№ 199 (291) 18 траўня 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Ці ёсць дзвюхмоўе станоўчым чыннікам?
18 лютага ў Латвіі адбываўся рэферэндум па пытанні надання рускай мове статуса другой дзяржаўнай мовы. Варта адзначыць, што гэтаму плебісцыту надавалі даволі вялікую ўвагу расійскія сродкі масавай інфармацыі, прычым складвалася ўражанне, што пытанне дзяржаўнай мовы ў адной з краін Еўрапейскага Саюза з’яўляецца ледзь не самым важным для Расійскай Федэрацыі.
Расійскія СМІ і раней, і зараз пішуць, гавораць і паказваюць, што ў краінах Балтыі нібыта праводзіцца шалёная антыруская палітыка, што рускамоўныя меншасці гэтых дзяржаваў падвяргаюцца ціску па моўных прыкметах, а ў Латвіі рускамоўныя нават не маюць грамадзянства і права голасу, магчымасці ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны.
Па-першае, хто хацеў, той ужо даўно вывучыў мову тытульнай нацыі, здаў адпаведны экзамен, атрымаў грамадзянства і вядзе паўнавартаснае жыццё грамадзяніна Латвіі (тое ж можна сказаць і пра іншыя краіны, дзе ёсць руская дыяспара). І нацыянальнасць тут гуляе далёка не першую ролю. Ну, а калі першую скрыпку ў некаторых гуляе “нацыянальная” рыса – элементарная лянота, то няма чаго на люстэрка ківаць.
Што да дзвюхмоўя, то тут “найлепшым” прыкладам можа быць Беларусь. Пасля ініцыяванага “маладым прэзідэнтам” сумнеўнага рэферэндуму ў маі 1995 года руская мова атрымала статус другой дзяржаўнай у нашай краіне. І чым гэта абярнулася? А тым, што мова народа-носьбіта суверэнітэту, мова тытульнай нацыі на тэрыторыі сучаснай Беларусі апынулася не проста ў заняпадзе, але сталася практычна выкінутай з сферы ўжытку на дзяржаўным узроўні. Ні першыя асобы, ні так званыя народныя абраннікі ў палаце прадстаўнікоў роднай моваю не карыстаюцца.
Грэбуюць беларускай моваю і чыноўнікі ўсіх узроўняў, у абсалютнай большасці выпадкаў адмаўляюцца весці працэсы па-беларуску тутэйшыя суддзі. Амаль усё справаводства ў краіне ідзе на мове суседняе дзяржавы. Даходзіць да такога, што ўсходнія суседзі, прыязджаючы ў Беларусь, непрыхавана здзекуюцца з беларускай мовы.
Мала таго, за тое, што ў голас размаўляеш на беларускай мове, вельмі лёгка апынуцца ў пастарунку, бо некаторыя “асабліва дасведчаныя і адукаваныя” ахоўнікі правапарадку блытаюць дзяржаўную беларускую мову з мацернай. А іншыя бачаць у носьбітах роднае мовы ворагаў рэжыму і хапаюць іх пры нагодзе і без яе.
Не валодае беларускай мовай і старшыня афіцыйнага Саюза пісьменнікаў, тады чаму здзіўляцца, што на паліцах кніжных крамаў засілле рускамоўнай літаратуры, а беларускую кнігу трэба яшчэ адшукаць.
Вось гэта сёння рэальныя вынікі ўвядзення сямнаццаць год таму ў Беларусі дзвюхмоўя. Таму маё шчырае перакананне палягае ў тым, што ў дзяржаве павінна заставацца дзяржаўнай толькі мова тытульнай нацыі. Інакш мова народу, асабліва невялікага па колькасці, прыгаворана да вымірання. Спадзяюся, што латышы, як і эстонцы, літоўцы, украінцы гэта добра разумеюць. Таму ў гэтых краінах адзінай дзяржаўнай захоўваецца родная мова. Спадзяюся і на тое, што калісьці да гэтага прыйдуць і беларусы. Калі, канешне, яшчэ застануцца тыя, хто можа гаварыць на матчынай мове




















Пакінуць новы каментар