/ Загадкі ўсходняй палітыкі

/ Загадкі ўсходняй палітыкі

Цікава было ў мінулы чацвер 4 чэрвеня назіраць за дыялогам беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і міністра замежных спраў і віцэ-прэм’ера Ізраіля Авігдора Лібермана, які наведаў нашу краіну ў суправаджэнні свайго дарадцы, былога амбасадара Ізраіля ў Беларусі Зеева Бен-Ар’е.
 
У выказваннях Аляксандра Лукашэнкі, трансляваных афіцыйнымі беларускімі СМІ, гучалі і “настальжы” па савецкай эпосе: “Мы нарадзіліся ў адной дзяржаве” (Ліберман, як вядома, выхадзец з Малдовы, якую пакінуў у 1978-м, у 20-гадовым узросце). І хваласпевы на адрас утворанай у студзені 1999 года Ліберманам пасля выхаду з “Лікуду” партыі “Наш дом Ізраіль” (“Мы сачылі за апошнімі выбарамі і жадалі вашай партыі поспехаў”).

Вядома, што партыя НДІ атрымала 15 месцаў у Кнесеце, заняўшы 3-е месца на выбарах 10 лютага 2009 года, непасрэдна пасля апошняй вайны, аперацыі “Літы свінец” у сектары Газа. Яна фінішавала пасля “Кадзімы” Цыпі Ліўні з 28 і “Лікуда” Беньяміна Нетаньяху з 27 абранымі прадстаўнікамі. І стварыла кааліцыйны ўрад з “Лікудам”, “Авадой” Эхуда Барака, партыямі “Шас” і “Байт Йегудзі”. У цэлым кіруючая кааліцыя ў палітычным спектры зрабілася больш правай. А пазіцыі самой НДІ многімі разглядаюцца як скрайне нацыяналістычныя.

Пацвярджаюць гэта і выказванні Лібермана пасля прызначэння міністрам замежных спраў у красавіку 2009 года. У іх прагучалі спробы рэвізіі як сусветнай палітыкі па стварэнні самастойнай арабскай дзяржавы ў Палесціне, так і прынцыпаў глабальных міжнародных дачыненняў. Больш няма “Вестфальскага міру”, сістэмы дамоўленасцяў паміж суверэннымі дзяржавамі, якая вызначала дыпламатычныя правілы гульні ў свеце тры з паловай стагоддзі. Ёсць “дзяржавы, паўдзяржавы і ірацыянальныя ўдзельнікі”. Да ліку апошніх побач з “Аль-Каідай” Ліберман адносіць Іран. Больш няма прынцыпу “дзвюх дзяржаў для двух народаў” у Палесціне, які падтрымліваў папярэдні ўрад Эхуда Ольмерта (пагадненні пры пасярэдніцтве ЗША ў Анапалісе ў 2007-м). Ёсць толькі “гарантыі бяспекі” самому Ізраілю паводле “дарожнай карты”, дыпламатычнай ініцыятывы 2003 года “Кадзіма” Цыпі Ліўні, папярэдняй міністра замежных спраў і прыхільніцы ўсё ж хутчэйшага замірэння з арабамі, ва ўрадавую кааліцыю сёння не ўваходзіць.

Затое сярод прыярытэтаў знешнепалітычнага ведамства Лібермана — невяртанне Сірыі Галанскіх высотаў (“мір з Дамаскам у абмен на проста мір”), блакаванне дзейнасці ХАМАС у Палесціне і “Хезбаллы” ў Ліване, і найперш супрацьдзеянне ядзернай праграме Ірана. Менавіта гэтыя тэмы ставіліся ў парадак дня падчас візіту Лібермана ў Маскву, што непасрэдна папярэднічаў яго прыезду ў Мінск, і сустрэчы з расійскім прэзідэнтам Дзмітрыем Мядзведзевым. Прынамсі, ідэю шырокай канферэнцыі па блізкаўсходняму ўрэгуляванню ў Маскве, якую высоўвае Расія, Ліберман ухваліў толькі без удзелу вышэйзгаданых арганізацый.

Гэта ж датычыцца і супрацоўніцтва з Іранам, што асабліва выразна прагучала ў Мінску. Падпісаўшы пагадненні пра супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і культуры, ушанаваўшы ахвяр другой сусветнай вайны на плошчы Перамогі і Халакосту ля мемарыялу “Яма”, пахваліўшы беларускія ўлады за вялікую ўвагу да святкавання 60-годдзя Ізраіля і “збалансаванасць пазіцыі беларускіх СМІ” падчас вайны ў Газе, Ліберман вярнуўся да іранскай тэмы. Тут і былі выказаны парады асцярожней ставіцца да сяброўства з краінай, якая “пагражае сцерці Ізраіль з твару зямлі” і адмаўляе Халакост, калі Беларусь мае жаданне палепшыць свае адносіны пры дапамозе Ізраіля не толькі з Еўропай, але і з ЗША. І паабяцаныя ў якасці перніка ізраільскія інвестыцыі ў 0,5 мільярда долараў ЗША ў беларускі праект парку высокіх тэхналогій. У дадатак, для ідэалагічнага забеспячэння сяброўства, выказана патрабаванне асаблівай увагі да забароны “рэвізіі ацэнак другой сусветнай вайны і пытанняў калабарацыі”. Ва ўмовах Беларусі — фактычна парада не спрабаваць бачыць рознабаковую праўду пра мінулае. Як у часы кандовай савецкай гістарыяграфіі: Вацлаў Іваноўскі, мінскі бурмістр часоў акупацыі — выключна здраднік, а не патрыёт, што ратаваў горад ад галоднай смерці і заслужыў любоў землякоў. Толькі таму што бурмістр. А яўрэйскі партызанскі атрад Бельскіх у Налібоках, як у нядаўна знятым галівудскім фільме “Выклік” — выключна героі супраціву. Толькі таму, што партызаны.

І падобна, што славутай “шматвектарнасці” беларускай палітыкі, асабліва распрацаванай пасля візіту прэзідэнта Ірана Ахмадзінежада ў Мінск у маі 2007 года, таксама канец? Бывайце, іранскія фінікі, лекі, “Саманды”, сабраныя на “Юніоне” ў Апчаку, бывай экспарт калійных угнаенняў, сінтэтычных вырабаў, МАЗаў з агульным таваразваротам на 140 мільёнаў долараў у 2008 годзе (і станоўчым сальда для Беларусі $73,5 мільёна) і супрацоўніцтва ў нафтавай сферы?

Але не ўсё так проста ў ідэалогіі, а тым больш у эканоміцы. Прапануем фінальны акорд, які прымусіць тэму гучаць іначай. Звернем увагу на наступныя акалічнасці візітаў Авігдора Лібермана ў Беларусь. Перадапошні адбыўся ў сярэдзіне другой дэкады лютага 2009 года, адразу пасля паспяховых для яго партыі НДІ ізраільскіх выбараў, але насіў яшчэ неафіцыйны характар. Цяжка сказаць, ці абмяжоўваўся тады Ліберман кантактамі з яўрэйскай абшчынай і падмацаваннем яе сувязяў з ізраільцянамі — выхадцамі з былога СССР, асновай электарату яго партыі на новай радзіме. Або ўсё ж неафіцыйна закранаў далікатную тэму пастаўкі тэхналогій ці зброі непрыязным Ізраілю арабскім краінам і Ірану. Але дэ-факта ў тыя ж дні ў Беларусі пабываў міністр гандлю Ірана Масуд Мір-Каземі. І 14 лютага ў яго сумеснай заяве з беларускім прэм’ерам Сяргеем Сідорскім прагучала аптымістычная нота пра “магчымае давядзенне ўзаемнага таваразвароту да 1 мільярда долараў”.

Што ж адбылося адразу пасля недвухсэнсоўных заклікаў наконт Ірана спадара Лібермана, ужо міністра замежных спраў Ізраіля, 4 чэрвеня? Увечары 8 чэрвеня 2009 года іранскае агенцтва Iran News (ІРНА) паведаміла пра сустрэчу беларускага пасла ў Іране Віктара Рыбака з намеснікам міністра гандлю і кіраўніком Арганізацыі развіцця гандлю Ірана Мехдзі Газанфары. Апошні заявіў пра планаванае падпісанне дамовы пра свабодны гандаль паміж двума краінамі з мэтай павелічэння таваразвароту і ўмацаванне гандлёвых сувязяў. Застаецца правесці перамовы і абмяняцца ўзгодненымі спісамі тавараў. Беларускі міністр таксама ўсяляк вітаў развіццё кантактаў.

У палітыцы няма сяброў — ёсць інтарэсы. У якую катэгорыю па класіфікацыі Лібермана — “дзяржавы, паўдзяржавы і ірацыянальныя ўдзельнікі”, — агучанай ім падчас інагурацыі міністрам замежных спраў сённяшняга ўрада Ізраіля ў красавіку 2009 года, трапляе Беларусь на фоне абмаляваных падзей? Праўда, Ліберман — далёка не апошні аўтарытэт, лічаць многія палітыкі нават у самім Ізраілі. Дэпутат ад апазіцыйнай зараз партыі “Кадзіма” Нахман Шай перакананы, што Ліберман “памыліўся міністэрствам”, і з яго заявамі яму больш падыходзіла б міністэрства абароны, чым замежных спраў”, бо “МЗС пестуе мір, а не вайну”.
 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Беларусы нагадалі пра "мірны атам" і палітвязняў

Краязнаўчы фестываль

 Беларускае Радыё Рацыя вярнулася ў літоўска-беларускі эфір

З 1 мая перадачы Радыё Рацыя можна пачуць на хвалях «Радыё з-над Віліі» (103,8 FM), якое транслюецца з Вільні.

Наша праграма гучыць з 21.30 па 22.00 літоўскага і беларускага часу. У будзёны дзень у ёй можна пачуць апошнія навіны Беларусі, актуальныя матэрыялы нашых карэспандэнтаў, а таксама расповеды пісьменніка Уладзіміра Арлова пра гісторыю Беларусі у цыкле перадач «Адкуль наш род». У суботу акрамя навінаў гучаць актуальныя культурніцкія матэрыялы і перадача пра гісторыю Гародні «Імёны Гародні». У нядзелю можна пачуць перадачы пра мастацтва, музыку, інтэрнэт, кампутары.

Слухаце Беларускае Радыё Рацыя на літоўска-беларускім памежжы.

Нашы беларускамоўныя перадачы будуць гучаць у эфіры «Радыё з-над Віліі» (103,8 FM) да 1жніўня.
 


 

ПАДРАБЯЗНЕЙ >>>


 

 ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”
У межах выканання праекта “Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці” ладзіць


Краязнаўчы фестываль

28 мая 2012 г.


Праграма фестывалю:


10.00 – 11.00   Рэгістрацыя ўдзельнікаў.
11.00 – 13.00 – дыскусійныя пляцоўкі па тэмах:
                1) Валанцёрскі рух на Беларусі: набыткі, поспехі, перспектывы.
                2) Ахова помнікаў як дзяржаўны клопат і як праява грамадзянскай пазіцыі.
                3) Перспектыўныя накірункі развіцця турызму ў Беларусі.

13.00 – 14.00 Абед

14.00 – 16.00 — Прэзентацыі, майстар-класы, кірмаш рамёстваў.
16.00 – 16.45 — Выступ этна-, фольк-выканаўцаў.
16.45 – 17.00 — Закрыццё фестывалю.


Мерапрыемства адбудзецца ў памяшканні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (вул. К.Маркса, 12, г. Мінск).


Запрашаем да ўдзелу!

Заяўку з указаннем формы ўдзелу (дыскусійная пляцоўка, або майстар-клас...) просім даслаць на эл. адрас siadziba@gmail.com з пазнакай – Фестываль.
Іншагароднім удзельнікам фестывалю гарантуецца аплата праезду і аплата выдаткаў на харчаванне.


Шаноўнае спадарства! Калі вы хочаце больш даведацца пра дзейнасць ТБМ, завітайце на наш партал: tbm-mova.by


 


ЯНЫ ВАС ЧАКАЮЦЬ!

Шэлі — ласкавая дзяўчынка з годным позіркам

 

Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, Шэлі захавала спакой і выхаванасць. Хоць выгляду Шэлі і грознага, але добра ставіцца да дзяцей. Ёй толькі тры гады, ростам каля 50 сантыметраў, тыгравай афарбоўкі. Рыхтуецца да стэрылізацыі.

 

Валанцёр прытулку «СуперПёс» гатова пазнаёміць вас з прыгажуняй Шэлі, тэлефануйце: 8-029-775 57 53 (Анастасія).

 


 

Шансі — ідэальная котка

 

Цяжка зразумець, як беспраблемную ва ўсіх адносінах котку вырашылі здаць у пункт адлову на Гурскага, 42. Але ж здалі… Зараз Шансі чакае свой другі шанец знайсці ўтульны дом і клапатлівых гаспадароў. Характар у яе проста анёльскі: даецца ціскацца, калі гуляецца — не драпаецца, дазваляе сябе вычэсваць. Ненавязлівая, ахайная, ходзіць у латочак.

 

Шансі 2,5 гады, стэрылізаваная, прышчэпленая ад шаленства. Мае шыкоўнае срэбна-шэрае футра з белай манішкай.

 

Шансі прынясе радасць у ваш дом! Тэлефануйце валанцёрцы прытулку «СуперКот» Кацярыне: 8-029-378 78 26.

 


 

Болей катоў і сабак — у каталогах на форуме прытулку “СуперКот” http://forum.superkot.com/