№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Спадчына дыктатара, які карміў кракадзілаў апазіцыянерамі
У хіт-парадзе самых брутальных дыктатараў у гісторыі адно з топавых месцаў па праву належыць Ідзі Аміну, які жалезнай рукой кіраваў афрыканскай краінай Угандай з 1966 па 1979 гады. Як сёння ставяцца ўгандыйцы да асобы Аміна? Ці існуе зараз палітычны рух сімпатызантаў былога лідэра? Пра гэта журналіст Алег Пятроў размаўляе з Мікібі Ссенгургоі Джэймсам, супрацоўнікам угандыйскай радыёстанцыі Central Broadcasting Service.
— Чаму брытанскія каланізатары зрабілі стаўку на Аміна ў якасці кіраўніка посткаланіяльнай Уганды? Вядома, што ўрад Яе Вялікасці зарлюшчыў вочы на дзяржаўны пераварот, які Амін арганізаваў у 1966 годзе, і нават падараваў яго арганізатару шыкоўны «Мерседэс».
— Як вядома, Амін не меў пачатковай адукацыі і зрабіў кар’еру як вайсковец (за падаўленне паўстання аднаго племені брытанцы далі яму чын лейтэнанта. Ва Угандзе толькі некалькі чарнаскурых даслужыліся да такога звання). Акрамя таго, Амін быў вядомы як чэмпіён па боксу. Так ці інакш, інтэлектуальна Амін быў слаба развіты. Мяркую, што якраз яго неадукаванасць і спадабалася Лондану. Яны так і называлі яго ў сваіх паперках — «добры футбаліст». У Лондане думалі, што змогуць лёгка кантраляваць цёмнага салдафона, аднак памыліліся. Амін з яго паранаідальнай псіхікай хутка выйшаў з-пад кантролю і нават пачаў выступаць супраць былых босаў.
— Вядома, што гісторыя рэжыму Аміна закончылася вайсковым канфліктам Уганды з суседняй Танзаніяй. Танзанійцы разбілі і акупавалі краіну, а сам Амін іміграваў. Як паводзілі сябе ўгандыйцы падчас інтэрвенцыі танзанійскага войска?
— Спачатку хацеў бы нагадаць, што наступствам эксперыментаў дыктатара стала адчувальная эканамічная эміграцыя, якая негатыўна паўплывала на гаспадаркі суседніх Кеніі і Танзаніі. Аднак цікава згадаць, што калі Танзанія актыўна дапамагала апазіцыі ўнутры Уганды (яна падтрымала паўстанцаў на мяжы з Угандай), дык Кенія наадварот заняла вельмі асцярожную пазіцыю «нейтралітэту». Што да вайны з Танзаніяй, то ўгандыйцы сустракалі танзанійцаў не як акупантаў, а хутчэй як вызваліцеляў. Супярэчнасць паміж прапагандай і рэчаіснасцю была занадта шакуючай. Гэтак, нягледзячы на тое, што пад каток тэрору патрапілі як мінімум 200 000 чалавек, сам дыктатар настойліва казаў міжнародным журналістам: «Ва Угандзе няма нават турмаў».
— Ці знаходзяць зараз людзі ва Угандзе нейкі пазітыў у тым, што рабіў Амін? Ці ёсць нейкая настальгія па часах дыктатара?
— Нягледзячы на тое, што Уганда вельмі далёкая ад стандартаў дэмакратыі і эканамічны стан жадае быць лепшым, ніякага жадання вярнуцца ў часы Аміна сярод грамадзян краіны няма. Думаю, што часам можна пачуць нейкія добрыя словы адносна пэўных фрагментаў амінаўскай эканамічнай палітыкі. Амін, як вядома, выгнаў з краіны ўсіх выхадцаў з Азіі. Азіяты кантралявалі галоўныя сектары гаспадаркі. Паколькі пасля іх сыходу сектар стаў вакантным, туды прыйшло шмат тутэйшых бізнесменаў. Узнік нейкі ўгандыйскі бізнес. Сёння ў краіну прыходзіць замежны капітал. Каб прыцягнуць інвестараў, урад стварае для іх розныя льготы. Гэта выклікае незадавальненне, і як следства — нейкія пазітыўныя ўспаміны пра часы Аміна. Аднак выкарыстоўваць рэцэпты кіравання гаспадаркай па-амінаўску ніхто не збіраецца. Усім вядомыя яе вынікі, калі, напрыклад, нацыянальны банк надрукаваў столькі грошаў, што яны проста страцілі кошт.
— Чаму калі Амін памёр у эміграцыі, улады не прывезлі ягонае цела на пахаванне на радзіму?
— Калі прыйшла навіна пра смерць Аміна з Саудаўскай Аравіі, дзе ён апошнія гады жыў у эміграцыі, наш урад быў у паніцы. Тэарэтычна, трэба было пахаваць Аміна на радзіме: тут у яго родныя і дзеці. Аднак, з іншага боку, было відавочна, што гэта закончыцца масавымі беспарадкамі. Ахвяры рэжыму абавязкова выйдуць на вуліцы. Пастаўце сябе на іх месца: у часы Аміна паліцыя мела права забіваць кожнага, хто падазраваўся ў сімпатыях да апазіцыі. Пры гэтым сям’я забітага павінна была плаціць грошы за тое, каб ім вярнулі цела родзіча для пахавання. Сітуацыю выратавалі, як не дзіўна, ісламскія законы, па якіх жыве Саудаўская Аравія. Адпаведна ісламскім нормам, цела нябожчыка мае быць пахаваным на працягу 24 гадзін. Паколькі родныя Аміна своечасова не звязаліся з Эль-Рыядам, арабы пахавалі яго самі.
— Чым займаюцца родзічы Аміна, якія засталіся ва Угандзе?
— Ва Угандзе засталіся сын і браты Аміна. Яны займаюцца нейкім бізнесам. Аднак маштаб іх дзейнасці дастаткова сціплы. Ніякай палітыкай родзічы Аміна не займаюцца. Як толькі не стала дыктатара, усе арганізацыі, якія яго падтрымлівалі, перасталі існаваць. Між тым, падчас дыктатуры якіх толькі прыхільнікаў Аміна ў нас не было! Ва універсітэце была нават кафедра, якая вывучала яго геніяльную тэорыю. Дзе зараз тыя прафесары-амінаведы, не ведаю.
Даведка: Ідзі Амін (1925–2003) — прэзідэнт Уганды ў 1971–1979 гадах. Адзін з самых жорсткіх дыктатараў у сусветнай гісторыі. Яшчэ пры жыцці абвясціў сябе пажыццёвым прэзідэнтам. Ахвярамі праўлення Аміна сталі да 500 000 чалавек. Каля 2000 чалавек ён забіў асабіста. Часта ахвяраў рэпрэсій скідвалі ў Ніл на абед кракадзілам.







.jpg)













Пакінуць новы каментар