xxx

/ Які сцэнар чакае Кыргызстан

/ Які сцэнар чакае Кыргызстан

Замест таго, каб пасля рэвалюцыі бегчы з краіны, як гэта зрабіў Акаеў, Бакіеў нечакана аб’явіўся на поўдні Кыргызстана і ўпарта працягвае лічыць сябе адзіным легітымным кіргізскім кіраўніком. У сваю чаргу, новая ўлада баіцца ўжываць сілу ў мясцовасці, дзе Бакіеў карыстаецца значнай падтрымкай насельніцтва. Эксперты прагназуюць некалькі магчымых сцэнараў развіцця падзей у Кыргызстане.

Нагадаем цяперашні расклад сілаў: сталіцу Бішкек і большую частку краіны кантралюе сфармаваны пасля рэвалюцыі кааліцыйны Часовы ўрад. Чальцы ўраду актыўна дзеляць міністэрскія партфелі і фліртуюць з Масквой, Астаной і Вашынгтонам, дамагаючыся афіцыйнага прызнання. Між тым, на поўдні, у вотчыне былога прэзідэнта Бакіева, нічога не змянілася, там па-ранейшаму прызнаюць уладу прэзідэнта. Бакіеў вядзе дзіўную, аднак актыўную гульню: то праводзіць курултаі ў сваю падтрымку і адмаўляецца аддаваць паўнамоцтвы, то заяўляе пра гатоўнасць сысці ў адстаўку, патрабуючы за гэта гарантыі бяспекі. Дык што ж будзе далей?

Сцэнар першы

Бакіеў хутка складзе паўнамоцтвы і пакіне краіну. Нават калі б ён вельмі хацеў вярнуцца ў Бішкек, у яго няма для гэтага дастатковага рэсурсу падтрымкі ў сталічным рэгіёне. Яшчэ адзін фактар — пазіцыя Расіі. Як ні парадаксальна гучыць, рэвалюцыя была праведзена па замове Крамля. Маскву занепакоілі тэмпы нарастаючага сяброўства рэжыму Бакіева з Кітаем. Толькі за два гады праўлення Бакіева гандлёвы абарот паміж краінамі вырас у 12 разоў. А напачатку гэтага года адбыўся і ўвогуле гістарычны прарыў у кіргізска-кітайскіх адносінах. У студзені з візітам у Пекін прыбыў сын прэзідэнта Максім Бакіеў, які да апошніх падзей лічыўся ледзь не самым уплывовым чалавекам у асяроддзі свайго бацькі. Бакіеў-малодшы прапанаваў кітайскім партнёрам удзел у дабудаванні Камбарацінскай ГЭС–2, а таксама ў мадэрнізацыі вытворчасці крэмню, які прымяняецца ў сонечнай энергетыкі. Кантракты на гэтыя праекты кіргізскае кіраўніцтва раней абяцала падпісаць з расійскімі бізнес-структурамі. Злучаныя Штаты, у сваю чаргу, яшчэ з часоў “рэвалюцыі цюльпанаў” дапамагаюць дэмакратам.

Уся цяперашняя дзейнасць Бакіева — спроба выйграць час. За гэты час можна паспрабаваць вывезці з краіны нажытыя капіталы (некаторыя аналітыкі ацэньваюць багацце клану прыкладна ў 300 мільёнаў долараў) і дапамагчы пакінуць краіну бліжэйшым родзічам і сябрам.

Сцэнар другі

Бакіеў мае намер калі не паспрабаваць вярнуць уладу, то замацавацца на поўдні, чакаючы спрыяльных умоў для рэваншу. Сапраўды, галоўныя прычыны пераваротаў застаюцца. Гэта не вырашаныя сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя праблемы. Аднак галоўная ягоная надзея — супярэчнасці ў лагеры пераможцаў. Перамога стала сюрпрызам нават для лідэраў апазіцыі, якія не маюць стратэгічнага плану развіцця краіны. Акрамя таго, да гэтага часу ў іх шэрагах не вызначаны лідэр, які змог бы трымаць пад кантролем сітуацыю ў краіне. Зараз Часовы ўрад складаецца з прадстаўнікоў шэрагу партый. Аднак у бліжэйшай перспектыве верагоднасць распаду такой кааліцыі вельмі вялікая. Узгадаем, чым закончыліся іншыя кааліцыі, сфарміраваныя падчас каляровых рэвалюцый, — Юшчанка і Цімашэнка, Саакашвілі, Жванія і Бурджанадзе і г. д. Бакіеву застаецца дачакацца часу распаду і падтрымаць адну з фракцый. Магчыма, гэта не гарантуе яму вяртанне ў крэсла прэзідэнта, аднак захоўвае ягоны статус уплывовай палітычнай фігуры. Па вялікаму рахунку, іншага выйсця ў яго няма.

Якія перспектывы чакаюць Бакіева, калі ён зараз усё кіне і падасца ў эмігранты? Гэта будзе аўтаматычна значыць адмову ад пасады дэмакратычна абранага прэзідэнта. Следствам стане хуткае прызнанне цяперашняй улады ў Бішкеку з боку іншых дзяржаў у якасці адзінай легітымнай. І першае, што зробяць сябры Часовага ўраду, — пададуць на Бакіева ў міжнародны вышук за арганізаваныя ім расстрэлы мірных грамадзян.


Сцэнар трэці

Бакіеў, які спрабаваў гуляць на супрацьстаянні Расіі і ЗША, не карыстаецца стопрацэнтнай падтрымкай ні ў першым ні ў другім лагеры. Акрамя таго, і Вашынгтон і Масква хацелі б перш за ўсё бачыць блізкі да Афганістана Кыргызстан стабільнай зонай. У той жа час Кыргызстан у вачах усіх сатрапаў Сярэдняй Азіі ператварыўся ў нейкі жупел, падобны да таго, якім была якабінская Францыя для еўрапейскіх арыстакратаў. Навіны з Кыргызстана, калі меркаваць па каментарах на казахскіх форумах, выклікалі мноства надзей на палітычныя змены ў краіне. Тое ж самае і ва Узбекістане, дзе афіцыйныя СМІ дасюль нічога не кажуць пра пераварот у Бішкеку. Гавораць, што пад уплывам падзей у Кыргызстане таджыкскі прэзідэнт Рахмонаў перагледзеў кадравую палітыку — адмовіўся прызначаць на ўплывовыя адміністратыўныя пасады сваіх дзяцей і родных. Назарбаеву і Карымаву патрэбна стабільнасць у Кыргызстане. ЗША, Расія, краіны Сярэдняй Азіі могуць прапанаваць Бакіеву нейкія гарантыі бяспекі, каб толькі ён пакончыў з фрондай. У выпадку адмовы з ім можа адбыцца што заўгодна.

Сцэнар чацвёрты

Бакіеў карыстаецца падтрымкай на поўдні і можа паспрабаваць гуляць на гістарычнай канкурэнцыі кланаў поўдня і поўначы. Ён ужо выступіў з ідэяй перанесці сталіцу ў Ош. Такі варыянт найменш рэальны — без знешняй падтрымкі моцнага геапалітычнага акцёра дабіцца стварэння ў Сярэдняй Азіі мясцовага Прыднястроўя амаль немагчыма. Ніхто, акрамя, магчыма, радыкальных ісламістаў, не зацікаўлены ў дэстабілізацыі. Аднак тут усё залежыць не ад замежнікаў, а ад сяброў Часовага ўраду, якім трэба ўзгадніць баланс інтарэсаў паміж рознымі кланавымі і рэгіянальнымі групамі. Першапачатковай мэтай дадзеных дамоў будзе, вядома ж, недапушчэнне дамінавання якой-небудзь з гэтых груп. Калі тое не атрымаецца, у Бакіева ёсць шанец стаць рэгіянальным лідэрам.

Сцэнар пяты

Пакуль Бакіеў і Атунбаева змагаюцца за ўладу, бясспрэчным фактам застаецца беднасць насельніцтва Кыргызстана, якая і справакавала паўстанне. Нездарма Таласкі рэгіён, які апынуўся ў авангардзе паўстання, паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Кыргызстана, уваходзіць у тройку рэгіёнаў з самым высокім узроўнем беднасці. Ёсць вялікая верагоднасць таго, што шматлікія абяцанні новых улад так і застануцца абяцаннямі. Следствам можа стаць перафармаванне кіргізскай палітычнай сцэны, з’яўленне новай сілы. Такую ролю можа адыграць армія, якая пакуль займала нейтральную пазіцыю.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).