, што ў Расіі скандал: міністэрства адукацыі нібыта збіраецца забараніць серыял за чарнуху і аднабаковасць. Здымала Валерыя Гай Германіка — маладая рэжысёрка фільму “Усе памруць а я застануся”.  (На здымку: гэта не акторка, гэта рэжысёрка)

Я гэты фільм не глядзела, але мне апавялі, што серыял фактычна працягвае яго тэмы і вобразы.

Тут і далей - кадры з серыяла "Школа"

Тут і далей — кадры з серыяла "Школа"

Хто скраў партрэт

Што сказаць? Прынамсі, я пабачыла нешта іншае за ўбогі рускі серыял, якія кіламетрамі глядзяць мае маці і бабуля. Шмат “добрага” ўжо прамоўлена пра рускія серыялы, каб не паўтарацца, скажу, што рускія серыялы “з жыцьця” ў сваёй масе мяне выводзяць.  “Іріна, почему ты бросіла Александра? — Потому что он ізменіл мне с Анастасіей”, — і так гадзіну з перапынкамі на рэкламу. Тое ж лацінскае мыла, але з меншымі эмоцыямі і без экзатычных краявідаў. Дзеянне зазвычай адбываецца ў безаблічнай правінцыі Расіі (якую здымаюць пераважна ў Менску, як вы разумееце), каб кожная хатняя гаспадыня на “8200 вёрст пустаты” змагла Атаясаміць.

 У серыяле “Школа” няправільна толькі адно: яго мэтавая аўдыторыя — падлеткі. На мой густ, ён зняты занадта “твінпіксава” і “доктархаўзава” як на цінэйджэрскую псіхіку. Самае галоўнае — дасягаецца поўны эфект прысутнасці, бо камеру падносяць упрытул да актораў, у некаторых выпадках мы бачым адно палову твару ці вусны. Гэта грузіць і цісне. Зрэшты, я, магчыма, дарма кажу за сучасных цінэйджэраў — я дзіця 1990-х, вяршыня майго тэхнічнага прагрэсу ў 13 год — чорна-жоўты тэтрыс на DOS-аўскім кампутары. 

А так паводле сюжэту — тое ж мыла, толькі з жыцця 9 “А” класу. Праз апісаны вышэй эфект плюс асаблівасці сцэнарыя пачуваешся, нібы ты сядзіш там з імі. Размаўляюць на дзікім, канцэнтраваным маскоўскім дыялекце. Я такі раз на год чую, калі ў Ма-аскву выбіраюся, бо дыктары і іншыя персанажы на расійскім тэлебачанні размаўляюць збольшага літаратурна. Усё паказана ВЕЛЬМІ праўдападобна. У рускім інтэрнэце захлёбваюцца: ды што ж вы робіце, школа не такая, яна харошая — а я вось вам скажу: школа такая. У Беларусі, праўда, — з папраўкай на БРСМ ды іншую дзяржаўную ідэалогію.

Мяркую я не па сваёй школе — я вырасла ў парніку. Школьная форма, профільныя класы і ўсе дзялы. Ячэйкі БРСМ намаганнямі дырэктара няма і дагэтуль. Пасля 9 класа дырэктар збіраў паралель у актавай залі і казаў: усе адкіды павінны самі забраць дакументы для ПТВ або суседніх школаў, або ён іх выкіне сілай. Гэты нацызм прыводзіў да таго, што ў нас не было кампаніі паўкрымінальных, але рамантычна-абаяльных кепскіх мальцаў, якія зводзілі б малодшых дзевак. То бок, яны былі, але не рабілі надвор’я і ўрэшце мімікравалі пад “харошых”. Выдатнікаў і завучак ніхто не чапаў — іх вакол мяне была пераважная большасць. Быў гурток па “Што? Дзе Калі?”, ёпта! Праз гэты гурток мяне нават снежкамі ні разу не закідалі, як скончаную завучку, бо з намі туды хадзіў адзін разумны і кемлівы, але прыблатнены дваровы пацанчык, якога вельмі паважала школьная шпана, колькі яе там было. І ў першы дзень, калі выпаў снег у 9-м клясе і шпана ладзіла Пэрл-Харбар завучкам, ён пабачыў, што я ўваходжу ўва двор, выйшаў насустрач і правёў па двары, узяўшы за плечы, як сэк’юрыці ў галівудзкіх фільмах. Пры гэтым гучна размаўляў пра нешта цікавае нам абодвум. З таго часу да канца школы мяне не чапалі. Прынамсі, адкрыта.

У маім класе было 19 медалістаў з 29 чалавек і толькі адзін чалавек скончыў школу з “троешным” атэстатам. Усе 29 чалавек паступілі ў бэбібумны 1999 год у дзяржаўныя ВНУ або ЕГУ. Такі вось парнічок.

У верасні 2004 года ў мяне быў шанец “успомніць усё” і на пару месяцаў стаць вучылкай. Педпрактыка. Калі размяркоўвалі студэнтаў па школах, я была ў бажэсцвенным паходзе па Браслаўскіх азёрах. Сяброўкі запісвалі мяне праз мабільнік, які тады ўжо ў нас усіх быў, прычым абірала я не школу, а імя куратара — каб было менш праблемаў з справаздачамі. Месцам маёй практыкі аказалася педагагічная гімназія. Працаваць-вучыцца я ішла туды, як у чарговы парнічок.

Дык вось, серыял рэжысёркі Германікі для мяне — як вяртанне на педпрактыку. Спачатку хаос і малалеткі ў калідоры, потым малаўпраўляемы 9 клас, да якога мяне прымацавалі, потым — настаўніцкая з шампанскім у кубках ад гарбаты. Хіба што ў расійскім серыяле завуч не ўлятае ў кадр у эпілептычным прыпадку: "ХТО СКРАЎ ГІМН, ГЕРБ І ПАРТРЭТ З 25-ГА КАБІНЕТА? СРОЧНА ПАВЕСІЦЬ НА МЕСЦА!!!"

У серыяле галоўная дзейная асоба — 9 “А” клас. Туды прыходзіць разбітны новенькі, які, ледзь прайшоўшы вахту, атрымлівае па мордзе ад 10-класніка, а потым кіруецца ў хлапечую прыбіральню і наводзіць каля пісуараў даведкі, “які 9 клас самы нармальны”. Яму кажуць, 9 “А” самы нармальны, у 9 “Б” адны ўроды. Ён ідзе ў 9 “А”, хоць кажа, што ён сам урод, таму яго з іншай школы выгналі. У выніку нам паказваюць “нармальны” 9 “А”, і ўсё, пра што ты думаеш: “Божухна, а 9 “Б” тады які?”. У гэткім самым жаху была я, калі прышла на практыку. Два месяцы ў мяне пайшлі на тое, каб усведаміць: гэта не жывёлы, гэта нармальныя, адэкватныя беларускія падлеткі. Калі я ўжо адкрыла гэта для сябе напрыканцы педпрактыкі, я запрасіла аднакурсніц на пазакласнае мерапрыемства як асістэнтак. Аднакурсніцы скарысталіся з унікальнай магчымасці нашага года і засталіся на практыку ва ўніверы чытаць лекцыі першакурсьнікам, таму завітаць у школу ім было цікава. З мерапрыемcтва яны выпаўзалі:  “МАРТЫСЕВІЧ, ЭТА ЗЬВЯРЫНЕЦ!!!!” — мармыталі яны. 

Галоўнае, што я спасцігла з педпрактыкі: гэта проста выглядае, як звярынец. Калі сапраўды быць педагогам, то да кожнага з іх можна знайсці падыход, пабачыць індывідуальнасць і асобу. “Я лічнасть, я індівідуальнасть”, — самазадаволена і нахабна паўтараюць героі серыялу “Школа”, і гэта ляжыць блізка да ісціны... Клас, які падаўся маім сяброўкам звярынцам, быў з беларускай мовай навучання, ён складаўся пераважна з дзяцей журналістаў ды выкладчыкаў, некаторыя вучні ездзілі туды праз паўгораду. Сёння мама адной з вучаніц — мая начальніца ў “Новым часе”, а сама дзяўчынка часам піша для газеты. Не збірала інфармацыі, але думаю, у іншых “звяркоў” па чалавечых мерках таксама ўсё нармальна. І самае галоўнае, я такі пабывала ў 9 “Б”. Дакладней, у “маёй” гімназіі гэта быў 9 “В”. Сапраўды, вось дзе ўроды...

 



Са сметніцай на галаве

Галоўны момант абурэння з нагоды серыялу палягае, відаць, у канвенцыі крывадушша, якую заключаюць міжсобку дзеці ў школе. Гэта здольнасць імгненна пераўвасабляцца ў прысутнасці дарослага працавала ў педгімназі без збояў. Я мела магчымасць заўважыць гэта, бо была не настаўніцай, не дырэктарам, не школьным псіхолагам, не “радзіцелем”, а студэнткай-практыканткай. Вучні не прымалі мяне за “дарослую”. Я бачыла іх, і калі ў класе былі настаўнікі, і калі настаўнікаў не было. Гэта былі палярна розныя дзеці. У малодшых класах мяне вельмі абурала гэтая настаўніцкая слепата. Тваёй суседцы па парце надзяваюць сметніцу на галаву. Яна сядзіць і плача. Той, хто “на стрэме”, заўважае на калідоры настаўніцу. Сметніцу здымаюць і ставяць на месца. Настаўніца заходзіць у клас і выганяе дзяўчынку з уроку за тое, што прыйшла ў Храм Навукі брудная. Яе выганяюць, а ты маўчыш, бо калі нешта скажаш, на наступным перапынку сметніцу надзенуць на цябе. І крыўдуеш не на прыдуркаў-аднакласнікаў, а на настаўніцу, якая не дапёрла сваімі педунівераўскімі мазгамі, адкуль у Леначкі семкавае шалупінне ў валасах. 

У серыяле “Школа” гэтыя “чароўныя” пераўтварэнні паказаныя на “выдатна”. Дарослыя маюць магчымасць бачыць, як паводзяцца сённяшнія дзеці ў школе сам-на-сам. Паўтаруся, нармальныя дзеці. Не падонкі, а нармальныя маленькія грамадзяне сваёй краіны. Гэта такія парнічкі, як мая школа, хутчэй ненармальна. Як пішуць у расійскім інтэрнэце ў адказ на абурэнні бацькоў і дзядоў з бабулямі нейкія напаўпісьменныя юзэры,  “ша, взрослые, сідіте і смотріте как есть на самом деле”

Цалкам верагодна, я б абрала “звярынец” як будучае месца працы, калі б не наглядчыкі гэтага звярынцу. Вось акурат тое, што рабілася ў настаўніцкай, прыводзіла мяне, у сапраўдны жах. Тое, што ўвесь малады педсклад гуляў у КВН, і ў настаўніцкай размаўляў толькі пра гэта, а школу скарыстоўваў, як месца, дзе ляжыць працоўная кніжка, было яшчэ паловай бяды. КВН-шчыкі былі там найчалавечнейшымі педагогамі. Іх старэйшыя калегі былі збольшага тупымі, абмежаванымі і жорсткімі жанчынамі і мужчынамі, якіх даводзіў да шалу стрэс і нізкія заробкі. На нашы студэнцкія пытанні, як трымаць дысцыпліну ў класе, яны адказвалі:  “Крычыце на іх. Забірайце і рвіце кнігі, часопісы і сшыткі не па вашым прадмеце. Стаўце двойкі артамантам у журнал. Гэта не дзеці, гэта жывёлы”. І калі дзеці яшчэ спрабавалі здавацца настаўнікам лепшымі, чым ёсць насамрэч, то настаўнікі нават не спрабавалі хaваць ад вучняў сваёй злобы і агіды. 

Заткнуць гэтае чмо

Найбольш мяне абразіла сітуацыя, калі адна напаўпісьменная настаўніца (“А теперь, деті, рассмотрім с вамі поэзію Польверлена"), якая дамагалася добрага стаўлення ад вучняў тым, што “сябравала” з дзеткамі: какетнічала з хлопцамі і абмяркоўвала з дзяўчаткамі рушачкі, каханне ды серыялы, — скарыстоўвала практыкантак, каб падняць свой аўтарытэт у класе:  “Вы, Катя, урок ведіте, а я тут на задней парте стіхотвореніе поспрашіваю”. — “Оксана Сергеевна, заткніте это чмо, она мешает нам стіхотвореніе повторять!” Настаўнікі ў серыяле школа паказаныя таксама, як яны ёсць. 

Мне бязмежна пашанцавала з выдатнай настаўніцай рускай мовы і псіхалогіі, якая мной апекавалася. Але гэта быў адзіны вынятак, які пацвярджаў правіла.

 І асабліва гэты беларускі момант з убіваннем дзецям у галовы асноваў Ідэалогіі. Мой “звярыны” 9 “Г” ладзіў негалосны сабатаж школьнаму БРСМу. І за гэта я гэтых “жывёлаў”, як называлі іх у настаўніцкай, бязмежна паважала. Хоць, вядома, ж стаўленне да розных дзяцей было неадназначнае. І гэтая неадназначнасць таксама захоўваецца ў серыяле “Школа”. 9-класнік сустракае на калідоры школы свайго бацьку-алкаголіка: да малодшага вЫклікалі. Сын пачынае прычэсваць бацьку, дае яму жуйку, каб зажаваў перагар: “Сначала меня позоріл, теперь Федьку позорішь. Нет, денег на похмел не дам, откуда у меня, у нас что, кто-то, кроме матері, работает?” Потым ён здабывае ў сталоўцы лішнюю порцыю для малодшага брата, ідзе размова пра тое, што ў малога няма ранца, няма спартовай формы... “Не, не надо помогать, я сам малова одену”, — кажа ён сябрам. А потым крадзе ў аднакласніцы грошы і ідзе прапіваць іх у стрып-бар. І штодня б’ецца з аднакласнікам-каўказцам, бо “этот хач” надта ганарлівы: ”Оні дружіть не умеют, только воевать, оні это давно доказалі”.  

Праз паўгода пасля педпрактыкі мы здавалі дзяржаўны іспыт па методыцы выкладання мовы і літаратуры. Выкладчыца, якая сама немавед калі ў апошні раз выбіралася ў школу, вяшчала з кафедры:  “Важно не только ставіть культуру речі во время уроков русской літературы, важно отводть для этого отдельные занятія за счёт часов по русской літературе!” Я згадала, як адной суботай падрыхтавалася да двух урокаў у гімназіі, а мой клас знялі з заняткаў прыбіраць лісце вакол школы. Не вытрымала і разрагаталася. Яшчэ пяцьдзясят чалавек з патоку таксама рагатала. А шасцёра азіраліся і шыкалі:  “Замаўчыце, вы што, бальныя?” Гэтыя шасцёра праходзілі педпрактыку ва універсітэце.

Цяпер я вярнулася на школьную педпрактыку. Гляджу серыял выпяндрожнай маскоўскай тусоўшчыцы Валерыі Гай Германікі. Але наглядчыцай у звярынец не пайду. НІКОЛІ.

 




 

 #
я тоже проходила педпрактику (в гимназии, в лингвистическом классе), 2 года преподавала в качестве "саманастоящего" учителя польский и русский языки в трех школах (обычных и лицее). могу сказать, что все - ВСЕ - мои ученики были нормальными, адекватными (о родителях такого сказать не могу). самыми неуправляемыми, непостигаемыми и, признаться честно, неприятными для меня были 4-клашки, а не 10-11. со старшими можно было договориться по-деловому (нормальное поведение, выполнение минимума = зачет или хорошая оценка). были, конечно, и трения. я бы даже сказала тёрки. с вызыванием родителей и т.д. но это обычный школьный рабочий процесс. а в остальном, дети как дети. очень любят фокусы (в т.ч. филологические), игры, живое общение. самой любимой забавой были 5-минутные театральные ребусы, когда группка загадывала фразеологизмы в пантомиме, а остальные отгадывали. естественно, школьники ненавидят, как и взрослые, нудные лекции, нравоучения и психологическое давление и бунтуют, как умеют. в том числе и кнопками на стуле, и мусорками на голове, и нецензурщиной в адрес шкрабов. но к счастью, у нас была отличная методист по практике - научила нас не бояться своих классов. согласна, что самая жэсть - это бабский педколлектив. из-за "коллег" я кардинально поменяла работу. начиналось мелочными придирками, вроде " у вас журнал заполнен чернилами не того цвета", "вы Валентину Михайловну Валентиной Николаевной обозвали - она на вас в обиде". дошло до маразматических открытых уроков 3 раза в неделю с исписыванием килограммов бумаги и подготовкой дидактического материала за свой счет. вот с кем нужно учить работать на университетских лекциях - отдельным курсом вводить "Психологию отношений с педагогическом коллективе"! Потому что нормальными после 5-10 лет работы в школе остаются немногие. вообще нужно реабилитационный отпуск на полгода для педагогов придумать, в обязательном порядке отправлять. они должны воспитывать наше будущее, а на поверку вынуждены каждый день как на войну ходить в этот серпентарий, да еще и за гроши. если их унижает администрация, как же их станут уважать ученики? что то аж распереживалась от воспоминаний. пожалуй, "Школу" смотреть не стану - страшно столкнуться снова с прошлым.
 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Апошні нумар

Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
Грамадства
Грамадства
міжнародныя навіны

ЛІТБЕЛАРУСЬ

Відэа

maryjka's picture
Блог Марыйкі Мартысевіч "Нью Эйдж"
pulsha's picture
Блог Сяргея Пульшы
chvoin's picture
Блог Вольгі Хвоін "У трох соснах"
kiesnier's picture
Блог Генадзя Кеснера
chadyka's picture
Блог Аляксея Хадыкі

Аб'явы

Паважаныя сябры!

З 1 студзеня 2010 года Саюз беларускіх пісьменнікаў абвесціў новы конкурс на лепшы літаратурны твор, у якім асвятляецца вобраз жанчыны ў сучасным грамадстве і асэнсоўваюцца актуальныя гендэрныя праблемы.

На конкурс прымаюцца тэксты ўсемагчымых жанраў: паэзія, проза, драматургія, крытыка. Аўтарамі конкурсных твораў могуць быць і мужчыны, і жанчыны, і пачаткоўцы, і прафесіяналы.

Лаўрэатаў літаратурнага конкурса «Жанчына ў сучасным грамадстве», які будзе доўжыцца да 1 кастрычніка 2010 года, чакаюць прэміі, прызы і падарункі, а пераможца атрымае магчымасць выдаць свой тэкст асобнай кнігай!

Калі ласка, дасылайце свае творы на адрасы: паштовы – 220025, Мінск-25, а/с 91; электронны – sbp@tut.by.

Сакратарыят Саюза беларускіх пісьменнікаў